Высновы, якія БФСС зрабіў дзякуючы праведзенаму расьсьледаваньню:
- рашэньні кіраўніцтва АБФФ ў дачыненьні судзьдзёўства ўплывалі на вынікі асобных матчаў, што цягнула за сабой скажэньне турнірнай табліцы;
- фэдэрацыя парушае ўласны статут, а таксама статуты ФІФА і УЭФА, судзьдзёўскую канвэнцыю і іншыя дакумэнты;
- дзеяньні АБФФ наносяць шкоду рэнамэ беларускага футболу як на ўнутранай, так і на міжнароднай арэне;
- да УЭФА давялі інфармацыю аб парушэньнях, аднак там ніяк не адрэагавалі на выкладзеныя факты, а большасьць парушэньняў, агучаных у справаздачы, працягваюць адбывацца ў чэмпіянаце Беларусі;
- сытуацыя ў беларускім футболе зьяўляецца сыстэмным і абуральным парушэньнем прынцыпу незалежнасьці і аўтаномнасьці спартовай арганізацыі.
Сярод іншага, у справаздачы адзначаецца, што доўгі пэрыяд прызначэньне кіраўнікоў фэдэрацый у алімпійскіх відах спорту ўзгаднялася асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам, футбол не зьяўляецца выключэньнем — «палітычныя» прызначэньні мелі месца ў ім ад 1999 году, калі з пасады кіраўніка футбольнай фэдэрацыі прыбралі Яўгена Шунтава. Усе наступныя старшыні АБФФ — Рыгор Фёдараў, Генадзь Нявыглас, Сяргей Румас і Ўладзімер Базанаў перад «абраньнем» працавалі ў органах дзяржаўнай улады. Базанаў у 2020 годзе прымушаў футбольныя суб’екты ўдзельнічаць у падтрымцы Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд спартовай салідарнасьці просіць пажыцьцёвай дыскваліфікацыі кіраўнікоў Беларускай фэдэрацыі футболуКлючавыя рашэньні ў беларускім футболе, паводле дакладу, прымае міністар спорту Сяргей Кавальчук — ён загадваў працягваць чэмпіянат краіны ў пандэмію COVID-19, забараняў клюбам трэніравацца за мяжой і пагражаў іх кіраўніцтву спыненьнем дзяржаўнага фінансаваньне ў выпадку адмовы футбалістаў падпісваць ліст за Лукашэнку. Ёсьць дакумэнтальныя доказы апошняга факту ў дачыненьні берасьцейскага «Дынама», «Гомлю» і менскага «Энэргетыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяцёра гульцоў ФК «Гомель» паведамілі, што кіраўніцтва клюбу выдала крытыку ў бок фанатаў за агульную пазыцыю камандыДзейны кіраўнік АБФФ Базанаў браў у актыўны ўдзел у прызначэньнях судзьдзяў на канкрэтныя матчы, што наўпрост супярэчыць статутам міжнародных арганізацый, паводле якіх гэтым павінен займацца выключна Дэпартамэнт судзьдзёўства і інспэктаваньня. У прыватнасьці, Базанаў пасьля СМС-паведамленьня ад уладальніка берасьцейскага «Дынама» Аляксандра Зайцава загадаў замяніць судзьдзю на матч з горадзенскім «Нёманам» у 2019 годзе. У канцы 2020 году адразу чатыры матчы берасьцейцаў запар адсудзіла броыгада рэфэры ФІФА Аляксея Кульбакова, што груба супярэчыць міжнародным усталяваным практыцы і правілам.
Акрамя таго, Базанаў пасьля выступленьня Лукашэнкі на адкрыцьці пасьля рэканструкцыі сталічнага стадыёна «Дынама-Юні» загадваў арбітрам судзіць на карысьць менскага «Дынама».
Намесьнік старшыні АБФФ Юры Вяргейчык замяшаны ва ўплыве на арбітраў на матчы футбольнага клюбу «Віцебск». Ёсьць доказы, як Вяргейчык казаў «судзьдзі не павінны дапускаць памылак у дачыненьні ФК „Віцебск“». Дырэктар дадзенага клюбу Мікалай Вайцяхоўскі ўваходзіць у выканаўчы камітэт фэдэрацыі, акрамя таго, за гэтую каманду гуляў Кірыл Вяргейчык, сын Юрыя Вяргейчыка, які пасьля пераходу ў «Слуцак» паставіў подпіс у падтрымку ўладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы байкоту заўзятараў. Наведвальнасьць беларускага футбольнага чэмпіянату ўпала больш чым удваяАрбітры Андрэй Васілевіч і Сяргей Стэцурын атрымлівалі ад АБФФ канкрэтныя ўказаньні, што менскія «Крумкачы» не павінны перагуляць «Слуцак» у пераходных гульнях і выйсьці ў Найвышэйшую лігу. Стэцурын затым быў рэкамэндаваны АБФФ да працы на міжнародных матчах насуперак патрабаваньням УЭФА, бо ён не валодае ангельскай мовай. Атрымаўшы прызначэньне на гульню Лігі канфэрэнцый паміж фінскім КуПС і ўкраінскай «Ворсклай» у якасьці рэзэрвовага судзьдзі, Стэцурын, па ацэнках экспэртаў, адпрацаваў непрафэсійна.
Інспэктарамі (асобамі, якія ацэньваюць працу судзьдзяў — заўв.РС) часта прызначаліся асобы, малодшыя за 45 гадоў, што не адпавядае правілам УЭФА і ФІФА. А судзьдзямі на матчы ніжэйшых ліг Беларусі нярэдка прызначалі тых, хто ня здаў тэсты па фізычнай падрыхтоўцы.
Фэдэрацыя пры актыўным удзеле Ўладзімера Базанава і ягонага намесьніка Міхаіла Ботнікава прымяніла выбарачнае пакараньне да гульцоў, замяшаных у дамоўных матчах у вялікім і пляжным футболах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нафтан», БАТЭ, «Дынама» (Берасьце) ды іншыя. У Менску зноў судзяць за дамоўныя матчыКіраўнік Дэпартамэнту судзьдзёўства АБФФ Андрэй Чэпа адмовіўся перасьледаваць судзьдзяў за іх грамадзянскую пазыцыю, за што быў вымушаны пакінуць арганізацыю і пачуў ад віцэ-прэзыдэнта АБФФ Юрыя Вяргейчыка, што ён больш ня знойдзе сабе працы ў спорце.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці спадзяецца, што прэзыдэнт УЭФА Аляксандар Чэфэрын і яго падначаленыя зьменяць падыходы ў сваёй працы і перастануць ігнараваць рэальныя факты нестатутнай дзейнасьці АБФФ, а таксама прыменяць да кіраўніцтва названай арганізацыі санкцыі за грубыя парушэньні.
Падтрымка ФІФА і УЭФА мае ключавую ролю ў існаваньні АБФФ. Па зьвестках журналіста Мікалая Хадасевіча, паступленьні ад міжнародных фэдэрацый складаюць большасьць бюджэту арганізацыі, у выпадку спыненьня пераказаў футбольная фэдэрацыя апусьціцца на ўзровень баскетбольнай, якая перабывае ў фінансавым крызісе:
- 60% паступленьні ад ФІФА і УЭФА;
- 20% тэлеправы зборнай Беларусі;
- 15% спонсары і рэкляма;
- 5% іншыя даходы.
Агент гульца кіеўскага «Дынама» Ільлі Шкурына Валер Ісаеў напярэдадні заявіў аб тым, што футбаліст ня можа пакуль вяртацца на Радзіму, дзе яму пагражалі ваенкаматам за адмову падтрымаць улады і выступіць за зборную. Гэта магло стаць і прычынай пераезду з Расеі, якая выдае беларусаў, ва Ўкраіну, дзе такія шанцы меншыя.
У УЭФА заявілі, што ня могуць каментаваць даклад БФСС, паколькі пытаньне ўсё яшчэ знаходзіцца на разглядзе.
Таксама прэс-служба УЭФА дадала, што канчатковага рашэньня ў гэтым пытанні яшчэ няма.