Украіна з 1 лістапада зьбіралася купляць электраэнэргію ў Беларусі. Ці адбылося гэта?

Ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома Свабодзе, аб’яднаная энэргетычная сыстэма Ўкраіны пакуль не атрымлівае электраэнэргіі зь Беларусі, але ў той жа час Украіна прадае выпрацаваную на сваіх магутнасьцях энэргію ў эўрапейскія краіны.

Паводле Нацыянальнай кампаніі «Укренерго», у мінулыя суткі пастаўкі ажыцьцяўляліся ў тры краіны — Румынію (64 МВт на гадзіну), Славаччыну (133 МВт на гадзіну) і Вугоршчыну (150 МВт на гадзіну).

У той жа час анансаваныя на 1 лістапада закупкі электраэнэргіі ў Беларусі і Расеі так і не пачаліся. Як паведаміў старшыня парлямэнцкага камітэту энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус, дэпутат праўладнай фракцыі «Слуга народу», расейская кампанія «Интер РАО» спачатку прызначыла аўкцыён, але 21 кастрычніка яго скасавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна мае намер цалкам адвязаць нацыянальную энэргасыстэму ад Беларусі і Расеі

Беларуская кампанія «Белэнэрга» ўвогуле не праводзіла аўкцыёнаў для продажу электраэнэргіі.

«Станам на 1 лістапада з боку „Белэнэрга“ не было падпісана кантрактаў на продаж. І аўкцыёнаў (на продаж) таксама не было», — сказаў Свабодзе Андрэй Герус.

На пытаньне, ці ня зьвязвае ён такія дзеяньні «Белэнэрга» з магчымай кансалідаванай і ўзгодненай з Расеяй пазыцыяй, украінскі дэпутат адказаў: «Ня ведаю. Ня ўпэўнены, бо тады б Лукашэнка публічна не сьцьвярджаў, што пастаўкі будуць».

Паводле Андрэя Геруса, на ўзроўні прадстаўнікоў дзяржаў Беларусі і Ўкраіны перамовы аб экспарце-імпарце электраэнэргіі не ажыцьцяўляюцца.

«У нас працуе эўрапейская мадэль канкурэнтнага доступу да сетак. Адпаведна, пра набыцьцё гавораць тыя кампаніі, якія займаюцца пастаўкамі. У аўкцыёне (праведзеным „Укренерго“ на доступ да магутнасьцяў) удзельнічалі 16 кампаній, тры зь якіх выйгралі доступ да патокаў», — удакладніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэньне БелАЭС

Навошта Ўкраіне імпартная электраэнэргія

Сэзонныя закупкі электраэнэргіі за мяжой патрэбны Ўкраіне, каб збалянсаваць энэргетычны рынак у сувязі зь недахопам антрацытавага вугалю, на якім працуюць цеплаэлектрастанцыі. Дэфіцыт гэтага паліва зьявіўся пасьля пачатку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, дзе знаходзіцца большая частка шахтаў, на якіх здабываюць антрацытавы вугаль.

Паводле «Укренерго», у пачатку лістапада на аварыйны рамонт пераведзена 5 блёкаў ЦЭС і ЦЭЦ агульнай магутнасьцю 1,26 ГВт. Апроч таго, праз дэфіцыт вугалю на поўную магутнасьць ня могуць працаваць яшчэ 23 блёкі ЦЭС.

Запасы антрацытавага вугалю складаюць усяго 139,9 тысячы тон зь неабходных трох мільёнаў.

Раней антрацытавы вугаль пастаўляўся пераважна з Расеі, у тым ліку і той, што здабываецца на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі.

* * *

Нацыянальная кампанія «Укренерго» 27 кастрычніка правяла аўкцыён для рэзэрваваньня на лістапад доступу да міждзяржаўных ліній электраперадач між Беларусьсю і Ўкраінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна рыхтуецца да паставак электраэнэргіі зь Беларусі. Якія кампаніі будуць іх ажыцьцяўляць?

Найбольшую долю (885 МВт прапускной здольнасьці) атрымала дзяржаўная кампанія «Енергоатом». Гэта можа ўскосна сьведчыць аб тым, што Ўкраіна будзе купляць электраэнэргію зь Беларускай атамнай электрастанцыі.

Пастаўкі беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну будуць ажыцьцяўляць яшчэ чатыры прыватныя кампаніі — ТАА «ЕРУ ТРЕЙДІНГ» (5 МВт, уласьнікі — грамадзянін Украіны Яраслаў Мудры і грамадзянін ЗША Дэйл Уэсьлі Пэры), ТАА «ЕЛЕКТРО КОМ’ЮНІТІ» (15 МВт, уласьнік — Аляксандар Ткачэнка), ТАА «ЕЛЕКТРО УКРАЇНА» (50 МВт, уласьнік — грамадзянін Эстоніі Раам Арнэ), ТАА «СМАРТ ТРЕЙД ЕНЕРДЖІ» (50 МВт, уласьніца — грамадзянка Ўкраіны Марыя Раманюк).

Украіна плянуе з 2023 году працаваць у адзінай энэргетычнай сыстэме з Эўропай, адключыўшыся ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі. У лютым і ліпені 2022 году Ўкраіна мае правесьці экспэрымэнт па працы сваёй энэргетычнай сыстэмы ў адасобленым ад Расеі і Беларусі рэжыме. У гэтыя месяцы найбольшая нагрузка на энэргасыстэму і спажываецца найбольш электраэнэргіі.

Да гэтага часу Беларусь і Ўкраіна маюць вырашыць тэхнічныя пытаньні для забесьпячэньня электраэнэргіяй так званых тупіковых зонаў — некалькіх населеных пунктаў у беларускім і ўкраінскім памежжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адключэньне ўкраінскай энэргасыстэмы ад беларускай: якія рызыкі для памежжа і пры чым тут украінскі мільярдэр

Цяпер беларускія Церахаўка, Камарын, Макраны і Рыцец забясьпечваюцца электраэнэргіяй з Украіны, але для гэтага між дзяржавамі арганізаваныя так званыя тэхнічныя ператокі — беларуская энэргія паступае ва Ўкраіну, а з Украіны ўжо ў беларускія паселішчы. Пасьля таго як гэтыя лініі будуць заблякаваныя, Беларусь мусіць арганізаваць пастаўку электраэнэргіі на сваё памежжа зь беларускай энэргасыстэмы. Гэтыя тэхнічныя ператокі не залічваюцца ў гандаль электраэнэргіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прынялі ў прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк БелАЭС