Аднак такія погляды хлопец меў не заўсёды. Аб ранейшым стаўленьні да апазыцыі, пераасэнсаваньні сытуацыі ў краіне, сваёй матывацыі ўдзелу ў пратэстах, затрыманьнях і вучобе ў вымушанай эміграцыі Сяргей Верамяюк расказаў Свабодзе.
«Думаў, што апазыцыя – гэта калябаранты»
«Раней я думаў, што ў краіне ўсё добра. Успрымаў пратэсты ў Беларусі як нейкую каламуць. Лічыў, што ўсе, хто гаворыць па-беларуску, – апазыцыя. А з часоў школы ў мяне ў галаве адклалася, што гэта калябаранты, – апавядае 23-гадовы Сяргей Верамяюк. – Думаў, што ўсе яны супраць нашай дзяржавы і гісторыі. А тэма Вялікай Айчыннай вайны для мяне была вельмі важнай, мой прадзед ваяваў. Сам я 5 гадоў стаяў на пасту ля Вечнага агню Берасьцейскай крэпасьці. Быў такім патрыётам-патрыётам, як мне здавалася».
Сяргей кажа, што вучобу за мяжой не разглядаў. Пасьля заканчэньня школы паступіў у БНТУ на мэханіка-тэхналягічны факультэт. У 2018 годзе атрымаў тытул найлепшага студэнта, пастаянна ўдзельнічаў у розных унівэрсытэцкіх фэстывалях і конкурсах. Аднак частку зь іх сёньня Сяргей ацэньвае крытычна.
«Часта праводзіліся сапраўды выдатныя мерапрыемствы на высокім узроўні. Але бывалі, напрыклад, такія: «Беларусь моцная, Беларусь вольная». Было відаць, што ўсе найграна, для галачкі, як той казаў: гэтыя ўсьмешкі, дзядзькі ў касьцюмах з адміністрацыі…»
На 3 курсе хлопец паехаў па студэнцкім абмене ў Польшчу. Гаворыць, зрабіць гэта ад БНТУ было практычна немагчыма.
«Кіраўніцтва па-рознаму ставіла нам палкі ў колы – загады падпісвалі ў апошні момант. Прымушалі ўвесь час нешта перарабляць. Напрыклад, мы пішам у заяве: «Я хачу паехаць у палітэхніку горада Любліна». Ляжыць гэтая папера ў рэктара тыдзень, потым нам яе вяртаюць і кажуць: «Перапішыце, не «палітэхніка горада Любліна», а «Люблінскі тэхнічны ўнівэрсытэт». Плюс у нас забралі стыпэндыю, гэта чамусьці было адной з умоваў паездкі. Паперы мы пачалі зьбіраць у сакавіку, а дакумэнты з усімі подпісамі атрымалі на рукі ў канцы жніўня. Пры тым, што віза робіцца да 60 дзён».
Па словах Сяргея, за час паездкі ён адчуў моцны кантраст паміж вучобай у Польшчы і Беларусі.
«У польскіх унівэрсытэтах цябе ніхто не чапае, маўляў, ты чалавек ужо дарослы, хочаш – вучысься, хочаш – не. Не пасьпяваеш – адлічваюць. У Беларусі такога няма, увесь час за табой ходзяць з фармулёўкай «ты павінен», а гэта якраз дэматывуе».
Сяргей кажа, вучоба за мяжой дапамагла яму пераасэнсаваць шматлікія рэчы, якія адбываліся ў БНТУ.
«Фармальных мерапрыемстваў станавілася ўсё больш. І, калі я прыехаў зь Любліна, зразумеў, што не хачу ўжо ў гэтым удзельнічаць. Было адчуваньне, што мяне выкарыстоўваюць. Я сталеў, у мяне расплюшчваліся вочы на дэталі, якіх я раней не заўважаў».
«Там вадамёты, сьвятлашумавыя гранаты. Я не разумеў, навошта, як, што я асабіста зрабіў»
На выбарах 2015 году Сяргей прагаласаваў за Аляксандра Лукашэнку. Летась яго фаварытам стаў ужо іншы патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты – экс-банкір Віктар Бабарыка.
«Ён своечасовы чалавек, які мае добрую адукацыю, добра размаўляе, відаць, што разумны. Здаецца, я б мог яму давяраць», – тлумачыць суразмоўца.
Сяргей падкрэсьліў, што ўсё ягонае атачэньне было супраць дзейнай улады. Гэта, у тым ліку, паўплывала на ягоны недавер да афіцыйных вынікаў выбараў.
«Памятаю, як 9 жніўня паехаў са сваёй сяброўкай у цэнтар Берасьця, каб проста прагуляцца, паглядзець на гэтых сьветлых беларусаў. А там вадамёты, сьветлашумавыя гранаты. Я не разумеў: навошта, як, што я асабіста зрабіў? Што зрабіла мая сяброўка? – успамінае Сяргей. – У той дзень мяне ўразіла колькасьць нязгодных людзей. Звычайна я баюся натоўпу, таму што ён некантраляваны, часта гэта поўны хаос. Але той натоўп, які я ўбачыў – гэта адукаваныя і добрыя людзі, якія здольныя зьмяняць ня тое, што краіну, нават цэлы сьвет».
Хлапец кажа, што на пратэсты ў Берасьце хадзіў штодня цягам 2 тыдняў. Пазьней удзельнічаў і ў мітынгах у Менску.
«Што б я расказаў сваім унукам? Што супрамат вучыў, пакуль у краіне адбываліся перамены?»
Хлопец сьцьвярджае, што ведаў пра магчымыя наступствы такога роду выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі, але застацца ў баку ня мог. На пытаньне, чаму, адказвае:
«Гэта перш за ўсё годнасьць. Мой прадзед прыпісаў сабе ўзрост, каб трапіць на фронт. Прапрадзед ваяваў у 3 войнах. А я буду сядзець, калупацца ў носе, казаць, што мне трэба скончыць вучобу? Ды гары яно агнём! І потым, што я сваім унукам раскажу? Што сядзеў і супрамат вучыў, пакуль у краіне адбываліся перамены?»
25 сакавіка 2021 году Сяргея першы раз затрымалі паводле вядомага ў народзе артыкулу 24.23 КаАП (раней 23.34 КаАП). Па словах хлопца, нягледзячы на тое, што ў той дзень у Менску анансавалася акцыя да Дня Волі, людзей на вуліцах практычна не было. Па горадзе перамяшчаліся ў асноўным сілавікі.
«Яны бралі ўсіх запар. Калі мяне пасадзілі ў машыну, я ўжо зразумеў, што павязуць у ізалятар, але адчуваў хутчэй цікавасьць, чым страх. Хацеў даведацца, як гэта працуе знутры. Быў свайго роду квэст. Калі мяне прывезьлі ў РАУС, міліцыянт спытаў: «Адкуль?». Я адказаў, што зь Берасьця. А ён: «Ха-ха. Нармальна вы там мусарам далі прас..цца».
15 сутак Сяргей правёў у жодзінскім ізалятары.
«Там з затрыманымі размова была кшталту: селі, усталі, да сьцяны. Білі кожную раніцу падчас шмону (праверкі). Памятаю, як сілавік нам сказаў: «Вы тупыя, безь лялькаводаў нават у турму зайсьці ня можаце». Адзін раз да нас зайшоў супрацоўнік з пытаньнем, ці былі мы ў душы. Мы адказалі, што не. (Ён зноў пытае: «Колькі?» Адказваем: «Тыдзень» А ён: «По..й». Замкнуў камэру і пайшоў», – расказвае суразмоўца.
Ужо празь некалькі месяцаў хлопец зноў апынуўся ў ізалятары. 14 чэрвеня, за дзень да абароны дыплёма, Сяргея затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, нібыта падазраючы ў адміністраваньні тэлеграм-канала «БНТУ 97».
Не знайшоўшы ніякіх доказаў, хлопца чарговым разам асудзілі на 15 сутак паводле артыкулу 24.3 КаАП (нібыта за «непадпарадкаваньне супрацоўніку МУС») і зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна.
«У камэры, разьлічанай на 4 чалавекі, нас знаходзілася ад 16 да 23. Сьпякота была 34ºC, мы сядзелі ў майтках і сплывалі потам. Там пастаянна гарэла сьвятло. 2 разы ноччу, а 2 і 4 гадзіне, нас будзілі крыкам: «Устаць! Б…, хутка ўсталі». Нас ні разу не вывелі на шпацыр і не перадалі ніводнага ліста. Мая мама знарок ехала зь Берасьця ў Менск, каб перадаць мне рэчы, але атрымаў я іх, толькі калі выйшаў на свабоду».
Дыплём, адвучыўшыся 5 гадоў ва ўнівэрсытэце, Сяргей атрымаць так і ня змог. Яго адлічылі. Хлопец сьцьвярджае, што ўспрыняў гэтую навіну спакойна.
«Я жыў Беларусьсю, быў гатовы да ўсяго», – кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, якога палічылі зьніклым, знайшоўся ў Варшаве«Хачу, каб давалі магчымасьць вырашаць праблемы ў краіне, а не садзілі за краты»
Ад магчымага працягу перасьледу 6 жніўня Сяргей вырашыў выехаць у Польшчу. У Варшаве ён змог паступіць на бюджэт у політэхнічны ўнівэрсытэт. Яго залічылі адразу на апошні курс. Пасьля пасьпяховай задачы экзамэнаў дыплём Сяргей зможа абараніць ужо ў лютым.
У Варшаве Сяргей ходзіць на акцыі беларусаў, працягвае вучыць беларускую мову, на якой ён ужо вольна размаўляе, часам піша лісты палітвязьням. Хлопец кажа, што вельмі спадзяецца на хуткае вяртаньне на радзіму. А сваю «ідэальную Беларусь» апісвае так:
«Я б хацеў жыць у краіне, дзе можна будзе размаўляць па-беларуску і не трапляць за гэта ў турму. Дзе можна будзе выйсьці ў чырвона-белых шкарпэтках. Напрыклад, у майго польскага дэкана на профілі ў фэйсбуку стаіць рамка пра «Страйк кабет» (пратэсты супраць рашэньня Канстытуцыйнага суду аб узмацненьні жорсткасьці закону аб абортах у Польшчы. – РС), і яе ніхто за гэта не звальняе. Гэта нармальна – мець сваю думку, і я хачу, каб і ў нас было гэтаксама. Я гатовы ісьці працаваць на МАЗ, МЗКТ, каб нешта рабіць для сваёй краіны. У кожнай дзяржаве ёсьць праблемы, і трэба іх вырашаць. Але галоўнае, каб давалі магчымасьць гэтым займацца, а не садзілі за краты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольненыя выкладчыкі, студэнты-ўцекачы і студэнты-вязьні. Як пратэсты 2020 году зьмянілі школы і ВНУ Беларусі ў 2021