Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) працягвае вывучаць дадзеныя пра расейскую вакцыну Sputnik V, пасьля чаго яна можа быць ухваленая для экстранага выкарыстаньня супраць каранавірусу, але такое рашэньне нельга лічыць непазьбежным.
Тлумачэньне было зробленае пасьля таго як міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка днямі заявіў, што адміністрацыйныя пытаньні застаюцца адной з галоўных прычын затрымак у працэсе прыняцьця рашэньняў САЗ.
Такая ўхвала стала б сьведчаньнем міжнароднага даверу да вакцыны і магла б пракласьці шлях да яе ўключэньня ў праграму COVAX, у рамках якой вакцына ад COVID-19 пастаўляецца ў дзясяткі краінаў сьвету.
«Як і ў выпадку іншых вакцын-кандыдатаў, САЗ працягвае ацэньваць вакцыну Sputnik V на розных вытворчых пляцоўках і апублікуе рашэньне аб яе статусе ў сьпісе вакцын, дазволеных для экстранага выкарыстаньня, калі будуць атрыманыя ўсе дадзеныя і праверка будзе завершаная», — сказана ў заяве САЗ.
Раней САЗ ухваліла вакцыны вытворчасьці кансорцыюму Pfizer і BioNTech, а таксама кампаніяў AstraZeneca, Johnson & Johnson, Moderna, Sinovac і Sinopharm.
У Беларусі на гэты момант ухваленыя для выкарыстаньня расейскія вакцыны Sputnik V і Sputnik Light і кітайская Vero Cell ад кампаніі Sinopharm. На мінулым тыдні міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч сказаў, што неўзабаве можна будзе прышчапіцца і вакцынамі Pfizer і AstraZeneca, але, адрозна ад даступных цяпер вакцынаў Sputnik V і Vero Cell ад Sinopharm, толькі за грошы.