Свабода сабрала некалькі фактаў і лічбаў, якія абвяргаюць страхі і сумневы скептыкаў.
Фэйк №1. Вакцыны выклікаюць цяжкія ўскладненьні
У 2021 годзе, калі ў сьвеце пачалася актыўная вакцынацыя супраць каранавірусу, пэрыядычна зьяўляюцца паведамленьні пра ўскладненьні, якія выклікае тая цііншая вакцына.
Напрыклад, на пачатку вясны шэраг краін Эўропы, Азіі і Афрыкі прыпынілі выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca, пасьля таго як у некалькіх жыхароў Даніі і Нарвэгіі ўтварыліся тромбы пасьля прышчэпкі.
У адказ на прыпыненьне выкарыстаньня вакцыны AstraZeneca заявіла, што ўважліва вывучыла дадзеныя аб 17 млн чалавек, прышчэпленых па ўсёй Эўропе, і выявіла, што тромбы разьвіліся ў 37 асобаў. У Вялікай Брытаніі было ўведзена 11 мільёнаў доз вакцыны AstraZeneca — больш, чым у любой іншай краіне, — і тромбы ўтварыліся крыху больш як у 10 пацыентаў. Некалькі пацыентаў у краінах Эўропы памерлі, пераважна гэта былі жанчыны ва ўзросьце ад 47 да 58 гадоў.
Як відаць з гэтых лічбаў, колькасьць ускладненьняў у параўнаньні з колькасьцю прышчэпленых асобаў зьнікомая, да таго ж пры належным мэдычным доглядзе яны не вядуць да летальных вынікаў. Таму вельмі хутка вакцынацыю прэпаратам AstraZeneca па ўсім сьвеце аднавілі, ім нават дэманстратыўна прышчапілася канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рызыка ад вакцынацыі для маладых мужчын сапраўды існуеУ апошнія месяцы зьявіліся паведамленьні, што так званыя mRNK-вакцыны ад фірмаў Pfizer-BioNtech або Moderna выклікаюць у маладых пацыентаў запаленьне сардэчнай мышцы — так званы міякардыт.
Дасьледаваньне, праведзенае ў Ізраілі, паказала, што амаль у 11 з кожных 100 тысяч мужчын ва ўзросьце ад 16 да 29 гадоў празь некалькі дзён пасьля поўнай вакцынацыі разьвіўся міякардыт — запаленьне сардэчнай мышцы.
У іншым дасьледаваньні былі вывучаныя дадзеныя 2,5 мільёна грамадзян Ізраілю ва ўзросьце 16 гадоў і старэйшых. Было выяўлена 54 выпадкі міякардыту, але 41 зь іх лекары палічылі лёгкімі. Каля 70 адсоткаў выпадкаў міякардыту назіраліся пасьля другой дозы.
З усіх гэтых выпадкаў толькі адзін пацыент трапіў у цяжкім стане ў лякарню, ніхто не памёр. Была зробленая выснова, што найбольшая рызыка прыпадае на хлопчыкаў ва ўзросьце 12–17 гадоў. Але амэрыканскія мэдычныя ўлады лічаць, што на кожны мільён вакцынаваных хлопчыкаў у гэтым узросьце прышчэпкі могуць выклікаць максымум 70 выпадкаў міякардыту, але могуць прадухіліць 5700 інфэкцый, 215 шпіталізацый і дзьве сьмерці.
Так што і тут навукоўцы па ўсім сьвеце не знайшлі падстаў спыняць вакцынацыю. Толькі некалькі скандынаўскіх краін вырашылі не прышчапляць вакцынай Moderna мужчын ва ўзросьце да 30 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інтэрактыўная мапа пунктаў вакцынацыі ў БеларусіФэйк №2. Вакцыны не абараняюць
Выпадкі, калі цалкам прышчэпленыя людзі заражаюцца каранавірусам, мэдыкі называюць прарыўнымі інфэкцыямі.
На пачатку вакцынацыі такіх выпадкаў было няшмат. Вясной сёлета адно дасьледаваньне ў ЗША паказала, што ўсяго чатыры з 8121 цалкам прышчэпленых супрацоўнікаў ва Ўнівэрсытэце Даласу заразіліся. Іншае дасьледаваньне выявіла, што толькі сямёра з 14 990 мэдыкаў у Лос-Анджэлесе далі станоўчы вынік тэсту на каранавірус пасьля атрыманьня другой дозы вакцын Pfizer-Biontech або Moderna.
Але летам 2021 году, калі па сьвеце шырока распаўсюдзіўся высокапатагенны індыйскі штам каранавірусу Delta, прарыўных інфэкцый стала больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці абараняюць вакцыны ад дэльта-варыянту SARS-CoV-2? Правяраем фактыТым ня менш разьлікі брытанскіх навукоўцаў паказалі, што нават адна іньекцыя вакцыны ад Pfizer зьмяншае імавернасьць шпіталізацыі зь цяжкай формай COVID-19 на 94%, а першая прышчэпка оксфардзкай вакцынай ад AstraZeneca — на 71%. Пасьля другой іньекцыі эфэктыўнасьць гэтых прэпаратаў склала 96% і 92% адпаведна.
Сёньня ў ЗША і Эўропе дамінуе вірус Delta, які лічыцца настолькі ж заразным, як і ветраная воспа. Таму павялічылася і колькасьць выпадкаў заражэньня цалкам прышчэпленых людзей. Тым ня менш, паводле амэрыканскіх мэдычных уладаў, вакцыны застаюцца вельмі эфэктыўнымі супраць цяжкіх захворваньняў і сьмяротных выпадкаў, а інфэкцыі ў прышчэпленых людзей былі параўнальна рэдкія.
Паводле дадзеных Амэрыканскіх цэнтраў кантролю за прадуктамі харчаваньня і лекамі (CDC), па ўсіх ЗША каля 97 адсоткаў людзей, шпіталізаваных з COVID-19, не былі прышчэпленыя.
«Поўная вакцынацыя вельмі абараняе, у тым ліку і супраць Дэльты», — сказала The New York Times Анджэла Расмусэн, навуковая супрацоўніца Арганізацыі вакцынаў і інфэкцыйных хваробаў Унівэрсытэту Саскачэван у Канадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Moderna супраць Pfizer: якая вакцына лепшаяЭфэктыўнасьць вакцынацыі добра ілюструецца прыкладам Чэскай Рэспублікі. Паводле стану на 14 кастрычніка ў краіне цалкам вакцынаваныя больш за 6 млн чалавек з 11-мільённага насельніцтва краіны — гэта 56%. Але гаворка ідзе толькі пра дарослых людзей, і гэтая лічба ня ўлічвае тых, хто за апошнія паўгода перахварэў і мае натуральны імунітэт. Таму колькасьць агулам імунізаваных ацэньваецца больш як у 70%. Цяпер у краіне, дзе мінулай зімой за адзін дзень выяўлялі па 18 000 новых хворых і памірала больш за 200 чалавек, паводле стану на 14 кастрычніка новых пацыентаў выяўлена 1497, у цяжкім стане 80, за апошнія суткі памерлі трое. Лекары сьцьвярджаюць, што сярод цяжка хворых пацыентаў колькасьць прышчэпленых складае ад 1 да 3%.
Фэйк №3. Вакцыны шкодныя для цяжарных
Гэта няпраўда. Паводле апошніх дасьледаваньняў, прышчэпкі ад каранавірусу могуць быць карысныя для немаўлят і, падобна, ня шкодзяць пляцэнце, паведамляе The New York Times.
Паводле дасьледаваньня, апублікаванага ў Journal of the American Medical Association (JAMA), вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna выклікаюць устойлівы імунны адказ у цяжарных і кормячых жанчын. Вынікі паказваюць, што вакцынаваныя жанчыны могуць перадаваць ахоўныя антыцелы эмбрыёну праз крывацёк і немаўлятам праз грудное малако.
У другім дасьледаваньні, апублікаваным у часопісе Obstetrics & Gynecology (Акушэрства і гінэкалёгія), дасьледчыкі ня выявілі доказаў таго, што вакцыны Pfizer або Moderna шкодзяць пляцэнце падчас цяжарнасьці.
Дасьледнікі таксама выявілі нэўтралізуючыя антыцелы ў грудным малацэ вакцынаваных маці і ў пупавіннай крыві, узятай у немаўлят пры родах. Таму аўтары дасьледаваньня зрабілі выснову, што вакцынацыя цяжарных і кормячых жанчын прыводзіць да перадачы імунітэту іх эмбрыёнам і нованароджаным дзецям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: САЗ дазволіла прышчапляць цяжарных ад COVID-19Фэйк №4. Маскі ня дзейнічаюць
Гэта няпраўда. За амаль два гады пандэміі навукоўцы даведаліся шмат новага пра шляхі распаўсюджваньня каранавірусу.
У першыя месяцы пандэміі лічылася, што адзін з асноўных шляхоў распаўсюджваньня каранавірусу — кантактны, праз дотык да кантамінаваных паверхняў, таму лекары шырока раілі выкарыстоўваць антысэптыкі і часта мыць рукі.
Рукі варта мыць і цяпер. Але па меры назапашваньня экспэрымэнтальных дадзеных стала зразумела, што працэнт тых, хто заразіўся праз дотык да кантамінаваных паверхняў, складае каля 1%. Цяпер лекары ведаюць, што асноўны шлях перадачы каранавірусу — аэразольны, праз удыханьне мікрааэразоляў, выдыхнутых ці выкашляных хворым пацыентам. Таму зразумела, што асноўны шлях зьмяншэньня рызыкі заражэньняў — нашэньне масак і захаваньне сацыяльнай дыстанцыі.
Трэба таксама вельмі часта праветрываць памяшканьні, дзе знаходзіцца шмат людзей або ёсьць хворыя.
Удыхаць аэразолі настолькі небясьпечна, што ў шэрагу краін, напрыклад у Чэхіі, улады загадалі ўсім грамадзянам насіць у грамадзкіх месцах ня простыя хірургічныя маскі, а рэсьпіратары ўзроўню абароны FFP2 або N95. І гэтае патрабаваньне захоўваецца да цяперашняга часу.
Фэйк №5. Расейская вакцына «Спутник V» дрэнная. Прышчэпленыя ім беларусы ўсё роўна паміраюць
Статыстыка сьведчыць пра адваротнае. У ліпені сёлета аўтарытэтны навуковы часопіс Nature апублікаваў артыкул, у якім сьцьвярджаецца, што дадзеныя з Расеі і многіх іншых краін сьведчаць пра бясьпеку і эфэктыўнасьць вакцыны «Спутник V».
У Nature прыводзяцца дадзеныя некалькіх дасьледаваньняў. Напрыклад, у ААЭ дасьледавалі эфэктыўнасьць прымяненьня дзьвюх дозаў «Спутник V» на 81 тысячы чалавек. Эфэктыўнасьць вакцыны склала 97,8% у прадухіленьні сымптаматычнага COVID-19 і 100% у прадухіленьні цяжкіх захворваньняў.
Цяпер расейскую вакцыну «Спутник V», якая стала першым у сьвеце зарэгістраваным прэпаратам для прафіляктыкі COVID-19, выкарыстоўваюць больш як у 70 краінах сьвету, насельніцтва якіх складае каля 4 млрд чалавек. Аднак яна дагэтуль не атрымала ўхваленьня Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Чакаецца, што гэта адбудзецца да канца 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б людзі бачылі рэальную статыстыку, ставіліся б сур’ёзьней». Як каранавірус атакаваў інвалідаў, пэнсіянэраў і цяжарныхПра эфэктыўнасьць вакцынацыі сьведчаць і беларускія мэдыкі. Паводле дакумэнту Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, які трапіў у распараджэньне журналістаў Zerkalo.io, за 7 кастрычніка сёлета ў Менску было выяўлена 3086 хворых на каранавірус. Зь іх 2906 не былі прышчэпленыя (94% ад агульнай колькасьці), 40 — прышчэпленыя (прыкладна 1,5%). Яшчэ 35 пакуль не дасягнулі ўзросту вакцынацыі, 7 ня скончылі курс вакцынацыі, адзін адмовіўся ад прышчэпкі, у аднаго ёсьць супрацьпаказаньні. Для 86 чалавек не было пададзена зьвестак пра вакцынацыю.
Вядомы беларускі лекар, былы галоўны інфэкцыяніст Менску, кандыдат мэдычных навук, дацэнт Мікіта Салавей, які цяпер працуе ў менскім інфэкцыйным шпіталі, у інтэрвію выданьню «Наша Ніва» 25 верасьня заявіў:
«Ну няма нармальна вакцынаваных імунакампэтэнтных пацыентаў з COVID-19 у рэанімацыйных аддзяленьнях, няма! І проста ў стацыянар іх трапляюць адзінкі (за 2 месяцы працы ў ГКІБ мне такіх трапілася двое, захворваньне скончылася ў іх без наступстваў)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе калідоры былі ў цяжарных, якія ляжалі на кушэтках пад кропельніцамі». Мянчанка пра сытуацыю з каранавірусам у сталічнай радзільніСловы Мікіты Салаўя пацьвярджае і іншая вядомая лекарка, якая нядаўна працавала ў менскім 10-м клінічным шпіталі — Дар’я Чэхава, якая вельмі добра ад калегаў абазнаная ў цяперашнім становішчы ў шпіталі:
«Сьцісла пра сытуацыю з каранавірусам: у шпіталі, дзе я працавала, адкрылі яшчэ адно аддзяленьне рэанімацыі. Мае калегі цяпер працуюць у нейкім бясконцым ковідным пекле... Але ці робяць нешта самі пацыенты, каб засьцерагчы сябе? На жаль, не. 99% рэанімацыйных пацыентаў не былі вакцынаваныя. Добраахвотна насіць маскі ў грамадзкіх месцах таксама ніхто ня хоча. І ўсім здаецца — „мяне гэта не закране“, але потым усё ж закранае».