Паэта і жанчыну — у прэзыдэнты, абвінавачаньні ў супрацы з КДБ. Чым запомніўся рух «Гавары праўду», які ліквідаваў Вярхоўны суд

8 кастрычніка Вярхоўны суд ліквідаваў арганізацыю, створаную для падтрымкі Уладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

«Абудзіць беларускае грамадзтва»

«Гавары праўду» стваралася як грамадзянская кампанія ў лютым 2010 году. Першапачатковай мэтай былі «збор і распаўсюд рэальнай інфармацыі аб стане рэчаў у гаспадарцы і грамадзка-палітычным жыцьці краіны». Прэзэнтацыя «Гавары праўду» прайшла ў гатэлі Crowne Plaza ў Менску 25 лютага 2010 году, яе заснавальнікамі называліся паэт Уладзімер Някляеў, прафэсар Генадзь Грушавы, праваабаронца Тацьцяна Процька, паэты Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, а таксама літаратуразнаўца і палітоляг Аляксандар Фядута.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пачаў разгляд справы аб ліквідацыі руху «Гавары праўду»

«Мэта кампаніі — абудзіць беларускае грамадзтва, якое жыве ва ўмовах падману і нібы не заўважае яго», — гаварыў на сваёй першай у якасьці грамадзкага дзеяча прэс-канфэрэнцыі Ўладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў прамаўляе падчас прэзэнтацыі кампаніі «Гавары праўду, 25 лютага 2010 году

Напачатку лідэры і ўдзельнікі «Гавары праўду» не пацьвярджалі, што мэта кампаніі — удзел яе лідэра Уладзімера Някляева ў прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2010 году. Апрача згаданых вышэй лідэраў, у шэрагі «ГП» хутка перайшлі і дзеячы так званай «старой апазыцыі» з самых розных палітычных партый і грамадзкіх рухаў. Напрыклад, Андрэй Дзьмітрыеў, які разам з Тацьцянай Караткевіч узначаліў «Гавары праўду» пасьля сыходу Някляева, перайшоў туды з АГП. Караткевіч, у сваю чаргу, да дзейнасьці ў «Гавары праўду» была актывісткай БСДП (Грамада). А Сяргей Вазьняк, які адыгрываў адну зь вядучых роляў у «Гавары праўду» падчас усяго пэрыяду яе існаваньня, адкрыта называе сябе камуністам. Далучыліся да дзейнасьці «ГП» таксама сябры БНФ і іншых палітычных партый.

Першыя затрыманьні актывістаў і ўдзел у выбарах

Першымі акцыямі «Гавары праўду» стаў збор скаргаў і прапановаў ад грамадзянаў, а таксама спроба назваць вуліцу Менску імем Васіля Быкава. Абедзьве кампаніі хутка сутыкнуліся з супраціўленьнем з боку ўладаў. Паштоўкі зь лягатыпам кампаніі, на якіх актывісты прапаноўвалі пісаць скаргі, масава канфіскоўвалі. Тое самае адбывалася з падпіснымі лістамі за вуліцу Быкава.

Пікет з патрабаваньнем прысвоіць імя Васіля Быкава вуліцы ў Менску, 9 лістапада 2010 году

18 траўня 2010 году па ўсёй краіне адбыліся ператрусы ў офісах кампаніі і кватэрах яе актывістаў. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Яны праходзілі ў крымінальнай справе паводле артыкулу «Распаўсюд заведама лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі». Праваахоўнікі канфіскоўвалі тэхніку і дакумэнты. Уладзімер Някляеў, Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк правялі ў ізалятары трое сутак, пасьля чаго іх адпусьцілі ў статусе падазраваных.

2 верасьня 2010 году Ўладзімер Някляеў абвясьціў, што будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году. Ён зрабіў гэта падчас эфіру на радыё «Эхо Москвы».

Ініцыятыўную групу па вылучэньні Ўладзімера Някляева ўзначаліў Андрэй Дзьмітрыеў. Адной з асаблівасьцяў кампаніі Някляева стала адмова ад выкарыстаньня нацыянальных бела-чырвона-белых сцягоў, у агітацыйных матэрыялах «Гавары праўду» шырока выкарыстоўвалася расейская мова і нэўтральны бірузовы колер. За вылучэньне свайго кандыдата актывісты ГП сабралі больш за 193 тысячы подпісаў. Афіцыйны вынік Някляева на выбарах 19 сьнежня 2010 году склаў 1,78%, самога яго пабілі і затрымалі яшчэ да завяршэньня галасаваньня.

Пабіты сілавікамі Ўладзімер Някляеў, 19 сьнежня 2010 году

29 сьнежня Някляева разам з шэрагам іншых кандыдатаў у прэзыдэнты і актывістаў абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У лютым яго асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай.

«Што я магу адзін зрабіць супраць спэцслужбаў?»

Дзейнасьць «Гавары праўду» аднавілася ў 2011 годзе. У 2013 годзе яна стала адным з удзельнікаў так званага «Народнага рэфэрэндуму», падчас якога актывісты зьбіралі актуальныя праблемы па ўсёй краіне і абяцалі арганізаваць усеагульнае абмеркаваньне. На мясцовых выбарах 2014 году «Гавары праўду» вылучыла амаль пяцьсот кандыдатаў. Толькі сто зь іх зарэгістравалі, у склад саветаў у выніку не ўвайшоў ніхто.

У кастрычніку 2014 году «Гавары праўды» перадало ў парлямэнт 50 тысяч подпісаў за «Народны рэфэрэндум»

8 красавіка 2015 году «Гавары праўду» пакінуў Уладзімер Някляеў. Спачатку ён патлумачыў сваё рашэньне няздольнасьцю апазыцыі вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары.

«Двухгадовыя перамовы беларускай апазыцыі аб вылучэньні адзінага кандыдата і вызначэньні сумеснай праграмы на прэзыдэнцкія выбары 2015 году завяршыліся безвынікова», — паведаміў ён.

Аднак у пазьнейшых інтэрвію Някляеў фактычна абвінаваціў сваіх найбліжэйшых паплечнікаў па кампаніі ў супрацы з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі.

«Ёсьць тое, што ёсьць. Мяне папракаюць, чаму я не зрабіў усё, што можна зрабіць, не змагаўся з былымі паплечнікамі, зь Дзьмітрыевым, з тымі, хто абсеў сёньня „Гавары праўду“. Але што я, адзін чалавек, магу зрабіць супраць спэцслужбаў? Я мог зрабіць толькі тое, што мог зрабіць — сысьці», — гаварыў Някляеў у размове са Свабодай у канцы жніўня 2015 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў: Чаму я не змагаўся зь Дзьмітрыевым? А што я адзін магу супраць спэцслужбаў?

Кандыдатам на выбарах 2015 году ад «Гавары праўду» стала Тацьцяна Караткевіч. Яна была першай у гісторыі Беларусі жанчынай, якая прэтэндавала на пасаду прэзыдэнта. Паводле афіцыйных зьвестак, Караткевіч набрала 4,4% галасоў. Гэта быў другі пасьля Лукашэнкі вынік.

Тацяна Караткевіч галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка 2015 году

«Улада ліквідуе тых, хто быў на першай лініі атакі»

Афіцыйна арганізацыю зарэгістравалі ў 2017 годзе як Рэспубліканскае дасьледча-асьветніцкае аб’яднаньне «Гавары праўду». Гэта была сёмая спроба атрымаць афіцыйны статус, усе папярэднія скончыліся адмовай.

«Гавары праўду» беспасьпяхова ўдзельнічала ў мясцовых выбарах 2018-га і парлямэнцкіх 2019-га. У 2020 годзе кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах ад «ГП» стаў Андрэй Дзьмітрыеў. Згодна з афіцыйнымі вынікамі, Дзьмітрыеў атрымаў 1,21% галасоў. Падчас працэдуры збору галасоў і перадвыбарчай агітацыі Дзьмітрыеў адкрыта асудзіў арышты Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага.

Андрэй Дзьмітрыеў падчас выбарчай кампаніі 2020 году

«Я лічу, што, у прынцыпе, практычна можна гаварыць пра тое, што выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася рэальная кампанія супрацьстаяньня, — сказаў Дзьмітрыеў 30 чэрвеня 2020 году на прыступках будынку Дома ўраду. — Трэба проста выкарыстоўваць гэтую кампанію, каб гаварыць пра гэтае беззаконьне, дамагацца вызваленьня Бабарыкі, Ціханоўскага, Лосіка, усіх. Улада фактычна гуляе зь людзьмі, ліквідуе тых, хто быў на першай лініі атакі, і здаецца, што тыя, хто, можа быць, не такі папулярны, яны спойлеры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Правялі ўстаноўчы сход онлайн». Што з партыямі Бабарыкі, Латушкі і Дзьмітрыева

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які дзейнічае з 1934 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ліквідаваў БХК, гэта была перадапошняя зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя