«Панамскі архіў» — гэта больш за 10 мільёнаў дакумэнтаў адной з самых буйных юрыдычных афшорных кампаній, панамскай Mossack Fonseca.
Дакумэнты леглі ў аснову расьсьледаваньня Міжнароднага кансорцыюму журналістаў (ICIJ) і Цэнтру па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), а таксама шэрагу буйных міжнародных выданьняў. Усяго больш за 400 журналістаў з розных краін прынялі ўдзел у гэтым расьсьледаваньні. «Панамагейт» стаў найбуйнейшай уцечкай дакумэнтаў у гісторыі.
Як адрэагавалі краіны на публікацыю дакумэнтаў «Панамскага архіву»?
Вэнэсуэла
8 красавіка прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура даручыў праваахоўным органам праверыць ўсіх грамадзян краіны, чые імёны фігуруюць у «Панамскім архіве». Калі выявяць нейкія факты парушэньня законаў, падкрэсьліў прэзыдэнт, падазраваныя будуць аддадзены пад суд. У «Панамскіх дакумэнтах» «засьвяціліся» — былы высокапастаўлены вайсковец, былы член кіраўніцтва дзяржаўнай нафтавай кампаніі і прадстаўнік службы бясьпекі, які працаваў у прэзыдэнцкім палацы падчас кіраваньня Уга Чавэса.
Аўстрыя
7 красавіка пакінуў сваю пасаду генэральны дырэктар аўстрыйскага банку Hypo Vorarlberg, згаданы ў «Панамскім архіве». Міхаэль Грахамме (Michael Grahammer) узначальваў банк з 2012 году. Паводле дадзеных аўстрыйскага тэлеканалу ORF, які вывучыў дакумэнты з «Панамскага архіву», банк Hypo Vorarlberg быў зьвязаны з афшорнымі кампаніямі праз Траст ў Ліхтэнштэйне.
Аўстрыйскі фінансавы рэгулятар FMA пачаў правяраць афшорныя зьдзелкі Raiffeisen Bank International. Пакуль гаворка ідзе толькі пра пытаньне законнасьці дзеяньняў банкаў, аднак, калі парушэньні знойдуць, рэгулятар перадасьць інфармацыю сьледчым.
Аргентына
7 красавіка фэдэральны пракурор просіць суд пачаць расьсьледаваньне супраць прэзыдэнта краіны Маурысіё Макры. Згодна з публікацыі La Nacion, з 1998 па 2009 год Макра быў дырэктарам зарэгістраванай на Багамах кампаніі Fleg Trading Ltd. Расьсьледаваньне павінна ўстанавіць, ці ўказаў Макра ў падатковых дэклярацыях гэтыя фірмы, і калі не — ці быў у гэтым злы намер, заявіў пракурор Федэрыка Дэльгада.
Вялікабрытанія
7 красавіка прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран прызнаўся, што разам з жонкай валодаў доляй у афшорнай кампаніі, створанай яго нябожчыкам бацькам. Па словах прэм’ера, гэтую долю ў зарэгістраванай у Панаме яго бацькам кампаніі Blairmore Holdings яны з жонкай прадалі ў 2010 годзе, атрымаўшы за яе каля 30 тысяч фунтаў (прыкладна $ 42 тысячы). У інтэрвію брытанскай тэлекампаніі ITV Кэмэран сказаў, што яму «няма чаго хаваць», і што ён выплаціў усе належныя падаткі.
ЗША
7 красавіка стала вядома, што ўлады ЗША вывучаць дакумэнты «Панамскага архіву», каб атрымаць інфармацыю аб юрыдычных або фізычных асобах, якія маглі дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі. Гэтыя людзі ці кампаніі могуць быць дададзеныя ў «чорны сьпіс», які ўжо пашыраўся ў ліпні і сьнежні 2015 году. Мінфін ЗША уносіў у яго людзей, якія дапамагалі паплечнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна абыходзіць санкцыі. Дапоўнены сьпіс можа быць апублікаваны ў чэрвені, адначасова з галасаваньнем краін ЭЗ па пытаньні падаўжэньня санкцый адносна Расеі.
Мальта
6 красавіка члены ўраду Мальты — віцэ-прэм’ер Луі Грэч, міністар замежных спраў Джордж Веэла, міністар адукацыі Эварыста Бартала і міністар навакольнага асяродзьдзя Леа Брынкат — запатрабавалі адправіць у адстаўку міністра энэргетыкі краіны Конрада Мізі (Konrad Mizzi). Яго імя трапіла ў сьпіс сусьветных лідэраў, якія маюць дачыненьне да «афшорнага скандалу».
Швайцарыя
6 красавіка пракуратура Швайцарыі правяла ператрус у штаб-кватэры Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) у Ньёне ў сувязі з магчымымі парушэньнямі пры продажы правоў на тэлевізійныя трансьляцыі. Паводле «Панамскага архіву», подпіс Джані Інфантына стаяў на дамове 2006 году аб продажы за $ 111 тысяч правоў на паказ матчаў Лігі чэмпіёнаў у Эквадоры кампаніі Cross Trading, якая потым перапрадала іх тэлекампаніі Teleamazonas за $ 311 тысяч. Уладальнік Cross Trading, Х’юга Джынкіс, у 2015 годзе стаў фігурантам расьсьледаваньня аб карупцыі ў FIFA.
Ісьляндыя
5 красавіка «часова» сышоў у адстаўку прэм’ер-міністар Ісьляндыі Сігмюндзюр Гунлюйгсан (Sigmundur Davíð Gunnlaugsson). Як высьветлілі журналісты, прэм’ер доўгі час валодаў кампаніяй Wintris Inc., зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах, якой належалі даўгавыя абавязаньні ісьляндзкіх банкаў на 3,6 млн. эўра. Пасьля таго, як у 2008 годзе банкаўская сыстэма Ісьляндыі абвалілася, банкі былі нацыяналізаваныя. І хоць урад у выніку вярнуў грошы інвэстараў, яны былі абкладзены 39-адсоткавым падаткам на выпадак вываду іх з краіны. Пасьля таго, як кіраўніком ураду стаў Сігмюндзюр Гунлюйгсан, апошняе рашэньне было зьменена на карысьць замежных кампаній: «штраф» за вывад сродкаў быў значна паніжаны. Адной з замежных кампаній, якія атрымалі «паслабленьне», і была Wintris Inc.
Чылі
4 красавіка ў адстаўку падаў прэзыдэнт чылійскага аддзяленьня Transparency International Гансала Дэлаво (Gonzalo Delaveau). Як юрыст, ён прадстаўляў пяць фірмаў, зарэгістраваных на Брытанскіх Віргінскіх выспах.
Расея
4 красавіка Арбітражны суд Саратаўскай вобласьці прыняў да разгляду заяву жыхара гораду Балакова Мікалая Суворава, які запатрабаваў зьняць Уладзімера Пуціна з пасады «як ворага народу, сябра алігархаў і чыноўнікаў, за разрабаваньне Расеі і зьбядненьне расейскага народу, за ўзбагачэньне чыноўнікаў, банкіраў, мільярдэраў-рабаўнікоў». Папярэдняе паседжаньне суду было прызначана на 28 красавіка, аднак 7 красавіка было апублікавана вызначэньне судзьдзі Тацяны Лескінай, у якім указваецца на непадсуднасьць прэзыдэнта Расеі арбітражнаму суду.
7 красавіка прэзыдэнт Уладзімір Пуцін упершыню пракамэнтаваў «Панамскія дакумэнты», назваўшы іх «спробай разгайдаць сытуацыю знутры». Пуцін удакладніў, што ў публікацыях не ідзе гаворка пра яго: «Вашага пакорнага слугі там няма, ну няма пра што гаварыць» і што кіраўнік Санкт-Пецярбурскага Дому музыкі Сяргей Ралдугін усе заробленыя на афшоры грошы «патраціў на набыцьцё музычных інструмэнтаў за мяжой і прывёз іх у Расею». «Я ганаруся, што ў мяне ёсьць такія сябры», — падкрэсьліў Пуцін.