Юры Прахарэнка з красавіка знаходзіцца ў СІЗА. Яго абвінавацілі ў абразе міліцыянтаў, амапаўцаў, судзьдзі, дэпутата і Лукашэнкі. Па справе праходзяць 23 пацярпелыя.
Сам Юры не прысутнічае на судзе. Ён у СІЗА. Экспэртыза паказала, што на фоне затрыманьня і пабояў у жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага перасьледу і зьмяшчэньня ў турму ў яго разьвіўся псыхічны разлад. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляе бацька. Ён зазначыў, што сын страціў у СІЗА за тры месяцы 20 кіляграмаў вагі.
Паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Юры быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя зьвесткі сілавікоў. Са сьнежня па красавік ён пісаў «камэнтары абразьлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме».
Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.
«Яго затрымалі, потым моцна пабілі ў Навабеліцкім РАУС. Потым далі 12 сутак, але Юры адседзеў толькі 3 дні. Ён зафіксаваў сьляды пабояў, пісаў скаргі на затрыманьне і біцьцё, але сьледчыя не знайшлі вінаватых», — тлумачыў на судзе бацька абвінавачанага.
Бацька лічыць, што Юры пакрыўдзіўся і таму пісаў абразьлівыя камэнтары.
13 кастрычніка на суд не зьявіўся ніхто з 23 пацярпелых. Судзьдзя вырашыў зачытаць паказаньні некаторых з пацярпелых, якія яны давалі на сьледзтве.
Адзін з пацярпелых па справе — супрацоўнік пракуратуры Гомля Яўген Фартушняк. Ён расказаў сьледзтву, што ўзімку 2021 году падтрымліваў у судзе абвінавачаньне па рэзананснай справе аб «кактэйлях Молатава». Тады за «масавыя беспарадкі» судзілі траіх жыхароў Гомля, у тым ліку і падлетка з эпілепсіяй Мікіту Залатарова. Пазьней прадстаўніку пракуратуры стала вядома, што на адным з тэлеграм-каналаў невядомыя асобы выклалі ягоны здымак і асабістыя дадзеныя. На наступны дзень Фартушняк убачыў пад сваім здымкам абразьлівыя камэнтары.
Другі пацярпелы — супрацоўнік гомельскага АМАП Кірыл Ганчароў. Ён даваў паказаньні, што сам не падпісаны на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы». Пра тое, што яго «зьняславілі» ў «Карніках Беларусі», даведаўся ад «свайго куратара з упраўленьня асабістай бясьпекі». Амапавец паказаў, што сапраўды ў «Карніках Беларусі» быў ягоны здымак і пэрсанальныя дадзеныя. Ён ня ведае, адкуль ягоныя дадзеныя зьявіліся ў канале. «Пад здымкам быў подпіс: „Ён кіруе гомельскімі пеўнямі“», — зазначыў пры дачы паказаньняў амапавец.
Таксама ён пачытаў камэнтары пад пастом і палічыў іх абразьлівымі. Ён напісаў заяву і прасіў прыцягнуць аўтараў камэнтароў да крымінальнай адказнасьці.
Суд працягнецца 27 кастрычніка. Мяркуецца, што ў гэты дзень будзе вынесены прысуд.