Пружанскіх актывістаў шантажуюць дзецьмі
У Пружанах супрацоўнікі КДБ правялі як мінімум тры ператрусы, інфармуе «Вясна». Прыйшлі да Анатоля Дзевянцейчыка, Юліі Лаптановіч і яе бацькоў. Юлію, Анатоля і ягоную жонку Аксану затрымалі, прычым Аксану забралі з працы.
У дом Юліі Лаптановіч сілавікі заявіліся са службай апекі. У жанчыны і яе мужа-палітвязьня Ігара (асуджаны ў рамках «карагоднай справы» і за «паклёп» на сябраў выбарчай камісіі на 2,5 года калёніі) трое дзяцей. Раней іх ужо гразіліся адабраць з прычыны грамадзянскай пазыцыі бацькоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас пагражалі забраць сына». Уцекачы ў Кіеве патрабавалі спыніць рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць дзяцей. ФОТААднак падставаў, каб гэта зрабіць, не знайшлося: дзяцей узяла да сябе маці Юліі, на якую загадзя аформілі даверанасьць.
Праваабаронцам вядома, што пасьля ператрусу Юлію Лаптановіч павезьлі ў Берасьце, з дому яна выходзіла з дарожнай сумкай.
Няма сувязі зь яшчэ адной пружанскай актывісткай Ганнай Баран.
Штраф за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў
Яшчэ летам дадому да 16-гадовага студэнта менскага каледжу прыйшлі зь ператрусам, забралі ягоны тэлефон.
У прыватным ліставаньні міліцыянты знайшлі рэпосты зь некалькіх «экстрэмісцкіх» каналаў. За гэта ў Маскоўскім РУУС Менску на студэнта склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці судзяць грамадзянку Расеі за твіт пра ЛукашэнкуСуд адбыўся толькі цяпер. На працэсе студэнт растлумачыў, што ня ведаў пра «экстрэмісцкі» статус каналаў, таму проста дзяліўся зь сябрамі навінамі.
У выніку судзьдзя Маскоўскага раёну Сяргей Кацар пакараў маладога чалавека штрафам у памеры 290 рублёў (10 базавых велічынь).
Суд у адсутнасьць падсуднага аднавіўся
Суд Савецкага раёну Гомля 13 кастрычніка працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза судзьдзі або народнага засядацеля) і арт. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь), піша «Вясна».
Па справе праходзяць 23 пацярпелыя. Гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў, судзьдзі, пракурорскія работнікі і Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы судзьдзя ня будзе разглядаць справу Статкевіча, Лосіка і іншых ад самага пачаткуПаколькі ў працэсе ад пачатку першага пасяджэньня 29 верасьня зьмяніліся адразу і судзьдзя, і дзяржабвінаваўца, новы судзьдзя Аляксандар Мохараў паведаміў, што справа будзе разглядацца па сутнасьці нанава.
Сам абвінавачаны ў судзе не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек у дэпрэсіўным стане, у яго панічныя атакі. За час зьняволеньня ў СІЗА Гомля Юры схуднеў больш як на 20 кіляграмаў. Ягоным законным прадстаўніком у судзе выступае бацька — Сяргей Прахарэнка.
Прадстаўнік дзяржабвінавачаньня Кадоба больш як гадзіну зачытваў эпізоды і прозьвішчы пацярпелых. Ніводзін зь іх на суд не прыйшоў. Судзьдзя Мохараў вымушана перапыніў працэс, каб выклікаць у суд пацярпелых. Судовае пасяджэньне працягнецца 27 кастрычніка а 10-й гадзіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамельчука судзяць за камэнтары ў Telegram. Ад пабіцьця і арышту ён займеў псыхічны разладМянчанку арыштавалі за БЧБ-сьцяг, які павесілі міліцыянты
48-гадовую Іну Драніцу затрымалі днём 4 кастрычніка, калі яна выяжджала на машыне з двара. Да яе падыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і заявілі, што прыехалі праводзіць ператрус. Дома ў Іны забралі тэхніку, у кватэры знайшлі БЧБ-сьцяг, які пры панятых унесьлі ў пратакол, паведамляе канал «„Вясна“ назірае».
Але потым, па словах Драніцы, сілавікі адпусьцілі панятых, разгарнулі сьцяг і самі павесілі на акно, прыляпіўшы яго скотчам. Сьцяг адразу сфатаграфавалі для пратаколу па адміністрацыйнай справе. У Фрунзэнскім РУУСе, куды жанчыну прывезьлі пасьля допыту ў ГУБАЗіКу, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму мы былі ня ў курсе, што такія гіцлі побач з намі?» Што цяпер думаюць тыя, хто летась далучыўся да пратэстаўДраніца на судзе адзначыла, што яе суседзі могуць пацьвердзіць — сьцяг на акне ніколі не вісеў. Але судзьдзя Тацяна Палулех адхіліла хадайніцтва адвакаткі аб выкліку суседзяў і прысудзіла жанчыне 30-суткавы арышт.