Карыкатура пра Беларусь стала першай на міжнародным эўрапейскім конкурсе

Пераможца конкурсу Том Янсэн

На карыкатуры мастак выявіў Лукашэнку і імітацыю намаганьняў па дэмакратызацыі Беларусі з боку Эўразьвязу.

Мастак Том Янсэн з карыкатурай «Эўразьвяз і Беларусь» стаў ляўрэатам прэстыжнай прэміі European Cartoon Award 2021. Сваім малюнкам аўтар выказаў сумнеў у тым, што палітыка Эўразьвязу рэальна дапамагае сыходу Лукашэнкі і ўсталяваньня дэмакратычнай улады ў Беларусі.

Карыкатура пра Эўразьвяз і Лукашэнку аўтарства Тома Янсэна

Удзел у конкурсе сёлета ўзялі карыкатурысты з 28 краін. На першым этапе прадставілі 287 работ.

Конкурс European Cartoon Award 2021 заснавалі ў 2019 годзе «Эўрапейскі прыз для прэсы» і «Студыя Эўропа» ў Маастрыхце (Нідэрлянды). Гэта адбылося пасьля таго, як буйная амэрыканская газэта New York Times адмовілася публікаваць рэдакцыйныя карыкатуры.

Адзін зь фіналістаў сёлетняга прызу Т’ерд Роярдз адзначыў, што выбар прафэсіі палітычнага карыкатурыста цяпер асабліва адважны, паколькі вядучыя выданьні ўсё часьцей пазбаўляюць такія малюнкі месцаў на газэтнай паласе, а індэкс свабоды прэсы ў апошнія гады стаў рэзка падаць.

Малюнак на тэму небясьпекі працы журналістаў, што заняў 2-е месца

Карыкатура на Сі Цзіньпіна і Дональда Трампа вакол абвінавачаньняў у распаўсюдзе COVID-19. 3-е месца ў конкурсе

На тэму падзей у Беларусі ў фінал прабілася і работа, прысьвечаная «калёнам Эўропы», дзе «беларуская калёна» адсутнічае, а калёны з надпісамі «Польшча», «Баўгарыя» і «Вугоршчына» пайшлі расколінамі.

Карыкатура пра «калёны Эўропы», якая таксама прабілася ў фінал 2021 году

Пераможца конкурсу Том Янсэн сказаў, што прыз European Cartoon Award 2021 падвышае постаць карыкатурыста, дае яму разуменьне важнасьці ягонай спэцыялізацыі, паколькі мастакі такога жанру крытыкуюць улады, увасабляюць на паперы палітыкаў у сатырычным выглядзе і займаюцца працай, якую часта не разумеюць і крытыкуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз супраць Украіны і ўльтыматум Эўразьвязу. Што азначае ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля пакаралі трыма з паловай гадамі калёніі за нацыянальныя сьцягі з пустой пэтардай і карыкатурай на АМАП