Пра рашэньне Свабодзе паведаміў старшыня руху Юрась Губарэвіч. Падставай стала другое папярэджаньне, вынесенае арганізацыі цягам году.
Папярэдняе пасяджэньне ў справе ў Вярхоўным судзе прайшло 18 кастрычніка. 14 ліпеня ў цэнтральным офісе арганізацыі ў Менску прайшоў ператрус, пасьля чаго памяшканьне апячаталі. працэс пачаўся яшчэ летам, у ягонай аснове папярэджаньне Мінюста.
Старшыня арганізацыі Юрась Губарэвіч пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне суду:
«Фармальнае пазбаўленьне легальнага статуса арганізацыі не здольнае забраць у актывістаў Руха пачуцьцё веры ў слушнасьць абранага шляху, салідарнасьць і ўзаемападтрымку сяброў Руху. Гэтак жа ня сыйдзе ў нябыт усё тое станоўчае, што было зроблена за 15-ці гадовую гісторыю дзейнасьці арганізацыі.
Ад моманту стварэньня, Рух «За Свабоду» ставіў выразныя палітычныя мэты. Мы працавалі на пабудову новай, сучаснай, эўрапейскай Беларусі. У 2020 годзе мы ўсе адчулі, што гэтыя мэты падзяляе велізарная частка беларускага грамадзтва.
Мы нясем адказнасьць за лёс краіны і разумеем той факт, што без кардынальных зьменаў у Беларусі аднаўленьне легальнай дзейнасьці не магчыма. У новай Беларусі Рух «За Свабоду» атрымае легальны статус палітычнай партыі якая на ўсіх узроўнях выбарных органаў улады будзе прадстаўляць інтарэсы пра-эўрапейска арыентаванай часткі грамадзтва. Мы працягнем рабіць усё магчымае, каб гэты час як мага хутчэй прыйшоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пачаў разгляд пазову аб ліквідацыі руху «За свабоду»Свабода згадвае, чым адметны рух.
Быў заснаваны ў 2006 годзе Аляксандрам Мілінкевічам
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч вырашыў заснаваць новую арганізацыю. Першых актывістаў пачалі запісваць на менскіх вуліцах 25 сакавіка 2006 году, у Дзень Волі.
Устаноўчы зьезд руху, на якім за старшыню абралі спадара Мілінкевіча, прайшоў 20 траўня 2007 году ў Горадні.
Міністэрства юстыцыі чатыры разы адмаўляла руху ў рэгістрацыі
Пасьля чатырох адмоваў цягам двух з паловай гадоў 17 сьнежня 2008 году Міністэрства юстыцыі ўсё ж зарэгістравала Праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Рух „За Свабоду“».
Стратэгічныя мэты руху «За свабоду», як запісана ў ягоным статуце, — гэта свабодныя выбары ў Беларусі, абарона незалежнасьці, давядзеньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі да эўрапейскіх стандартаў з наступнай інтэграцыяй Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз.
На парлямэнцкіх выбарах 2016 і 2019 гадоў вылучалі па 90 кандыдатаў
Рух быў ініцыятарам шматлікіх палітычных кампаній. «Народная праграма» ў 2011 годзе выпрацоўвала канцэпцыі рэформаў з дапамогай экспэртаў і шырокага грамадзкага абмеркаваньня. «Народны рэфэрэндум» у 2013 годзе павінен быў вызначыць, як разьвівацца краіне. Было сабрана 120 тысяч подпісаў грамадзянаў за рэфэрэндум. Рух таксама выступаў (сам ці поруч зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі) ініцыятарам кампаній «Права выбару», «Страху няма!», «Байкот 101» ды іншых.
Актывісты руху бралі актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарчых кампаніях 2016 і 2019 году. Да прыкладу, ад руху ў 2019 годзе было вылучана каля 90 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Большасьць зь іх не зарэгістравалі.
Лідэр руху Юрась Губарэвіч вылучаўся і ў кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Аднак 19 чэрвеня зьняў сваю кандыдатуру, бо «ў цяперашняй выбарчай кампаніі не засталося і рэшткаў законнасьці», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юры Губарэвіч зьняўся з прэзыдэнцкіх выбараўУ 2008 годзе заснаваў прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава
Прэмія «За свабоду думкі» ўручаецца штогод на радзіме народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну ў дзень нараджэньня пісьменьніка — 19 чэрвеня.
Ляўрэатамі прэміі ў розныя гады былі Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў, Павал Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі, Аляксандар Белакоз, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Марачкін, Віктар Шалкевіч, Ніл Гілевіч.
У 2016 годзе Рух заснаваў прэмію імя Віктара Сырыцы, баранавіцкага краязнаўцы і гісторыка. У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся: Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў — за арганізацыю музычнага фэстывалю ў гонар Яна Чачота, Эдыта Бранцэвіч са Смаргоняў — за стварэньне беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку, Хрыстафор Жаляпаў — за правядзеньне канфэрэнцыі «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць».
Вострая барацьба за крэсла старшыні: Губарэвіч перамог Лагвінца зь перавагай у 8 галасоў
У 2016 годзе адбыліся перавыбары кіраўніка руху «За свабоду» — Аляксандар Мілінкевіч пасьля 10 гадоў старшыняваньня склаў свае паўнамоцтвы. Новым старшынём руху «За свабоду» абралі Юрася Губарэвіча. За яго прагаласавалі 59 з 115 дэлегатаў справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі. За галоўнага апанэнта Губарэвіча — Алеся Лагвінца — прагаласаваў 51 дэлегат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшынём руху «За свабоду» абраны Юрась ГубарэвічВечарыны памяці Вацлава Гавэла
З 2012 году рух «За свабоду» ладзіць імпрэзы ў памяць выбітнага драматурга, публіцыста і праваабаронцы, апошняга прэзыдэнта Чэхаславаччыны і першага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла.
Вечарыны традыцыйна праходзяць блізка да даты абвяшчэньня чэхаславацкай «Хартыі-77» (6 студзеня 1977 году Гавэла арыштавалі за подпіс пад гэтым знакамітым дакумэнтам). Вядомыя беларусы чытаюць урыўкі з п’есаў Гавэла, выступаюць чэскія дыпляматы, а таксама літаратары, музыкі.
У 2010 годзе Гавэл узяў удзел у акцыі Радыё Свабода — зачытаў у эфіры імёны палітрэпрэсаваных удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Вядомыя ягоныя словы: «Беларусь без Эўропы ня будзе паўнавартаснай краінай, як і Эўропа безь Беларусі ня будзе паўнавартасным аб’яднаньнем».
Палітвязьні — актывісты руху: блогер Сьпірын, праваабаронца Няпомняшчых
Шмат актывістаў руху «За свабоду» прызнаныя палітвязьнямі. Многія ўжо адбываюць пакараньні ў беларускіх калёніях за акцыі пратэсту пасьля выбараў 2020 году.
Гарадзенскі абласны каардынатар руху Вітольд Ашурак быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі за дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама за гвалт над міліцыянтам.
21 траўня 50-гадовы Вітольд Ашурак раптоўна памёр у Шклоўскай калёніі нібыта з прычыны спыненьня сэрца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У шклоўскай калёніі, дзе памёр Вітольд Ашурак, зьняволеныя скардзяцца на холадВядомы блогер Павал Сьпірын быў асуджаны на 4,5 года калёніі паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу — за распальваньне варожасьці.
Гомельскі праваабаронца Ўладзімер Няпомняшчых атрымаў 2,5 года пазбаўленьня волі за публічную абразу пракурора (артыкул 369 КК) і гвалт або пагрозу ў дачыненьні да службовай асобы (артыкул 366 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеру Паўлу Сьпірыну прысудзілі 4,5 года калёнііПератрусы, праверкі, папярэджаньні: працэдура ліквідацыі пакуль адкладаецца
У сярэдзіне ліпеня 2021 году распачалася комплексная праверка дзейнасьці руху. 13 ліпеня Мін’юст выняў дакумэнты; 14 ліпеня Сьледчы камітэт зладзіў ператрус і апячатаў офіс; 19 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці, 30 ліпеня заблякаваны банкаўскі рахунак. Прычына — Міністэрства юстыцыі нібыта мае сумненьні ў сапраўднасьці пратаколу, якім прынята рашэньне аб зьмене юрыдычнага адрасу руху, бо частка ўдзельнікаў паседжаньня адсутнічала ў Беларусі. Рух праводзіў сход онлайн, згодна з рэкамэндацыямі таго ж міністэрства.
18 кастрычніка Вярхоўны суд пачаў грамадзянскае вядзеньне па ліквідацыі руху. Аднак кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, у сваю чаргу, падаў скаргу ў Вярхоўны суд і будзе аспрэчваць папярэджаньні Мін’юсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пачаў разгляд пазову аб ліквідацыі руху «За свабоду»Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.