Канстытуцыйны суд разгледзеў у парадку папярэдняга кантролю канстытуцыйнасьць закону «Аб зьмене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Пра гэта гаворыцца ў рашэньні, афіцыйна апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Закон аб зьмене Канстытуцыі, палажэньнямі якога прадугледжваецца ўнясеньне дапаўненьняў у Асноўны закон, прынятыя дзеля ўдасканаленьня канстытуцыйных палажэньняў аб выбарчай сыстэме Беларусі, адзначаецца ў дакумэнце.
У прыватнасьці, арт. 67, які прадугледжвае, што выбары дэпутатаў зьяўляюцца прамымі, дапаўняецца часткай, паводле якой выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасаваньня. Гэта азначае, што выбары дэпутатаў як Палаты прадстаўнікоў, так і мясцовых Саветаў дэпутатаў будуць праводзіцца ў адзін дзень, і што мясцовыя выбары, якія павінны былі адбыцца ў пачатку 2022 году, пераносяцца як мінімум на 1 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект аб зьменах у Канстытуцыю, які скасоўвае мясцовыя выбары ў 2022-м, прынялі ў другім чытаньніНа думку Канстытуцыйнага суда, гэта мэтазгодна, бо спрыяе скарачэньню арганізацыйных і фінансавых выдаткаў на правядзеньне выбараў, стварэньню дадатковых выгодаў для выбарнікаў і ўмоваў для больш якаснай працы выбарчых камісій усіх узроўняў.
«Канстытуцыйны суд лічыць, што сумяшчэньне дзён галасаваньня па выбарах дэпутатаў не парушае прававых гарантый рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян Беларусі на ўдзел у вырашэньні дзяржаўных спраў праз свабодна абраных прадстаўнікоў, прынцыпаў выбарчай сыстэмы», — гаворыцца ў рашэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таемны сэнс імітацыі. У чым хітрая задума з канстытуцыйнай рэформай?Акрамя таго, змяняецца тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Канстытуцыя дапаўняецца арт. 147, паводле якога яны ажыцьцяўляюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, абраных у адзіны дзень галасаваньня. Як адзначае Канстытуцыйны суд, зьмена тэрміну ўяўляе сабой часовую меру, разьлічаную толькі на пераходны пэрыяд.
Закон «Аб зьменах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам рэспублікі 4 кастрычніка.