Натальля Мацкевіч, абаронца Віктара Бабарыкі, а таксама палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Дзядка, Марфы Рабковай, адхілена ад выкананьня прафэсійных абавязкаў. Паводле Міністэрства юстыцыі, у дачыненьні да яе распачатая дысцыплінарная справа.
Свабода ўзгадала дзясятак адвакатаў, якіх за вядзеньне палітычных спраў пазбавілі ліцэнзій.
Аляксандар Пыльчанка — абаронца Віктара Бабарыкі
Аляксандар Пыльчанка, які адным зь першых адвакатаў пачаў абараняць Віктара Бабарыку, быў пазбаўлены ліцэнзіі роўна год таму — 15 кастрычніка 2020 году. Афіцыйная вэрсія — Міністэрства юстыцыі палічыла, што інтэрвію Пыльчанкі ў СМІ «дыскрэдытуе адваката і адвакатуру». Пры канцы жніўня 2020 году Аляксандар Пыльчанка расказаў, якімі паўнамоцтвамі валодае генпракурор і якія дзеяньні можна распачаць паводле апублікаваных у СМІ відэа і сьведчаньняў зьбіваньья людзей 9–12 жніўня ў РУУС і ІЧУ.
Раней Аляксандар Пыльчанка абараняў былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, а таксама экс-старшыню Нацыянальнага банку Тамару Віньнікаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абараняў Віньнікаву і Чыгіра. Хто такі адвакат Пыльчанка і чаму ён можа застацца без ліцэнзііЛюдміла Казак — адвакатка Марыі Калесьнікавай
Людміла Казак пазбаўлена ліцэнзіі 19 лютага 2021 году. Яна стала абаронцай Марыі Калесьнікавай пасьля таго, як Марыя і яе адвакаты Максім Знак і Ільля Салей на пачатку верасьня 2020 году аказаліся фігурантамі крымінальнай справы.
Фармальна Людмілу Казак пазбавілі ліцэнзіі за «зьдзяйсьненьне ўчынку, несумяшчальнага з высокім званьнем адваката».
24 верасьня 2020 году адвакатка ехала на судовае паседжаньне, яе схапілі невядомыя, сілай запхнулі ў машыну і павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна: нібыта яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 30 жніўня — акцыі пратэсту на праспэкце Пераможцаў.
У Людмілы Казак і раней быў досьвед вядзеньня палітычных спраў («Плошча-2010», «Белы легіён»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая адвакатка Людміла Казак: «Свабода — гэта чыстае сумленьне і незапэцканыя рукі»Міхаіл Кірылюк — абаронца Алены Леўчанкі і Юрыя Васкрасенскага
Адвакат, сябра Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк быў пазбаўлены ліцэнзіі 19 лютага 2021 году. Афіцыйнае тлумачэньне Міністэрства юстыцыі — за «некарэктныя выказваньні на адрас прадстаўнікоў дзяржаўных органаў».
Увосень 2020 году Міхаіл Кірылюк абараняў Юрыя Васкрасенскага, калі таму было выстаўлена абвінавачаньне па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках).
Таксама Кірылюк быў адвакатам баскетбалісткі Алены Леўчанкі, якую за ўдзел у маршы 23 жніўня асудзілі на 15 сутак арышту.
Уладзімер Сазанчук — абаронца Мікалая Статкевіча і блогера «Шэрага ката»
24 лютага 2021 году быў пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Уладзімер Сазанчук.
Прычына — «адмовіўся даць сьледчаму органу падпіску аб неразгалошваньні дадзеных папярэдняга сьледзтва і тым самым парушыў права на абарону блогера Казлова».
Уладзімер Сазанчук абараняў Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Казлова (вядомага блогера «Шэрага ката»). Таксама ён быў абаронцам журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай.
Раней Сазанчук быў сьледчым, працаваў на пачатку 1990-х у сьледчай групе, якая займалася так званай справай «ГКЧП» у Маскве, а потым стаў адвакатам па палітычных справах.
Сяргей Зікрацкі — абаронца Максіма Знака і журналістаў
Сяргей Зікрацкі быў выключаны з калегіі адвакатаў 31 сакавіка 2021 году. 24 сакавіка яго выклікалі ў Міністэрства юстыцыі на пазачарговую атэстацыю, бо чарговую ён павінен быў праходзіць толькі ў 2023 годзе. Атэстацыю ён не прайшоў. Прычынай, па словах самога адваката, сталі камэнтары ў СМІ.
Сяргей Зікрацкі абараняў свайго калегу, юрыста штабу Віктара Бабарыкі, сябра Каардынацыйнай рады Максіма Знака.
Таксама ён бараніў журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія за стрым з «плошчы Перамен» былі асуджаныя на 2 гады пазбаўленьня волі.
Зікрацкі прадстаўляў інтарэсы парталу Tut.by, калі яго пазбаўлялі статусу СМІ, супрацоўнікаў беларускага «Прэс-клюбу».
Пасьля пазбаўленьня ліцэнзіі ён зь сям’ёй зьехаў у Літву і стаў прадстаўніком Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 2020 году я казаў, што буду займацца толькі бізнэсам». Вялікая гутарка з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, у якога забіраюць ліцэнзіюАндрэй Мачалаў — абаронца Кацярыны Барысевіч і Алены Леўчанкі
Адвакат Андрэй Мачалаў быў пазбаўлены ліцэнзіі 31 траўня, а даведаўся пра гэта праз 3 тыдні — на судзе Вольгі Сінілёвай, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Аліне Касьянчык. Афіцыйная вэрсія — «за правіны, несумяшчальныя са званьнем адваката».
Паводле Мачалава, пазбаўленьне ліцэнзіі зьвязана з абаронай шматдзетнай маці Вольгі Залатар. Нібыта ён расказаў, што падчас сьледчых дзеяньняў над жанчынай чыніўся гвалт.
Андрэй Мачалаў абараняў журналістку Кацярыну Барысевіч, якая апублікавала дакумэнт, што забіты 12 лістапада Раман Бандарэнка быў цьвярозы.
Таксама па адміністрацыйных справах ён бараніў журналістаў парталу Tut.by, «Комсомольской правды» и БелаПАН, якія асьвятлялі студэнцкія акцыі. Ён быў адвакатам і ў баскетбалісткі Алены Леўчанкі.
Дзьмітры Лаеўскі — абаронца Віктара Бабарыкі і адваката Аляксандра Пыльчанкі
Дзьмітры Лаеўскі быў выключаны з Калегіі адвакатаў 8 ліпеня 2021 году — праз два дні пасьля абвяшчэньня прысуду Віктару Бабарыку, якога ён абараняў. Фармальна ў Лаеўскага былі дзьве вымовы: за допісы пра нязгоду з праектам зьменаў у заканадаўства аб адвакатуры і за ягоную пазыцыю з абгрунтаваньнем невінаватасьці Віктара Бабарыкі на судзе.
Зьміцер Лаеўскі таксама прадстаўляў інтарэсы адваката Аляксандра Пыльчанкі (які абараняў Марыю Калесьнікаву і Віктара Бабарыку), калі таго пазбаўлялі ліцэнзіі.
У 2011 годзе Лаеўскі абараняў вядомага праваабаронцу, кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, які падпаў пад крымінальны перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы адвакат Дзьмітры Лаеўскі: «Свабода грунтуецца на дабры, самапавазе і крытычным мысьленьні»Антон Гашынскі — адвакат палітоляга Шклярава і PandaDoc
Антона Гашынскага пазбавілі ліцэнзіі 14 ліпеня 2021 году. Фармулёўка — «за сыстэматычнае парушэньне патрабаваньняў і ўмоваў ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці». Сутнасьць прэтэнзій пры гэтым не называецца.
Гашынскі абараняў палітоляга Віталя Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава, супрацоўнікаў IT-кампаніі PandaDoc, аўтара ютуб-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага, апошнім часам — затрыманую разам з Раманам Пратасевічам расейскую грамадзянку Соф’ю Сапегу, выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву — фігурантку «справы студэнтаў».
Цяпер Антон Гашынскі працуе адвакатам у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адваката Антона Гашынскага, які бараніў Шклярава, Аляксандрава і Сапегу, пазбавілі ліцэнзііКацярына Жаўтанога — адвакатка-валянтэрка, абаронца Сьцяпана Латыпава
Партнэр адвакацкага бюро VERDICT Кацярына Жаўтанога была пазбаўлена адвакацкай ліцэнзіі таксама 14 ліпеня 2021 году. Прычынай стала нібыта «сыстэматычнае парушэньне патрабаваньняў і ўмоваў ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці».
Яе адвакацкае бюро, якое спэцыялізавалася на кансультаваньні бізнэсу, у жніўні 2020 году перакваліфікавалася на адміністрацыйнае права і бясплатна дапамагала затрыманым на Акрэсьціна. Сама Кацярына Жаўтанога знаходзілася каля ЦІП і ІЧУ ў чырвонай майцы з надпісам «Адвакат» і давала кансультацыі.
Увосень 2020 году Кацярына Жаўтанога абараняла жыхара «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава.
Міхаіл Баднарчук — абаронца Кацярыны Барысевіч і «дыджэяў перамен»
Адвакат Міхаіл Баднарчук у канцы красавіка добраахвотна напісаў заяву з просьбай выключыць яго зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў і зьехаў у Кіеў.
«Я вырашыў паставіць на паўзу адвакацкую дзейнасьць, бо ёю ўжо немагчыма займацца так, як я рабіў гэта раней», — так патлумачыў ён сваё рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Кацярыны Барысевіч і «дыджэяў перамен» зьехаў ва ЎкраінуМіхаіл Баднарчук абараняў журналістку Кацярыну Барысевіч па крымінальнай справе, яе калегу Надзею Калініну — па адміністрацыйнай. Таксама ён быў адвакатам у «дыджэяў перамен» Кірыла Галанава і Ўладзіслава Сакалоўскага, якія на праўласным мерапрыемстве паставілі песьню Віктара Цоя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне: 68% беларусаў назвалі тэлебачаньне крыніцай фэйкаўЗа апошні год было пазбаўлена ліцэнзій больш за 30 адвакатаў. Але практыка пазбаўленьня ліцэнзій існавала і раней.
У 2011 годзе ўлады пазбаўлялі ліцэнзіі адвакатку Тамару Сідарэнку, якая пасьля Плошчы абараняла Ўладзімера Някляева і Алеся Міхалевіча. Крыху пазьней былі пазбаўленыя права на прафэсію адвакаты Павал Сапелка, Алег Агееў, Тацяна Агеева, Уладзімер Букштынаў. У 2017-м была пазбаўлена ліцэнзіі Ганна Бахціна, сярод чыіх падабаронных былі Ірына Халіп, Эдуард Пальчыс і Міраслаў Лазоўскі.