Сяброўка Алены Талкачовай, журналістка Аляксандра Багуслаўская вядзе Інстаграм пра жыцьцё сабакі Тоні Старк, што чакае сваю гаспадыню зь СІЗА.
Аляксандра расказала, як чатыры месяцы жыве з Тоні і што піша ў лістах да Алены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурантам справы Tut.by працягнулі тэрмін пад вартай яшчэ на 2 месяцыАлену Талкачову затрымалі 18 траўня разам зь іншымі супрацоўнікамі Tut.by. Дзяўчыне прад’явілі абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).
Сабаку Алены — «дзяўчынку» зь імем супэргероя Тоні Старк — забрала да сябе Аляксандра, бо была зь сяброўкай падчас ператрусу ў кватэры.
«Я спачатку думала, што буду панятой, але потым мяне выгналі, і я сядзела ўнізе. Калі Лену забіралі ў СК, сабака быў са мной, і мы спачатку думалі, што Лену выпусьцяць да вечара, потым праз 3 дні, праз 10 сутак, але яе не выпускалі, і сабака застаўся са мной. Гэта быў аптымальны варыянт. Як той казаў, лёс склаўся так», — кажа Аляксандра Багуслаўская.
У Аляксандры ёсьць досьвед догляду за жывёламі, бо падлеткам яна мела пэкінэса Касю, якая цяпер жыве зь яе бацькамі. Пераезд Тоні ў кватэру Аляксандры ня стаў вялікім стрэсам, бо сабака добра яе ведае.
«Мы зь Ленай называлі мяне хроснай Тоні. Цяпер Лена піша ў лістах „фея-хросная“».
Першапачаткова Instagram-акаўнт Тоні стварыла Алена напрыканцы лістапада, каб захаваць імгненьні, як расьце Тоні.
«Немагчыма не рабіць фатаздымкі, не замілоўвацца, як яна расьце, яе звычкамі. Гэта проста фотаальбом, каб можна было ў любы момант зайсьці і паглядзець, якой Тоні была ў столькі месяцаў і ў столькі, нейкія прышпільныя моманты зь яе сабачага жыцьця. Калі Лену арыштавалі, яна мне напісала: „Калі ласка, вядзі Instagram Тоні, таму што я вельмі хачу ведаць, як яна праводзіць час, у якіх парках гуляе, з кім яна бачыцца, зь якімі сабачкамі сябруе“».
Спачатку Аляксандра дасылала друкаваныя фота сабакі Алене ў турму.
«У нейкі момант яна папрасіла так не рабіць, бо яе вельмі хвалюе бачыць, як Тоні расьце. Калі яе арыштавалі, Тоні было 7 месяцаў, яна была шчанём, а цяпер ужо год, гэта фактычна дарослы сабака. Лене, вядома, балюча ўсьведамляць, што яна прапусьціла гэта. Яна вельмі хацела сабаку... Яна ўсё гэта адкладала на час пасьля выбараў, але пасьля станавілася горш. У нейкі момант яна ўсё ж такі вырашыла, што хочацца жыць цяпер, і ўзяла Тоні».
«Лена згадвае Тоні ў кожным лісьце, просіць яе берагчы»
У сваіх лістах да Аляксандры Алена кожны раз піша, што моцна сумуе па сваёй Тоні і хоча пагуляць зь ёю.
«Лена піша, што на шпацырах у СІЗА заплюшчвае вочы і ўяўляе, быццам Тоні побач зь ёй бегае. Аднойчы яна мне напісала, што суседкі ёй кажуць, што гэта ўсяго толькі сабака, вось іх дома дзеці чакаюць. А Лена піша: „Як так? Гэта не ўсяго толькі сабака! Гэта член сям’і!“. Вельмі дарагая істота, і нельга так казаць. Лена згадвае Тоні ў кожным лісьце. Я ёй расказваю нейкія бытавыя сцэны з нашага жыцьця: як Тоні па раніцах пасьля шпацыру мокрымі лапамі руйнуе засланы ложак і закопваецца пад коўдру, як гаўкае на прасавальную дошку, як разгрызла цацку ўшчэнт і як мы купілі новую».
На шпацырах людзі замілоўваюцца Тоні, кажа дзяўчына.
«Тоні і праўда вельмі прыгожы сабака, і я разумею, што так кажуць усе ўладальнікі сабак, але яна вельмі прышпільная, гульлівая і актыўная, ёй трэба шмат руху. Але ў той жа час такая кабетка з характарам, можа спрачацца неяк. Яна вясёлая, накормленая, дагледжаная. Тоні не сядзіць сумная, не скуголіць на дзьверы, такога не было і спачатку. Яна заўсёды сярод людзей, якія яе любяць, ведаюць яе, ёй добра».
«Трэба гаварыць пра палітвязьняў любымі спосабамі, якія ў нас ёсьць»
Аляксандра кажа, што праз інстаграм Тоні яна прыцягвае ўвагу да Алены і іншых палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у справе Tut.by прызналі палітычнымі зьняволенымі«Як я пішу, што страціла вельмі блізкага сябра, гэтак жа Тоні Старк страціла сваю гаспадыню. І, вядома, хочацца, каб людзі пра гэта ведалі. Праз сваю гісторыю траўмы я прыцягваю ўвагу да Лены, што чалавек проста ні за што 4 месяцы сядзіць у турме, што яна круты журналіст, і гэта помста ўладаў і ўсяму Tut.by. Мне хочацца, каб людзі памяталі, Кожны палітвязень — гэта гісторыя, гэта чыёсьці жыцьцё, блізкія, дзеці, родныя, бацькі, сабакі ў тым ліку. Таму я думаю, што ў цэлым трэба гаварыць пра палітвязьняў любымі спосабамі, якія ў нас ёсьць», — падсумоўвае Аляксандра Багуслаўская.