«Дзевяноста шосты». Зянон Пазьняк: Чалавек, якога выбралі рабы і які здрадзіў Бацькаўшчыне, здрадзіў народу, перастаў быць прэзыдэнтам

Мітынг 24 сакавіка 1996 ля Опэрнага тэатру, прамаўляе Зянон Пазьняк. Фота Георгія Ліхтаровіча

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.

Вы можаце атрымаць кнігу ў падарунак, адказаўшы правільна на пытаньні пра падзеі 1996 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вы ведаеце пра 1996? Адкажыце на 10 пытаньняў і атрымайце ў падарунак кнігу

Раніцай 24 сакавіка мы з жонкай селі ў нашым Уруччы на аўтобус (мой «Масквіч», няспраўны зь верасьня, стаяў у двары пад сьнегам, на рамонт не было грошай), даехалі да станцыі мэтро «Усход» і праз пятнаццаць хвілінаў выйшлі на плошчы перад Домам ураду.

Там ужо сабраліся некалькі тысяч чалавек — адна частка на самой плошчы, другая каля Галоўпаштамту. АМАП спрабаваў перакрыць шлях, але людзі прарвалі кардон, аб’ядналіся і пад бел-чырвона-белымі сьцягамі рушылі цэнтральным праспэктам, які тады насіў імя Скарыны.

Шэсьце 24 сакавіка 1996, з мэгафонам -- Валянцін Голубеў. Фота Галіны Навумчык

На чале калёны ішлі лідэры Народнага Фронту, Валянцін Голубеў прамаўляў у мэгафон. Да нас далучаліся ўсё новыя людзі, і, калі заварочвалі з праспэкту на вуліцу Купалы, «хвост» калёны заставаўся недзе на Кастрычніцкай плошчы.

Шэсьце 24 сакавіка 1996, фота Георгія Ліхтаровіча

Перад Опэрным тэатрам сабралася да 30 тысяч чалавек. Мора бел-чырвона-белых сьцягоў.

Весьці мітынг даручылі мне, намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка зачытваў рэзалюцыі.

Захаваліся фрагмэнты магнітафоннага запісу.

Валянцін Голубеў: «Сёньня — дзень пратэсту, дзень змаганьня за Незалежнасьць дзень змаганьня з антыбеларускімі ўладамі. Тое, што я бачу сёньня, гэтыя тысячы людзей, гэтыя дзясяткі і сотні бел-чырвона-белых сьцягоў, паказваюць, што беларусы жылі, жывуць і будуць жыць. Нас ціснулі, нас давілі, даўно хацелі зьнішчыць і беларусаў, і Беларусь, але народ падымаўся. Народ падымаўся ў канцы XVIII стагодзьдзя пад кіраўніцтвам Касьцюшкі. Мы падымаліся ў 1830 — 31-м годзе, мы падымаліся пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. І зараз мы падымемся, калі вось тыя людзі, якія ня маюць беларускіх каранёў, будуць імкнуцца зьнішчыць Беларусь, зьнішчыць беларусаў. Лукашэнка толькі і робіць, што падманвае свой народ. Ён падмануў пэнсіянэраў, падмануў сялянаў, калі ён абяцаў усё, што толькі хто хацеў, і яны за яго прагаласавалі. Ён ня выканаў нічога!».

Мітынг 24 сакавіка 1996, фота: Георгія Ліхтаровіча

Генадзь Карпенка: «78 гадоў назад лёс даў беларусам стварыць сваю дзяржаву. Але крок гэта быў, сваёй дзяржавы, невялікі. Пяць гадоў назад парлямэнт Беларусі зрабіў усё, каб наша дзяржава стварылася. Парлямэнт зрабіў, каб дзяржава стала жыць. Але сёньня становішча такое, што ўсё, што створана людзьмі, ставіцца пад сумненьне. Задаецца пытаньне: як нам жыць, які лёс, які варыянт эканомікі выбіраць? У нашу мову ўвайшлі такія паняцьці, якія не разумее народ — „інтэграцыя“... Што яшчэ там, я і сам не разумею... „Лукашызацыя“, мне тут падказваюць. У Беларусі ёсьць свой лёс, у Беларусі ёсьць свае магчымасьці стварыць сваю дзяржаву. Сёньня гавораць, што мы эканамічна ня можам выжыць. Мы можам выжыць, я ведаю. Беларусь мае свае шляхі. Беларусь выйдзе на гэтыя шляхі. Я думаю, і вы ведаеце выйсьце для Беларусі — гэта праз сваю дзяржаўнасьць. Жыве Беларусь!».

Мітынг 24 сакавіка 1996 году, прамаўляе Васіль Быкаў

Станіслаў Багданкевіч: «Прыгадаем, што такое Расея цяперашняя — гэта карумпаваны капіталізм, дзікі капіталізм, гэта карупцыя, гэта фашызм карычневы, які ўздымае галаву ў гэтай краіне. Гэта вайна супраць уласнага народа, гэта гібель у Чачні гарадоў і паселішчаў. Я разумею літоўцаў, латышоў, палякаў, славакаў, чэхаў, калі яны хочуць інтэгравацца ў эканоміку Захаду ў імя дабрабыту свайго, сваіх дзяцей і ўнукаў, у імя лепшай тэхналёгіі. У імя чаго мы сёньня жадаем у гэтую краіну ўліцца ў якасьці заходняй тэрыторыі? Няхай жыве наша цудоўная сувэрэнная Беларусь!».

Сяргей Антончык згадаў паказаны па тэлебачаньні выступ Лукашэнкі, у якім той прапанаваў сабраць грошы, каб яго, Антончыка, накіраваць за мяжу. Сяргей жа прапанаваў сабраць на плошчы грошы, каб набыць для Лукашэнкі білет у Маскву. «У адзін бок, бо зваротны ня трэба!» — пачуліся скрозь сьмех галасы.

Мітынг 24 сакавіка 1996, фота Галіны Навумчык

Зянон Пазьняк: «Ні адна цывілізацыя не загінула ад голаду. Гінулі ад упадку культуры і маралі. Ня бойцеся, калі ня будзе хлеба, бойцеся, калі ня будзе мовы. Бо не эканомікай жыве народ. Народ жыве духам. Народ жыве верай. Народ жыве сэрцам. І сюды нас прывяло сэрца. І калі яно б’ецца за Бацькаўшчыну, ніякія сілы не перамогуць нас. Той чалавек, якога выбралі рабы, і які здрадзіў Бацькаўшчыне, які здрадзіў народу — гэты чалавек перастаў быць прэзыдэнтам. Ён паставіў сябе па-за Канстытуцыяй і па-за Законам. З таго часу, калі будуць падпісаныя гэтыя пагадненьні, ён перастае быць афіцыйным прэзыдэнтам. І кожны з нас можа яго не лічыць больш прэзыдэнтам. Ён прадлягае суду, народнаму, суду сумленьня, і нашым законам, якія дзейнічаюць і якія мы будзем берагчы».

І выступоўцы, і людзі на плошчы былі адзіныя ў памкненьні абараніць Беларусь. Самага высокага эмацыйнага накалу гэтая еднасьць дасягнула пад час песьні Касі Камоцкай «Прэзыдэнт, ідзі дамоў!»

І мы з табой выбіраем слова, але яны яго не пачуюць,
І мы за сабой пакідаем тры словы : «Прэзыдэнт, ідзі дамоў!»


«Прэзыдэнт, ідзі дамоў!» — паўтаралі тысячы галасоў плошчы.

А мы пайшлі да будынку, адкуль сапраўды можна было паўплываць на хаду падзеяў.

24 сакавіка 1996, мітынгоўцы накіроўваюцца да тэлецэнтру. Фота Галіны Навумчык

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Васіль Быкаў: У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. У нас гэта — месца, дзе адбываюцца рэпрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: БНФ мяняе тактыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Мёртвыя паўстаюць і ідуць галасаваць супраць БНФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.