У ноч на 22 кастрычніка ўкраінскія памежнікі спынілі Юрыя Васкрасенскага, які зьбіраўся выехаць у Кіеў, паведамляе тэлеграм-канал дзяржаўнай тэлевізіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня сталі на шлях выпраўленьня». Адміністрацыя Лукашэнкі патлумачыла, чаму памілавалі ня ўсіх са «сьпісу Васкрасенскага»Паводле самога Васкрасенскага, гадзіну ён чакаў на мяжы, а потым у пашпарце яму паставілі забарону на ўезд ва Ўкраіну да 2024 году. На фатаздымку, разьмешчаным БТ, Васкрасенскі паказвае пашпарт з гэтай забаронай.
У інтэрвію тэлеканалу АНТ Васкрасенскі заявіў, што яго нібыта запрасілі ў Кіеў на перамовы аб пастаўках беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну.
«Сёньня ў ноч выехаў ва Ўкраіну на запрашэньне ўкраінскіх дэпутатаў перагаварыць і абмеркаваць пытаньні, датычныя аўкцыённай пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ва Ўкраіну. Я быў запрошаны ў Кіеў, туды ехаў, але, калі заехаў на памежную заставу, здарылася нешта незразумелае. Яны пачалі вывучаць мой пашпарт, кудысьці сышлі. На працягу гадзіны я сядзеў у адмысловым пакоі, і праз гадзіну мне вынесьлі пашпарт зь пячаткай, што мне забаронены ўезд ва Украіну да 2024 году», — сказаў Васкрасенскі ў інтэрвію АНТ.
Інфармаваная крыніца Свабоды ў праваахоўных органах Украіны паведаміла, што рашэньне аб забароне на ўезд ва Ўкраіну праз пагрозу нацыянальнай бясьпецы ўхваляюць некалькі ведамстваў, у тым ліку Дзяржаўная міграцыйная служба, Дзяржаўная памежная служба, Служба бясьпекі і Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны.
«Наколькі мне вядома, такое рашэньне ў дачыненьні да Юрыя Васкрасенскага ўхваліла СБУ, а ўжо пры ўезьдзе ва Ўкраіну ў ноч на 21 кастрычніка памежнікі паставілі яму штамп аб забароне на ўезд і выдалі пратакол, у якім паведамлена аб прычынах такой забароны», — удакладніў суразмоўца Свабоды.
У СБУ і Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны пакуль гэтае рашэньне не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі патлумачыў, чаму ўлады адмовіліся ад ідэі амністыі палітвязьняўБылы сябра каманды Віктара Бабарыкі перайшоў на бок Лукашэнкі, яго вызвалілі зь СІЗА, цяпер ён займаецца пасярэдніцтвам у справе «амністыі» палітвязьняў узамен на пісьмовыя пакаяньні. Зь першай сотні кандыдатаў на вызваленьне былі ўхваленыя 13 чалавек, а разгляд другой яшчэ не пачынаўся.