Што чытаюць і глядзяць беларусы
Гэта дасьледаваньне інтэрнэт-аўдыторыі, праведзенае па гібрыднай тэхналёгіі, якое ахапіла беларусаў як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Выбарка апытаных — 1208 чалавек, іх узрост — 18–74 гады.
Найчасьцей людзі атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэт-СМІ і сайтаў
Асноўнай крыніцай інфармацыі ўдзельнікі дасьледаваньня назвалі інтэрнэт-СМІ і сайты. На другім месцы рэспандэнты ўказалі сацыяльныя сеткі, трэцяе месца — гэта навіны ад знаёмых і калегаў па працы, на чацьвёртым месцы — тэлеграм-каналы, і толькі на пятым — тэлебачаньне.
Паводле аўтараў дасьледаваньня, «тэзіс, што людзі атрымліваюць інфармацыю ў асноўным з тэлеграм-каналаў, не адпавядае рэчаіснасьці».
Пры гэтым дзьве траціны апытаных глядзяць тэлебачаньне тры разы на тыдзень. Больш глядзяць расейскія каналы, чым беларускія.
У інтэрнэце беларусы таксама чытаюць ня толькі беларускія СМІ — яшчэ міжнародныя і расейскія.
Самая папулярная сацыяльная сетка — «Укантакце»
«Укантакце», паводле дадзеных дасьледаваньня, — лідэр сярод беларусаў па папулярнасьці ў атрыманьні інфармацыі. Яго выкарыстоўваюць 63% апытаных. На другім месцы Instagram, на трэцім — «Одноклассники», на чацьвёртым — Facebook, на пятым — TikTok.
Telegram па папулярнасьці дагнаў Viber
Што да мэсэнджараў, то першае месца па папулярнасьці падзялілі паміж сабой Viber (выкарыстоўваюць 66%) і Telegram (66%), далей ідзе WhatsApp (28%), мэсэнджар Facebook (14%) і Skype (13%).
18% наогул не выкарыстоўваюць мэсэнджары як крыніцу інфармацыі.
90% лічаць, што СМІ іх падманваюць
У межах дасьледаваньня ў беларусаў запыталіся, ці не падаецца ім, што СМІ іх падманваюць. На гэтае пытаньне 90% адказалі станоўча. Каб спраўдзіць інфармацыю, людзі шукаюць пацьвярджэньня на міжнародных сайтах, пасьля на расейскіх і толькі потым — на беларускіх.
51% апытаных лічаць, што могуць адрозьніць фэйк ад праўдзівай інфармацыі. Траціна рэспандэнтаў не ведаюць, ці могуць адрозьніць фэйк ад праўды.
Абсалютным лідэрам сярод крыніц фэйкавых навінаў людзі назвалі тэлебачаньне — такіх 68%. Але тут трэба ўлічваць: шмат у якіх выпадках маюцца на ўвазе расейскія тэлеканалы.
Сацыяльныя сеткі — крыніца фэйкаў на думку 48% апытаных, друкаваная прэса — 39%, інтэрнэт-СМІ — 35%, тэлеграм-каналы — 31%, форумы і блогі — 28%, радыё — 26%.
Людзі думаюць, што найменшая крыніца фэйкаў — інфармацыя ад знаёмых, сяброў і калегаў па працы. Крыніцай фэйкаў іх назвалі толькі 16% апытаных.