Бізнэсовец, культурмэнэджар, дзіцячы пісьменьнік
Сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва «Vondel/Hepta» і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў» нарадзіўся 14 верасьня 1974 году.
28 ліпеня 2020 году Аляксандар Васілевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 сутак арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.
28 жніўня 2020 году Васілевіча зноў затрымалі. На гэты раз прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. 4 верасьня 2020 году Васілевічу прад’явілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Прычына невядомая, бо з тых, хто мог бы яе назваць, узята падпіска аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва.
7 верасьня 2020 году праваабаронцы прызналі Аляксандра Васілевіча палітычным зьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўца The Village Беларусь Васілевіча прызналі «схільным да экстрэмізму» амаль праз год у СІЗАПакуль Аляксандар быў пад вартай, другога сьнежня 2020 году, у яго нарадзілася дачка Ўршуля. Для яе і першай дачкі Адэлі палітзьняволены піша і дасылае казкі. Дзевяць зь іх жонка Надзя Зелянкова выклала ў інтэрнэце электроннай кніжкай пад назвай «Папа і пінгвін».
«Хтосьці думае, але баіцца сказаць. Калі скажа, то можа быць пакараны. Другія больш баяцца нашкодзіць таварышам у групе, чым праявіць чалавечнасьць у адносінах да невядомых людзей. Трэція караюць другіх, паказваючы, што самі не заслугоўваюць пакараньня».
Казкамі пра ўнутраную свабоду назвалі чытачы гэтую кнігу. У простых гісторыях з галоўнымі героямі адбываюцца рэчы, якія змушаюць іх рабіць вечна стары і адначасна вечна новы жыцьцёвы выбар.
«Гэта як з дабром і сьвятлом. Змрок і сум наўкола. А ты робіш нешта добрае, хай і крыху. Добрыя ўчынкі. І сьвятла становіцца больш. Сьвет мяняецца. Хай нават і ня так хутка, як усе хочуць».
Дасылаючы кожную казку, аўтар пытаецца ў старэйшай дачкі Адэлі, ці спадабалася ёй, і наказвае абдымаць і любіць маму, сястрычку і бабулю, і сам прызнаецца ў любові.
Гуманізм гэтых твораў палітзьняволенага літаратара тлумачыцца ўсім ладам ягонага жыцьця і чыну.
Сябар сям’і Аляксандра Васілевіча блогер Яўген Ліпковіч расказваў у інтэрвію праваабаронцам: «Мы даволі часта зьбіраліся ў Сашы дома, сябруем семʼямі. У яго выдатная бібліятэка. Я вялікі аматар пакорпацца ў чужых кнігах, штосьці браў у яго пачытаць. Цяпер выявіў, што не вярнуў адну кнігу, нават сорамна стала».
Адукаванасьць і нацэленасьць усіх бізнэсовых праектаў на пашырэньне сфэры культуры робіць Аляксандра Васілевіча бясспрэчным прэтэндэнтам на пасаду міністра адпаведнага ведамства ў будучай Беларусі, упэўнены спадар Ліпковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсоўцу Аляксандру Васілевічу чарговы раз працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай«Ён выдатны мэнэджэр, які здолеў стварыць і разьвіць культурныя праекты з нуля, і — самае важнае — зрабіць іх прыбытковымі. Гэта неверагодная якасьць. Саша Васілевіч — адзінкавы тавар, унікальны чалавек, унікальная асоба. Я ні на сэкунду ня веру абвінавачаньням, якія супраць яго вылучаюцца, і вельмі ганаруся тым, што знаю яго і сябрую з Сашам. Сапраўдным Чалавекам».
У адной з казак Васілевіча пінгвін кажа: «Пайду дадому. Мяне адпусьцяць. Пару месяцаў пасядзеў, разабраліся, і адпусьцяць».
Самому аўтару ўпэўненасьці ягонага героя праз чатырнаццаць месяцаў зьняволеньня ўжо нестае. Жонка Васілевіча Надзя Зелянкова сказала на адной з прэзэнтацый кнігі, што апошнія ягоныя малюнкі, якімі аздобленая кніга, менш аптымістычныя, чым першыя.
У турме яму не хапае кантактаў з пасьпяховымі людзьмі. А гэта азмрочвае нават самых сьветлых людзей, — лічыць спадарыня Зелянкова.
Зьвестак пра ход справы Аляксандра Васілевіча няма, апроч таго, што тэрмін знаходжаньня пад вартай яму працягнулі яшчэ на два месяцы.
Пэрспэктывы ягонага жыцьцёвага і творчага лёсу невядомыя. Застаецца задача — вытрымаць і ня здацца. Каб былі новыя сілы на новыя праекты. І казкі. З хэпі-эндам. Таму штодзённа ён робіць дзевяцьсот адцісканьняў ад падлогі. Пра што напісаў у лістах да блізкіх.
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
- 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-ці штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня.
Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Адзначаць гэты дзень пачаў у 1981 годзе камітэт «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 году ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня камітэту «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:
«Пісьменьнікі павінны мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не павінны трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны павінны заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад пішучымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом зь пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў аднагалосна пацьвярджае, што мы працягнем змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Андрэй Аляксандраў: «Краты — толькі хэштэг»