Руслану Кузьмічу 38 гадоў, жанаты, дзяцей няма. Працуе сьлесарам-электрыкам у прыватнай фірме Наваградку. Жонка называе іхнюю сям’ю «простай», у сэнсе «ня надта палітычна актыўнай».
Як расказала жонка Руслана Анастасія, мужа затрымалі 6 кастрычніка. Яго вінавацяць паводле новага артыкулу Крымінальнага кодэксу «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 1 артыкулу 361-4). За гэта яму пагражае 6 гадоў калёніі.
Даслоўна камэнтара мужа Анастасія ня ведае, але «гэта літаральна некалькі словаў». Пра зьмест абвінавачаньня яна даведалася з навінаў на дзяржаўнай тэлевізіі. Знаёмыя пазванілі ёй і параілі ўключыць тэлевізар. Там паведамілі, што Руслан пакінуў камэнтар у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале. Пад відэа з выявай невядомага чалавека са зброяй ён напісаў нешта кшталту: «Час і нам брацца за зброю».
Частка 1 артыкулу 361-4 КК Беларусі расшыфроўваецца як «Вэрбаваньне, іншае ўцягненьне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне, а таксама іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». За гэта можна атрымаць да 4 гадоў «хіміі» або да 6 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне куратар з упраўленьня асабістай бясьпекі паказаў здымак у „Карніках“». На якія абразы скардзяцца міліцыянты«На працы на добрым рахунку, добрасумленны, любячы», — характарызуе мужа жыхарка Наваградку.
Анастасія расказала, што ў іх звычайная, простая сям’я. Яна ня можа сказаць, што яны надта палітычна актыўныя. Ці быў зьвязаны камэнтар зь перастрэлкай у Менску, падчас якой загінуў айцішнік і супрацоўнік КДБ, яна ня ведае. Яны не абмяркоўвалі гэтую падзею дома з мужам, як і звычайна не гаварылі на палітычныя тэмы.
Руслана Кузьміча двойчы судзілі ў 2020 годзе за ўдзел у «несанкцыянаваных мітынгах» у Наваградку. Летась у верасьні ён атрымаў штраф, а ў кастрычніку 15 дзён арышту. Жонка ведае, што Руслан выступаў супраць дзейнай улады.
Пры затрыманьне мужа яна даведалася толькі ўвечары, калі вярнулася з працы. Дома правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку. Цяпер Руслан Кузьміч знаходзіцца ў СІЗА ў Баранавічах. Адвакат яго яшчэ не наведваў, перадачу прынялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфармацыя пра крымінальную адказнасьць за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы не пацьвердзіласяНа пытаньне, ці Анастасія паведамляла праваабаронцам пра затрыманьне мужа, ці падавала зьвесткі, каб яго прызналі палітвязьнем, жанчына адказала, што ня цяміць у гэтых пытаньнях і зьвяртацца некуды ёй не прыйшло да галавы.
«Быў шок, што проста за нейкі камэнтар забралі. Ніхто са знаёмых, калегаў нас не асуджае. Людзі падтрымліваюць. Усе ў шоку, што за камэнтар можна трапіць у такую сытуацыю», — кажа Анастасія.
28 верасьня 20201 году ў менскай кватэры па вуліцы Якубоўскага падчас візыту сілавікоў адбылася перастрэлка. У выніку застрэлілі двух чалавек: праграміста Андрэя Зельцара і супрацоўніка КБД Дзьмітрыя Федасюка.
У наступныя дні па ўсёй краіне затрымалі больш за сто чалавек за камэнтары з гэтай нагоды. На іх завялі крымінальныя справы, большасьць за «абразу прадстаўніка ўлады» або за «распальваньне сацыяльнай варожасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я яму напісала як чалавеку». На маці-адзіночку з Івацэвічаў зноў завялі справу за абразу міліцыянтаПерастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).