«Ні мэдсёстры, ні лекары — ніхто ня спаў»
«Раней я не хварэла на ковід. Зьбіралася прышчапіцца, але празь цяжарнасьць вакцынацыю давялося адкласьці, — расказвае жанчына (імя і прозьвішча ёсьць у рэдакцыі. — РС). — Хадзіла заўсёды ў масцы, старалася неяк сябе абараніць. А ў выніку заразілася ад блізкага чалавека, які ня верыць у існаваньне каранавірусу».
Мянчанка расказала, што, як толькі ў яе паднялася тэмпэратура да 38 °С, яна адразу ж вырашыла выклікаць «хуткую».
«Калі шчыра, давялося ўгаворваць лекараў, каб мяне паклалі ў шпіталь. Я сказала, што зьяўляюся кантактам першага ўзроўню, але гэтага было недастаткова. Мне пашанцавала, што трапілася брыгада, якая пайшла насустрач. Яны напісалі, што ў мяне падазрэньне на пнэўманію, бо „забіраць“ могуць звычайна толькі цяжарных, якія праляжалі з тэмпэратурай каля 5 дзён», — распавядае жанчына.
У выніку яе завезьлі ў радзільню шостай лякарні Менску. Там ёй амаль адразу ж зрабілі экспрэс-тэст на каранавірус. Вынік пацьвердзіў заражэньне. Тым ня менш, па словах цяжарнай, мэдработнікі парэкамэндавалі ёй працягнуць лячэньне дома. Яна адмовілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няма лекараў і месцаў у шпіталях, няма даверу да вакцыны. Улады Беларусі паўтара года ня могуць перамагчы каранавірусПазьней, расказвае жанчына, яна трапіла ў гінэкалягічнае аддзяленьне на 6-м паверсе, якое цалкам адвялі для хворых на COVID-19 цяжарных. Паводле суразмоўцы, толькі адна ягоная частка на той момант была адрамантаваная.
«У другой частцы спачатку ляжалі гаспадарчыя рэчы, разабраныя сталы і крэслы, віселі анучы. І толькі нядаўна пакоі пераабсталявалі ў палаты — туды завезьлі ложкі з матрацамі, тумбачкі. Ніякіх кіслародных апаратаў там, вядома, не было», — апавядае яна.
Ужо праз два дні знаходжаньня яе ў лякарні колькасьць цяжарных, якіх завозілі ў аддзяленьне з сымптомамі COVID-19, пачала рэзка расьці.
«Уначы быў нейкі каляпс. Ні мэдсёстры, ні лекары — ніхто ня спаў. Думалі, куды іх класьці. Усе калідоры былі ў цяжарных, якія ляжалі пад кропельніцамі проста на кушэтках. У рэанімацыях месцаў не хапала. Літаральна праз пару дзён усю радзільню ўжо аддалі пад ковідных», — кажа жанчына.
Па словах суразмоўцы, у яе аддзяленьні было 64 ложкі, зь якіх толькі «каля 15 працэнтаў» забясьпечылі прытокам кіслароду.
«Астатнія пацыенткі стаялі на калідорах у чэргах да кіслароднага генэратара. Іх было 3 штукі на цэлы паверх», — сьцьвярджае цяжарная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ковід вылечылі, але ўзьніклі іншыя ўскладненьні». Лідэр прадпрымальнікаў Шумчанка трапіў у рэанімацыюЯна кажа, што ў аддзяленьні ляжала жанчына ў цяжкім стане на 25-м тыдні цяжарнасьці.
«У яе было 40% пашкоджаньня лёгкіх. Мне яна расказала, што ў такім стане дома знаходзілася амаль тыдзень. „Хуткую“ адразу не выклікала, а пайшла да тэрапэўта. У выніку ёй нават не зрабілі ПЦР-тэст. Зь лячэньня прызначылі папіць ад кашлю малако з какава-алеем і, калі падымецца тэмпэратура, прыняць гарачкапаніжальныя. Пачуўшы гэта, я была ў шоку, — апавядае суразмоўца. — Праз тыдзень тэмпэратуры 38,5 °С яна выклікала „хуткую“. Калі лекары прыехалі, ёй памералі сатурацыю (насычанасьць кіслародам крыві), якая аказалася ўжо вельмі нізкай, пасьля чаго яе адразу ж забралі ў шпіталь. Там зрабілі кампутарную тамаграфію (якую цяжарным рабіць, дарэчы, нельга) і адразу ж зьмясьцілі пад кропельніцы».
На больш як 60 пацыентак — 2 мэдсястры
Мэдпэрсаналу, па словах жанчыны, у аддзяленьні бракавала. Загадчыца і трое лекараў прыходзілі ў «чырвоную зону» адзін раз на дзень, каб правесьці абыход хворых. На ўвесь астатні час на шэсьць дзясяткаў пацыентак заставаліся 2 мэдсястры. Яны ставілі кропельніцы, выдавалі таблеткі, рабілі ўколы, мералі ціск, тэмпэратуру і г.д.
Жанчына кажа, што яна не разумее, як можна працаваць у такіх умовах.
«Мэдпэрсанал працуе на 150% сваіх магчымасьцяў. Ня ведаю, што іх так матывуе. Хочацца ім падзякаваць», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкіПа яе словах, кіслародных масак у лякарні не было, «цяжкія» пацыенты дыхалі праз насавыя канюлі. Лячылі хворых прэпаратамі для зьніжэньня згусальнасьці крыві, вітамінам C, парацэтамолам і таблеткамі ад кашлю.
«У крытычных выпадках ставілі яшчэ мачагонныя кропельніцы для вывядзеньня вады з арганізму і зьняцьця ацёку лёгкіх, каб лягчэй было дыхаць», — кажа яна.
Цяпер жанчына ўжо дома. Яна распавядае, што, хаця хвароба ў яе працякала ў лёгкай форме, фізычны стан пакуль не да канца прыйшоў у норму.
«Цяпер такі „пастковідны сындром“ — хуткая стамляльнасьць, задышка, аналізы не ідэальныя. Я лічу, што ўсім, хто перахварэў на каранавірус, патрэбна і псыхалягічная дапамога. Бо жыцьцё ў нейкім сэнсе дзеліцца на „да“ і „пасьля“. У маім выпадку гэта ў першую чаргу трывога за дзіця. Але лекары стараліся супакоіць, сказалі, што гэта на яго здароўі не адаб’ецца», — кажа цяжарная мянчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ўлады засакрэцілі статыстыку, зь якой вынікаў рост сьмяротнасьці падчас пандэміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ не абяцае хуткага рашэньня па вакцыне «Sputnik V»