Памятны знак у гонар палітвязьня Вітольда Ашурка ўсталявалі і асьвяцілі ў беларускай царкве ў Антвэрпэне 31 кастрычніка. На яго сабралі 3,5 тысячы эўра «ўсім сьветам».
Манумэнт выглядае як драўляная «сьцяна плачу», два мэтры ў вышыню. На ёй ёсьць партрэт Вітольда і пазначаныя гады ягонага жыцьця.
З адваротнага боку напісалі дзьве цытаты зь лістоў бярозаўскага актывіста:
- «Ваша нязломнасьць супрацьстаяць цемры і пошасьці натхняе слабых і дае надзею стомленым. Перамагае той, хто не здаецца!»
- «Мы не памерлі і не сышлі назаўжды. Мы вернемся! Мы абавязкова вернемся! Проста сёньня час быць героямі прыйшоў для вас».
Стварэньнем памятнага знака займаўся сьвятар Іван Майсейчык, які служыць у антвэрпэнскай царкве. На манумэнт людзі добрай волі сабралі ўсю неабходную суму — 3500 эўра.
Палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр у калёніі пры нявысьветленых абставінах, пахавалі 26 траўня ў ягонай роднай Бярозаўцы.
Вітольд Ашурак — грамадзкі і палітычны дзяяч зь Лідчыны. Крымінальная справа па факце сьмерці Вітольда не заведзеная, родныя дагэтуль ня ведаюць прычыны ягонай сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе аб сьмерці Ашурка Сьледчы камітэт спасылаецца на незавершаную мэдычную экспэртызу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты ад Вітольда Ашурка. «Сёньня час быць героямі прыйшоў для вас!»