Міжнародны кансорцыюм журналісцкіх расьследаваньняў (International Consortium of Investigative Journalists, ICIJ) апублікаваў новы масіў дакумэнтаў, па маштабе супастаўны з «панамскім архівам». Ён мае назву «Paradise Papers» і зьмяшчае 13,4 мільёна рэгістрацыйных дакумэнтаў афшорных кампаній у розных юрысдыкцыях, у першую чаргу на Кайманавых, Бярмудзкіх і Брытанскіх Віргінскіх выспах. Гэты рэестар вяла рэгістрацыйная кампанія Appleby.
Аўтары дакладу знайшлі ў рэгістрацыйных сьпісах кампаній мноства імёнаў дзейных і цяперашніх палітычных дзеячаў з усяго сьвету і мяркуюць, што афшорныя кампаніі і іх уладальнікі такім чынам сыходзілі ад падаткаабкладаньня ў сваіх краінах. Хто ёсьць у сьпісах?
Міністар гандлю ЗША ў адміністрацыі Дональда Трампа Уілбур Рос
Як вынікае з дакладу, яго зьвязваюць камэрцыйныя інтарэсы з брытанскай кампаніяй Navigator Holdings, якая займаецца перавозкамі звадкаванага прыроднага газу. Navigator, у сваю чаргу супрацоўнічае з найбуйнейшым нафтахімічным холдынгам Расіі «Сібур». Значная яго частка належыць Кірылу Шамалаву (Reuters і некалькі іншых СМІ называюць яго мужам малодшай дачкі Пуціна Кацярыны Ціханавай), а таксама блізкаму сябру Пуціна Генадзю Цімчанка.
Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II
У брытанскай каралевы ёсьць прыватны фонд Duchy of Lancaster. Як стала вядома, гэты фонд уклаў 7,5 млн даляраў у зарэгістраваны на Кайманавых выспах фонд Dover Street VI. Адна частка інвэстыцый фонду была зьвязана з тэхналягічнымі кампаніямі, якія займаліся распрацоўкай сканэраў адбіткаў пальцаў для мабільных тэлефонаў, іншая — з укладаньнямі ў унівэрсытэты ў Вялікабрытаніі і ЗША і банк у ААЭ.
Сябар Януковіча Антон Прыгодзкі
Украінскі палітык, дэпутат Вярхоўнай Рады ў 2006-2014 гадах, член прэзідыума Палітрады «Партыі Рэгіёнаў» лічыцца адным з найбольш даўніх таварышаў Віктара Януковіча і адным з найбольш уплывовых закулісных гульцоў у яго партыі. ICIJ знайшоў у Прыгодзкага зарэгістраваную на Мальце кампанію TUC Ltd., у якой ён зьяўляецца адзіным уладальнікам. Ёй належаць актывы на суму ў 6,6 млн даляраў.
Міністар абароннай прамысловасьці Казахстана
У міністра абароннай і аэракасьмічнай прамысловасьці Казахстана Бейбута Атамкулава знайшлася зарэгістраваная на Мальце кампанія Centraz Finance Ltd., заснаваная яшчэ ў 1998 годзе. Яна да гэтага часу вядзе гаспадарчую дзейнасьць.
Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Антанас Гуога
Гуога заснавальнік і былы акцыянэр кампаніі iBus Media Ltd., зарэгістраванай на востраве Мэр. У цяперашні час яму належыць зарэгістраваная на Мальце SG Holdings Ltd. У сваёй дэклярацыі, якую Гуога быў абавязаны падаваць як член парлямэнту, палітык гэты афшор не раскрыў. Аднак сьцвярджае, што быў у кампаніі толькі інвэстарам, а не чалавекам, які вёў гаспадарчую дзейнасьць.