Экс-прэм’ер Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, кароль Ярданіі Абдала II ібн Хусэйн, кенійскі прэзыдэнт Ухуру Кеніята і яшчэ некалькі дзясяткаў цяперашніх і былых сусьветных лідэраў, а таксама уплывовых мільярдэраў былі зьвязаныя з кампаніямі, якія выкарыстоўваюць падатковыя гавані.
Пра гэта сьведчаць вынікі расьсьледаваньня, праведзенага Міжнародным кансорцыюмам журналістаў-расьсьледнікаў (ICIJ), якое атрымала назву «Дасье Пандоры». У расьсьледаваньні таксама ўдзельнічалі звыш 650 журналістаў з 150 мэдыйных арганізацый. На працягу двух гадоў яны вывучалі 11,9 млн канфідэнцыйных дакумэнтаў, якія апынуліся ў распараджэньні ICIJ. Гэтыя дакумэнты дэманструюць цесную сувязь таемных афшорных угодаў і глябальнай палітыкі ў галіне фінансаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі крадзе грошы ў беларусаў»,— Цапкала абвінаваціў улады ў вывадзе бюджэтных сродкаў у афшоры. ВІДЭАПаводле «Дасье Пандоры», уплывовыя палітыкі, здольныя дапамагчы пакласьці канец афшорнай сыстэме, нажываюцца на ёй, хаваючы ўласныя актывы ў тайных афшорных кампаніях і фондах. Разам з тым улады робяць вельмі мала для таго, каб спыніць нелегальныя грашовыя патокі, якія прыводзяць да ўзбагачэньня злачынцаў і зьбядненьня краінаў. Афшорныя рахункі часта выкарыстоўваюцца для тайнага кіраваньня грашовымі сродкамі і пераводу буйных сумаў, каб схаваць сапраўдны памер капіталу іх уладальніка.
У ходзе расьсьледаваньня высьветлілася, што 35 былых і цяперашніх сусьветных лідэраў, а таксама 330 чыноўнікаў, якія займаюць дзяржаўныя пасады па ўсім сьвеце, зьвязаныя з афшорнымі рахункамі або кампаніямі. Журналісты выявілі такія сувязі ў міністраў фінансаў Пакістану, Нідэрляндаў, Бразыліі, а таксама ў былых міністраў фінансаў Мальты і Францыі і экс-кіраўніка Міжнароднага валютнага фонду Дамініка Строс-Кана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Райскія паперы»: у афшорах знайшлі грошы Лізаветы II, міністра гандлю ЗША, расейскай і казахстанскай элітыБеларусь
Паводле інфармацыі, апублікаванай на сайце ICIJ, беларускія палітыкі і чыноўнікі ў поле зроку расьсьледнікаў ня трапілі. Аднак з 27 000 кампаніяў, выяўленых у расьсьледаваньні, 138 зьвязаныя з уласьнікамі ў Беларусі.
Упершыню ў падобным расьсьледавальніцкім праекце паўдзельнічалі і беларусы — каманда «Белсат TV» «Давайце разьбірацца». Журналісты абяцаюць 4 кастрычніка а 19:00 паводле менскага часу на сайтах Siena – tiriamosios žurnalistikos centras, Organized Crime and Corruption Reporting Project і ютуб-канале «Давайце разьбірацца» раскрыць таямніцы супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ.
Зяленскі
У «Дасье Пандоры» фігуруе і Ўладзімір Зяленскі. Яшчэ да ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны ён валодаў доляй у афшорнай кампаніі, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх астравах, сьцьвярджаецца ў матэрыялах расьсьледаваньня.
За месяц да перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у красавіку 2019 году Зяленскі прадаў долю ў кампаніі Maltex як яе бэнэфіцыярны ўласнік свайму сябру і дзелавому партнэру Сяргею Шэфіру, цяпер першаму памочніку ўкраінскага прэзыдэнта. Паводле дакумэнтаў, датаваных ліпенем 2019 году, Шэфір захаваў сваю долю ў Maltex і пасьля таго, як стаў членам адміністрацыі Зяленскага. Ні Шэфір, ні Зяленскі не адказалі на шматлікія просьбы аб камэнтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё пасьля «Панамы»Бабіш
Яшчэ адзін фігурант расьсьледаваньня — прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш, які паабяцаў змагацца з карупцыяй, калі прыйшоў да ўлады ў 2017 годзе. Матэрыялы расьсьледаваньня сьведчаць, што ў 2009 годзе Бабіш, уключаны ў сьпіс мільярдэраў Forbes з маёмасьцю 3,4 млрд даляраў, перавёў 22 млн даляраў на рахункі шэрагу афшорных кампаній, каб набыць асабняк з двума басэйнамі і кінатэатрам у адной з горных вёсак Францускай Рыўеры, недалёка ад Канаў. Як удалося высьветліць журналістам чэскага парталу Investigace.cz, ні гэтыя афшорныя фірмы, ні асабняк ня значыліся ў дэклярацыях Бабіша аб валоданьні маёмасьцю. На просьбу пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі чэскі прэм’ер не адказаў.
У «Дасье Пандоры» гаворыцца таксама пра фінансы атачэньня прэм'ера Пакістану, сям'і Аліевых у Азэрбайджане, прэзыдэнта Кеніі, гендырэктара расейскага «Першага каналу» Канстанціна Эрнста ды іншых палітыкаў і чыноўнікаў з атачэньня Ўладзімера Пуціна.
- У аснову «Дасье Пандоры» леглі дадзеныя, якія належаць 14 фірмам, што аказваюць афшорныя паслугі па ўсім сьвеце. Яны ствараюць падстаўныя кампаніі для кліентаў, якія часта жадаюць захаваць сваю фінансавую дзейнасьць у таямніцы.
- Поўны сьпіс уплывовых асобаў, зьвязаных з падатковымі гаванямі або валодаюць афшорных рахункамі, можна знайсьці ў базе дадзеных ICIJ.
- «Дасье Пандоры» выйшла празь пяць гадоў пасьля другога знакавага расьсьледаваньня ICIJ — «Панамскага дасье». Тое выкрыцьцё, апублікаванае ў 2016 годзе, пацягнула за сабой сур’ёзныя наступствы, у тым ліку гучныя адстаўкі ў палітычным сьвеце.