Уладзімер Мартаў — прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі мэдыкаў. Адным зь першых у Беларусі ён пачаў адкрыта гаварыць пра рэальную сытуацыю з каранавірусам. Сёлета ўвесну доктару не працягнулі кантракт, бо ён адкрыта выказваўся аб праблемах у мэдыцыне і ў краіне.
Размова адбылася да адмены масачнага рэжыму ў Беларусі.
Сьцісла
- Чуму ў чумным бараку не перамагаюць. Рэанімацыя — верхавіна айсбэргу. Перамога адбываецца па-за рэанімацыяй. Незразумелая адсутнасьць арганізацыйных і проціэпідэмічных мерапрыемстваў, якія павінны перамагчы каранавірус.
- Я вакцынаваўся кітайскай вакцынай. Гэта было сьвядомае рашэньне, як мне падаецца, аптымальнае ў нашых умовах.
- Прымусовая вакцынацыя — гэта прафанацыя. Будуць надзьмутыя лічбы, нэгатыў, і з пункту гледжаньня пэрспэктывы перамогі над пандэміяй тут больш шкоды, чым карысьці.
- Гэта вельмі разумныя людзі на высокіх пасадах. Іх не хвалюе цана гэтага пытаньня, таму што іх асабіста гэта тычыцца меней. Яны думаюць, што атрымаюць па максымуме дапамогу, а ўсе астатнія — няважна.
- Выгараньне — гэта ня проста празьмерная нагрузка і шмат працы, гэта дрэнная арганізацыя, калі чалавек падчас дзяжурства мітусіцца і вырашае праблемы, якія не павінен вырашаць, і ўрэшце яму становіцца ўсё роўна.
«Нібы не было гэтых паўтара гадоў працы з каранавірусам, і чацьвёртую хвалю мы сустракаем, як і першую»
— Мая знаёмая доктарка, чыё аддзяленьне перапрафілявалі на лячэньне каранавірусных хворых, сказала, што «ў нас чакаюць другую Італію». Якая ваша ацэнка рэальнай сытуацыі з каранавірусам у Беларусі падчас чацьвёртай хвалі?
— Я не працую ў рэанімацыі ўжо некалькі месяцаў, але да мяне даходзіць інфармацыя пра тое, што адбываецца ў маім шпіталі, у Віцебску, у краіне. У мяне непрыемнае адчуваньне — нібы не было гэтых паўтара гадоў працы з каранавірусам, і чацьвёртую хвалю мы сустракаем, як і першую. Ізноў пачынаецца перапрафіляваньне шпітальных ложкаў, ізноў прыпыняецца плянавая дапамога, ізноў будзе праблемна праапэраваць банальны апэндыцыт, каб гэта зрабіць бясьпечна. І чаму мы арганізацыйна падрыхтаваныя гэтак жа, як у першую і ў другую хвалі, мне незразумела.
— Набраўся ж досьвед у лячэньні каранавіруснай інфэкцыі. Ці гэта выключна пытаньне арганізацыі?
— Мне таксама незразумела. Калі ўважліва слухаць беларускія навіны пра каранавірус, то абмяркоўваецца шпіталізацыя ў лякарні, месцы ў рэанімацыях, абмяркоўваюцца кіслародныя пункты, колькасьць балёнаў, апаратаў ШВЛ. Абмяркоўваюцца рэчы, якія да перамогі над пандэміяй маюць аддаленае дачыненьне, бо чуму ў чумным бараку не перамагаюць. У чумны барак трапляюць зь цяжкімі выпадкамі. Рэанімацыя — верхавіна айсбэргу. Перамога адбываецца па-за рэанімацыяй. У рэанімацыі ніякіх перамогаў няма, там ідзе змаганьне за кожнага чалавека. Мне проста незразумела, чаму няма таго, што называецца арганізацыйныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы, якія павінны перамагчы каранавірус. Я разумею, чаму гэтага не было ў першую хвалю. Палітыка, не палітыка, ілюзіі, уяўленьне, што само пройдзе. Але цяпер ня ведаю, у каго засталіся ілюзіі, што гэта само пройдзе.
— Вы казалі пра тое, што сучасная і падрыхтаваная мэдыцына — гэта ня толькі наяўнасьць сучаснай апаратуры і падрыхтаваных дактароў і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу, але і арганізацыя, каардынацыя і каапэрацыя. Як вы ацэньваеце менавіта гэты, арганізацыйны складнік?
— Я ня самы вялікі спэцыяліст па арганізацыйных і проціэпідэмічных мерапрыемствах. Цяпер у навінах, у размовах з калегамі сутыкаемся з сытуацыяй, што дактары вымушаныя выбіраць, каму яны будуць аказваць дапамогу, а каму ня ў стане яе аказаць. Цяпер ізноў пэрсанал займаецца пошукам кіслародных пунктаў, ізноў узьнікаюць праблемы. Але гэта пытаньне арганізацыі на самым нізкім узроўні. Чаму шараговы практыкуючы лекар павінен займацца пытаньнямі сартаваньня, чаму на яго гэта звалілі, чаму гэтым не займаюцца арганізатары, якія разумеюць, якая ёсьць нагрузка, колькі кіслародных пунктаў пакідаем на зьмену, столькі людзей паступіць у сярэднім. Гэта ўсё прагназуецца. Гэта асобная прафэсія, і гэтага нічога няма. Усе на сваіх працоўных месцах ізноў займаюцца гераізмам, мітусьнёй, пошукам кіслародных пунктаў і свабодных месцаў. Так мы ня выратуем нават тых, каго можам выратаваць. Гэта ж не арганізацыя насамрэч.
«Вакцынацыя — адзін з надзейных спосабаў пазьбегнуць цяжкага цячэньня хваробы»
— Ці зрабілі вы прышчэпку ад каранавірусу?
— Так, я вакцынаваўся кітайскай вакцынай. Гэта было сьвядомае рашэньне, як мне падаецца, аптымальнае ў нашых умовах. Я не адразу вакцынаваўся, бо год таму перахварэў, хаця і ў лёгкай форме. Пакуль я працаваў у «чумным бараку», у мяне было адчуваньне, што сталы кантакт, падхопліваньне малых дозаў — свайго роду вакцынацыя, бо вакол хварэюць. Цяпер я не працую і мала кантактую зь людзьмі, і нехта з маіх сяброў, якія працуюць, можа мне гэта «прывезьці». Было зразумела, што трэба абараняцца, і вакцынацыя — адзін з надзейных спосабаў пазьбегнуць цяжкага цячэньня хваробы.
— Тэмпы вакцынацыі ў Беларусі даволі нізкія ў параўнаньні з краінамі Эўразьвязу. Расказваюць, што многія людзі цяпер нарэшце наважваюцца вакцынавацца і па некалькі гадзін сядзяць у вялікіх чэргах, каб зрабіць прышчэпку. У чым вы бачыце прычыны недаверу беларусаў да прышчэпак супраць ковіду? Што магла і павінна была зрабіць дзяржава, мэдычная сыстэма больш як за паўтара года ад пачатку пандэміі і за 9–10 месяцаў ад пачатку вакцынацыі, каб была іншая сытуацыя?
— Вакцына зьявілася даволі позна. У першую хвалю яе не было, у другую яна пачала паціху зьяўляцца. Я ня памятаю, каб з боку арганізатараў сыстэмы аховы здароўя і самых высокіх асобаў настойліва прасоўвалася ідэя, што гэты мэтад адолее пандэмію. Гэтая тэма ў нас асабліва не гучала. Асабісты прыклад і вялізарная машына, не прапагандысцкая, але агітацыйная, павінна працаваць. Калі мы ня маем нармальнай статыстыкі і пазбаўленыя магчымасьці ацаніць эфэктыўнасьць арганізацыі сыстэмы аховы здароўя па абнародаваных лічбах, то па тэмпах вакцынацыі бачна, як яна працуе.
І гэта ня толькі сыстэма аховы здароўя, але і Савет міністраў, і ўсе ведамствы. Гэта сур’ёзная тэма. Нашы людзі ня надта адрозьніваюцца ад людзей у Нямеччыне ці ў Ізраілі. Там інтэлектуальныя колы краіны дзейнічалі слушна, і там зусім іншыя тэмпы вакцынацыі. Акрамя гэтага, ёсьць праблемы з вакцынамі, зь іх якасьцю, з доказамі гэтай якасьці, з доступам да іншых вакцынаў. Гэтую тэму ў Беларусі імкнуцца не абмяркоўваць, а на маю думку, гэта вельмі важна.
— Шмат сьведчаньняў ёсьць, што на некаторых прадпрыемствах людзей прымушаюць вакцынавацца пад пагрозай звальненьня. Як вы да такіх захадаў ставіцеся, калі з аднаго боку прымус, а з другога — няма шырокай папулярызацыі вакцынацыі?
— Гэта крыху нагадвае барацьбу з алькагалізмам у часы Гарбачова, калі слушныя ідэі няслушна рэалізавалі. Пабудаваная вэртыкаль ня здольная гэта ўсё зрабіць па-чалавечы. Прымусовая вакцынацыя — гэта прафанацыя, па вялікім рахунку. Будуць надзьмутыя лічбы, будзе нэгатыў, і з пункту гледжаньня пэрспэктывы перамогі над пандэміяй тут больш шкоды, чым карысьці. Мяккая сіла, прыклады, ільготы для вакцынаваных — так прынята. Маіх калегаў, якія перахварэлі на каранавірус два-тры тыдні таму, прымушаюць вакцынавацца. Бяздумна робіцца. Лепей з разумным страціць, чым з дурнем знайсьці. Гэта пра гэта.
«Няма грамадзкай згоды ў тым, што маскі важныя, вакцынацыя і дыстанцыяваньне патрэбныя»
— Як вы ацэньваеце цяперашнія захады Мінздароўя?
— Наколькі я бачу статыстыку і чую навіны ад сваіх калегаў з розных шпіталяў краіны, то паднялася хваля, якая заліла стацыянары і аддзяленьні рэанімацыі. Зробленыя гучныя заявы. Але, мякка кажучы, гэта ня тое, што ўратуе. Я хаджу ў масцы, хоць бачыў у краме скандал, які ўчыніў хлопец, калі яго на касе прымушалі надзяваць маску. Няма грамадзкай згоды ў тым, што маскі важныя, вакцынацыя і дыстанцыяваньне патрэбныя. Гэта дзіўна, бо ўсё ж паўтара года прайшло.
— Як вам бачыцца, ці найбольш цяперашняя хваля моцная ад пачатку пандэміі?
— Складана разважаць без статыстыкі. Цяпер больш дзяцей хварэе. Сярод іх няшмат цяжкіх хворых, але дзеці — разносчыкі хваробы, перадаюць яе бацькам, настаўнікам, калектывам. Няма стоп-загадаў, якія могуць гэта спыніць, і таму вірус распаўсюджваецца. І вірус цяпер крыху зьлейшы. Таму мне падаецца, што мацнейшая.
— А калі параўнаць сталіцу і рэгіёны, дзе сытуацыя найбольш крытычная?
— Ня ведаю. Паводле досьведу першай і другой хваляў, у нас слабыя гарызантальныя сувязі паміж раёнамі — у адным раёне хваля, у другім яе практычна няма. Вельмі асынхронна ўсё. Віцебск заліло, а Менск не кранула, потым наадварот. З пункту гледжаньня падрыхтоўкі, натуральна, Менск лепш за ўсіх «узброены» і арганізацыйна, і інтэлектуальна з пункту гледжаньня кіраўнічых рашэньняў. Гэта ня толькі пра маскі ці «давайце вакцынавацца». Рашэньняў вельмі шмат, яны штодзённыя, і слушна прынятыя рашэньні выратоўваюць жыцьці. І не аднаго, двух цяжкіх хворых можна выцягнуць, а дзясяткі, сотні і тысячы. Слушныя арганізацыйныя рашэньні менавіта так і дзейнічаюць.
Калі раён успыхнуў, то там будзе найгорш. Уявіце раённую рэанімацыю. Шэсьць ложкаў, адзін дзяжурны лекар, у яго прыёмны пакой, ковідная і чыстая зоны, экстраныя апэрацыі (добра, калі плянавыя скончыліся). І гэта адзін чалавек. Можа быць нястача пэрсаналу. Чым большы горад і мэдычная ўстанова, тым прасьцей з рэсурсамі. У раёнах будзе горш.
«Самае непрыемнае для мэдыцыны — гэта выгараньне»
— На вашую думку, хто адказны за афіцыйныя лічбы захварэлых і памерлых, якім у Беларусі ніхто ня верыць? Якая цана хлусьні?
— Гэта самы высокі кіраўнічы ўзровень. Я разумею, навошта гэта робіцца. Я не разумею, ці сапраўды людзі не разумеюць, што гэта высокая цана. Справа нават ня ў тым, каб напалохаць людзей. Ці разумееце вы самі, што адбываецца? У мяне няма ўяўленьня, што людзі разумеюць. Яны што, дурныя? Не. Гэта вельмі разумныя людзі на высокіх пасадах. Іх не хвалюе цана гэтага пытаньня, таму што, па вялікім рахунку, іх асабіста гэта, магчыма, тычыцца меней. Хоць гэта няпраўда, але, можа, яны так думаюць.
— Вы маеце на ўвазе, што яны не захварэюць і іх родныя не захварэюць?
— Яны думаюць, што атрымаюць па максымуме (дапамогу. — РС), а ўсе астатнія — няважна. Бо, як сьпяваў Акуджава, «пряников сладких всегда не хватает на всех», а ў пэрыяд перагрузкі сыстэмы аховы здароўя доступ да важных рэсурсаў становіцца каштоўным.
— Шмат дактароў загінула праз каранавірус, шмат мэдыкаў працуюць з максымальнай нагрузкай і рызыкай. Якая цана для мэдыцыны?
— Ізноў хварэе мэдычны пэрсанал. Мая родная сястра перахварэла, праз тры тыдні выкараскалася. Самае непрыемнае для мэдыцыны — гэта выгараньне. У чацьвёртай хвалі я б гэта паставіў на першае месца. Нават не хваробы і сьмерці мэдычнага пэрсаналу. Урэшце, цяпер мэдпэрсанал мае сродкі абароны і ўяўляе, як з гэтым змагацца, гэта ня тое, што першая хваля. А выгараньне — гэта ня проста празьмерная нагрузка і шмат працы.
Выгараньне — гэта дрэнная арганізацыя. Калі шмат працы, шмат дзяжурстваў, і чалавек падчас дзяжурства мітусіцца і вырашае праблемы, якія не павінен вырашаць (сартаваньне, каму аказваць дапамогу, а каму не, дзе шукаць кіслародныя пункты, чаму зноў перабоі з кіслародам), то ўрэшце чалавеку становіцца ўсё роўна. І барацьба за кожнага пацыента становіцца менш інтэнсіўнай. У рэанімацыі не вырашаецца пытаньне змаганьня з пандэміяй, але жыцьцё кожнага чалавека вырашаецца ў рэанімацыі.
У першую хвалю быў вялікі эмацыйны ўздым, у тым ліку таму, што была падтрымка грамадзтва. Цяпер гэта моцна прасела. Грамадзкія арганізацыі цяпер практычна адсутнічаюць і не дапамагаюць. Але патухлыя вочы рэаніматоляга пры працы з ковідам каштуюць яшчэ даражэй, чым пры працы бяз ковіду.
«Калі пачынаем чацьвёртую хвалю з перапрафіляваньня, гэта азначае, што мы зноў нешта ня так робім»
— Патухлыя вочы цяпер, напэўна, і ў анколяга, і ў кардыёляга, і афтальмоляга, якія працуюць з ковіднымі хворымі, бо іх аддзяленьні перапрафілявалі, і людзі зь іншымі хваробамі маюць праблемы з доступам да мэдычнай дапамогі.
— Калі мы пачынаем чацьвёртую хвалю з перапрафіляваньня і закрыцьця высокатэхналягічных і вельмі важных відаў дапамогі, гэта азначае, што мы зноў нешта ня так робім. Я разумею, чаму гэта было зроблена ў першую хвалю, у другою, але ў чацьвёртую... Мы закрылі экстраную хірургію. Ці гэта ня вернецца да нас? Вернецца. Нібы людзі нічым не хварэюць, акрамя ковіду.
«Маскі, дыстанцыяваньне, вакцынацыя — гэта ваша рашэньне. Усё ў вашых руках»
— Што адбываецца цяпер у вашым аддзяленьні анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі?
— Цяпер шпіталь цалкам «разьвярнулі» пад каранавірус. Ізноў гераізм. Але кожны гераізм — гэты нечы правал. Асабісты досьвед у людзей ёсьць, а сыстэмнага, агульнага досьведу не прасочваецца. Гэта вельмі крыўдна, усім вельмі цяжка. Гэта тое, што расхалоджвае, калі ўсе твае намаганьні ўпіраюцца ў не табой абраныя ўмовы, калі цябе паставілі ва ўмовы, калі дапамагаеш значна меншай колькасьці людзей. І гэта нядобра.
— Што вы параіце людзям рабіць ці не рабіць, каб захаваць здароўе і жыцьцё сваё і сваіх блізкіх падчас новай хвалі каранавіруснай эпідэміі?
— Я заклікаю ўсіх думаць над тым, што вы робіце з пункту гледжаньня пандэміі. Як аказалася, думаць пра вас, за вас і вашых блізкіх ніхто больш ня будзе. Пандэмія — гэта не прыдумка. Дагэтуль сустракаю меркаваньні, што гэта ўсё прыдумана і гэта ўсё для чыпаваньня. Гэта варʼяцтва, асабліва з пункту гледжаньня таго, што ўжо чацьвёртая хваля. Думайце самі. Маскі, дыстанцыяваньне, вакцынацыя — гэта ваша рашэньне. Усё ў вашых руках.