Аднак статыстыка паказвае, што сьмяротнасьць людзей з анкалягічнымі хваробамі ў стацыянарах у 2020 годзе рэзка вырасла, піша партал Zerkalo.
Летась колькасьць людзей, у якіх упершыню выявілі злаякасныя новаўтварэньні, зьнізілася на 11,2 тысячы — з 54,2 да 43,4 тысяч чалавек, паказана ў статыстычным зборніку аховы здароўя за 2020 год, які апублікавалі ўлады, але потым ён зьнік з адкрытага доступу. Да гэтага апошнія 15 гадоў іх колькасьць пастаянна расла.
Гэты факт ужо пракамэнтаваў Аляксандр Лукашэнка словамі «дай Бог, каб COVID быў лекам ад анкалягічных захворваньняў». Але калі паглядзець на лічбы больш уважліва, сытуацыя не выглядае як знаходка леку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа ковід лячыць рак, як мяркуе ЛукашэнкаНа канец мінулага году ў краіне было 319 тысяч чалавек са злаякаснымі пухлінамі. Годам раней такіх людзей было 315 тысяч. Ведаючы гэтыя дадзеныя і колькасьць новых выяўленых выпадкаў раку ў 2020 годзе, можна прыйсьці да высновы, што за той год «выбылі», гэта значыць ачунялі ці памерлі 39,3 тысячы чалавек з такім дыягназам. Годам раней выбыўшых з статыстыкі анказахворваньняў было 42 тысячы.
Сяргей Красны таксама паведамляў, што ў мінулым годзе зьнізілася анкасьмяротносьць. Убачыць гэтую інфармацыю ў статыстыцы пакуль немагчыма: калі раней у зборніку паказвалі дадзеныя па сьмяротнасьці ад розных хваробаў, то за 2020 год гэтая інфармацыя адсутнічае. Але ў зборніку ўказана лятальнасьць пры асобных захворваньнях у стацыянарах краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чацьвёртую хвалю сустракаем, як і першую». Доктар Мартаў — пра цану хлусьніУ мінулым годзе пры ракавых хваробах яна была прыкметна вышэйшая, чым да гэтага некалькі гадоў запар: 3,41% ад выбыўшых. Для параўнаньня: у 2019 годзе гэты паказчык быў 2,77%, а ў два папярэдніх яму гады яшчэ ніжэйшы.
Zerkalo нагадвае, што летась у цэлым рэзка вырасла бальнічная сьмяротнасьць. Калі ў 2019 годзе яна складала 1,43%, то ў 2020-м — 2,51%. Да гэтага на працягу пяці гадоў бальнічная лятальнасьць вагалася паміж 1,22% і 1,43%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анколяг тлумачыць, чаму хворым на рак трэба рабіць вакцыну супраць каранавірусу ў першую чаргу