«Значыць, недастаткова санкцый». Экс-міністар замежных справаў Літвы аб спыненьні беларускага транзыту мігрантаў у Эўропу

Вайскоўцы будуюць загароды на беларуска-літоўскай мяжы.

Міністар замежных справаў Літвы ў 2012-2020 гадах Лінас Лінкявічус, адзін зь вядучых палітыкаў у справе падтрымкі беларускай апазыцыі, называе сытуацыю на мяжы Беларусі і Эўразьвязу «гібрыдным крызісам».

У інтэрвію Ігару Сяўругіну для «Настоящего времени» ён расказвае, навошта Аляксандру Лукашэнку гэты «штучна створаны крызіс» і чаму яго нельга прадухіліць, проста адкрыўшы межы.

Накіроўваючы мігрантаў у Эўропу, Лукашэнка спрабуе ўзяць «рэванш» за санкцыі, уведзеныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і сілавога задушэньня пратэстаў у 2020 годзе, мяркуе экс-міністар. «Лукашэнка сам сказаў пра гэта праз пару дзён пасьля таго, як сагналі цывільны самалёт Ryanair (з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta Раманам Пратасевічам на борце) і потым увялі санкцыі супраць беларусаў, уключаючы кампанію «Белавія», — успамінае Лінкявічус.

У канцы траўня 2021 году Лукашэнка заявіў, што Беларусь раней служыла бар’ерам на шляху перакідваньня нелегальных мігрантаў і наркотыкаў у Літву, і дадаў: «Цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць».

«Так ён хоча ствараць як мага больш цяжкасьцяў для ЭЗ, асабліва для дзяржаваў, якія мяжуюць зь Беларусьсю, — працягвае Лінкявічус. — Гэтая практыка працягвалася да пачатку жніўня, але потым неяк гэты плян затрымаўся, але мы ўсё роўна бачым, што пошук іншых спосабаў працягваецца, і ня бачым канца гэтай правакацыі».

Ахвяраў сярод мігрантаў можа стаць яшчэ больш

У верасьні траіх мігрантаў знайшлі мёртвымі ў прымежнай зь Беларусьсю зоне Польшчы і яшчэ адну жанчыну на беларускім баку. Варшава расьсьледуе іх гібель і абвінавачвае Менск у «арганізаванай акцыі». Цела яшчэ аднаго мігранта было знойдзена ля літоўска-беларускай мяжы ў кастрычніку. У будучыні ахвяраў можа аказацца яшчэ больш, лічыць Лінкявічус.

«Калі яны (улады Беларусі) не адмовяцца ад гэтых правакацыйных мэтаў, такіх зыходаў будзе яшчэ больш. Гэтыя людзі зьяўляюцца ахвярамі, але ў той жа час яны наўмысна парушаюць закон, перасякаючы мяжу. І карыстаючыся гэтым выпадкам, спрабуюць трапіць у Эўропу. На жаль, большасьць уцякаюць не ад вайны, як яны кажуць, а ўсё ж да лепшага жыцьця, што таксама можна растлумачыць. Але ўсё гэта трэба рабіць легальна, таму што міграцыя не зьяўляецца злачынствам, гэта права чалавека, але гэта павінна адбывацца па законах», — заключае экс-міністар.

Трапіўшы ў ЭЗ, шматлікія мігранты адпраўляюцца ў Нямеччыну. Большасьць — праз Брандэнбург. Са студзеня па ліпень у гэты горад беларускім маршрутам трапілі ўсяго 26 чалавек, са жніўня лік пайшоў на тысячы.

«Закрываючы вочы на ўсё гэта, мы адкрываем яшчэ адзін шлях для таго, каб парушаць закон, і, на жаль, гэты працэс ні да чога не прывядзе. Самае лёгкае рашэньне — вядома ж, адкрыць мяжу, прапускаць усіх, хто імкнецца трапіць у Нямеччыну і Швэцыю. Але мы ня лічым гэта слушным», — кажа Лінкявічус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Або Польшча, або сьмерць». Што кажуць мігрантам беларускія памежнікі

Чаму зьняцьце санкцый не дапаможа

Вырашыць праблему можна, дамовіўшыся з уладамі краінаў, зь якіх бягуць мігранты, лічыць экспэрт: «Мы супрацоўнічаем з урадам Іраку, і яны таксама вельмі станоўча глядзяць на гэтыя кантакты, але, вядома, яны не даюць пакуль ніякіх вынікаў, увесь гэты наплыў не спыняецца». «Трэба шмат намаганьняў, каб пераканаць ірацкія авіялініі спыніць палёты з Багдаду ў Менск. Але ёсьць і іншыя транзытныя шляхі: праз Стамбул і гэтак далей».

Мігранты ў цэнтры Менску

Яшчэ адзін спосаб паўплываць на Лукашэнку — далейшыя эканамічныя санкцыі, кажа Лінкявічус: «Калі мяне пытаюцца наконт санкцый, што яны неэфэктыўныя ці то супраць Беларусі, ці то супраць Расеі, я заўсёды кажу: „Значыць, недастаткова санкцый“. Паколькі калі мы паглядзім на гэты ліст, на асобаў, якія туды ўключаныя, то сьпіс кароткі і, напэўна, ня вельмі эфэктыўны. Добра, што ў чацьвёртым пакеце [санкцый ЭЗ] ужо зьявіліся нейкія эканамічныя сэгмэнты. Але ўсё роўна трэба ісьці далей, так што санкцыі таксама запрацуюць».

«Санкцыямі можна ствараць умовы для пераменаў — рэжым не павінен спадзявацца на тое, што ён будзе легітымізаваны, паколькі вялікая надзея, што больш за год прайшло і ўсе, напэўна, стомяцца і прызнаюць гэты ўрад як легітымны. Яшчэ відавочна, на што яны спадзяюцца: гэта гандаль палітычнымі зьняволенымі ці гэтыя намёкі, што яны маглі б заняцца гэтымі мігрантамі, але ня могуць гэтага рабіць, паколькі ўведзеныя санкцыі. Мы памятаем, што гэта не працуе. Цяпер вельмі важна пасьлядоўна паводзіць сябе ў адносінах да гэтага рэжыму, трымацца цьвёрда, і іншага шляху тут няма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі транзыт уцекачоў у Нямеччыну. Як ён працуе і як яго спыніць

Праблемы Беларусі павінны вырашацца ўнутры краіны

Апошнім разам Лінкявічус наведваў Менск у сакавіку 2020 году, яшчэ быўшы міністрам замежных справаў Літвы. Тады ён адчуў, што «ідуць перамены і ёсьць нейкі дыялёг паміж уладай і апазыцыяй». Сфальсыфікаваўшы вынікі выбараў і разбурыўшы гэты дыялёг, Лукашэнка пазбавіў краіну сувэрэнітэту, лічыць дыплямат.

Выйсьце з гэтай сытуацыі могуць знайсьці толькі самі беларусы, кажа ён: «Ніхто звонку не прынясе новага парадку. Мы ня маем права ўплываць на ўнутраную сытуацыю гэтай краіны, але ёсьць тое, што ня мае межаў: гэта парушэньні правоў чалавека, злачынствы супраць людзей». Мы, безумоўна, ня можам маўчаць і дапамагаем каму можам".

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя абвінаваціла сям’ю Лукашэнкі ў арганізаваным гандлі людзьмі