Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правялі ўстаноўчы сход онлайн». Што з партыямі Бабарыкі, Латушкі і Дзьмітрыева


Андрэй Дзьмітрыеў, Віктар Бабарыка, Павал Латушка
Андрэй Дзьмітрыеў, Віктар Бабарыка, Павал Латушка

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году трое беларускіх палітыкаў заявілі пра намер стварыць уласныя партыі. Свабода пацікавілася, як з таго часу прасунулася партыйнае будаўніцтва.

  • Пра стварэньне партыі Віктара Бабарыкі стала вядома яшчэ летась у жніўні. Штаб палітыка распаўсюдзіў яго відэазварот, запісаны напярэдадні арышту.
  • Павал Латушка абвясьціў пра стварэньне ўласнай партыі ўвесну гэтага году і абяцаў цягам месяцаў прадставіць дэталі. Але дагэтуль кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва не расказаў падрабязнасьцяў.
  • Таксама ўвесну пра пляны стварыць сваю партыю заявіў былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў. Ён нават агучыў яе працоўную назву — «Наша партыя».

Партыя Бабарыкі: «Большая частка дзейнасьці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступленьня»

Каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і аргкамітэту партыі «Разам» Іван Краўцоў расказаў Свабодзе, што праца над стварэньнем партыі не спынілася і што каманда працуе «спакойна, зыходзячы з магчымасьцяў цяперашняй сытуацыі».

Пакуль што, паводле яго, гэта практычна выключна онлайн-актыўнасьць: сустрэчы, сэмінары, лекцыі. Большая частка дзейнасьці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступленьня.

Іван Краўцоў (справа) і Марыя Калесьнікава
Іван Краўцоў (справа) і Марыя Калесьнікава

«Становішча ў Беларусі супэрскладанае, галоўнае для нас — гэта бясьпека людзей. Партыя — гэта надоўга, гэта не праект, які можа даць хуткі вынік. Самае важнае — захаваць супольнасьць, якая падтрымлівае наш палітычны парадак дня, бачаньне будучыні Віктарам Бабарыкам і ягонай камандай. Для нас саміх гэта таксама важна — мы шмат чаму вучымся дзякуючы зносінам зь сябрамі партыі. Такія аб’яднаньні, як наша, таксама маюць сваю „сэзоннасьць“. У пэрыяд выбарчых кампаній ёсьць сэнс быць максымальна актыўнымі, у тым ліку публічна, у міжвыбарны пэрыяд — гэта іншы тып працы: разьвіцьцё арганізацыі і пабудова нефармальных кантактаў», — сказаў паплечнік Віктара Бабарыкі.

Іван Краўцоў кажа, што як толькі ў Беларусі можна будзе праводзіць мерапрыемствы ўжывую, то штаб Віктара Бабарыкі будзе рыхтаваць устаноўчы зьезд і падаваць дакумэнты на рэгістрацыю.

Партыя Латушкі: «Пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах»

Павал Латушка расказаў Свабодзе, што партыйнае будаўніцтва не сыходзіць з парадку дня, але цяпер ёсьць абмежаваньні палітычнага і адміністрацыйнага характару. Таму цяпер ягоная каманда праводзіць папярэднюю падрыхтоўчую працу для будучага стварэньня партыі, калі для гэтага будуць умовы.

«На жаль, сёньня цяжка гаварыць пра магчымасьць разьвіцьця палітычнай дэмакратычнай сыстэмы ў Беларусі. Фактычна адсутнічае магчымасьць рэгістрацыі новых і разьвіцьця існых партый і палітычна-грамадзкіх рухаў. Зьвязана гэта і з рэпрэсіямі ў бок грамадзтва за палітычныя погляды, і з выкарыстаньнем адміністрацыйных інструмэнтаў, якія блякуюць магчымасьць стварэньня і разьвіцьця партый», — кажа палітык.

Павал Латушка
Павал Латушка

Кіраўнік НАК дадаў, што яны распрацавалі адпаведныя падыходы і матэрыялы для прыняцьця праграмных дакумэнтаў палітычнай партыі. Але зарэгістраваць цяпер партыю ў Беларусі немагчыма, канстатуе Латушка.

«Але мы ўпэўненыя, што Беларусь мусіць быць парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай зь мінімалізацыяй функцый прэзыдэнта і моцным парлямэнтам, які будзе фармавацца палітычнымі партыямі. І выканаўчая ўлада будзе знаходзіцца ў палітычнай партыі альбо кааліцыі. Трэба быць гатовымі да гэтага, — лічыць палітык. — Для нас таксама вельмі важна падтрымліваць сувязь з патэнцыйным партыйным актывам у Беларусі. Гэта ў тым ліку неабходна, каб быць гатовымі да стварэньня рэгіянальных структур. Мы пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах».

Партыя Дзьмітрыева: «У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі»

Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што разам са сваёй камандай працягвае стварэньне «Нашай партыі». У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі і быў сфармаваны яго аргкамітэт.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Да партыі далучаюцца новыя людзі, і нам гэта вельмі прыемна. Таксама мы працягваем працу над праграмай і стварэньнем рэгіянальных структур і сёньня заклікаем усіх далучацца да аргкамітэту. У нас ужо ёсьць працоўныя групы. Мы не адмаўляемся ад намеру правесьці ўстаноўчы сход, у якім на патрабаваньне Міністэрства юстыцыі мусяць удзельнічаць ня менш за 1000 чалавек. Мы лічым, што стварэньне партыі — гэта, з аднаго боку, падрыхтоўка людзей да выбараў, калі б яны ні адбыліся, а таксама падтрымка тых, хто хоча заставацца актыўным і працягвае дзейнічаць нават у гэтых умовах», — гаворыць палітык.

У інтэрнэце ўжо ёсьць сайт партыі; штодня, паводле Дзьмітрыева, праходзяць онлайн-нарады і сустрэчы партыі, рэгіянальныя спатканьні. У інстаграме каманда Дзьмітрыева робіць штотыднёвыя справаздачы, па пятніцах праводзяць нефармальныя олайн-сустрэчы «Наша кухня».

Аднак у сувязі з сытуацыяй у краіне не пра ўсю дзейнасьць каманда паведамляе публічна, кажа Дзьмітрыеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG