Чыноўнікі даўно запэўніваюць, што ў беларусаў будзе магчымасьць выбіраць, якой вакцынай прышчапіцца. Але папраўдзе выбар пакуль невялікі: паміж расейскім «Cпутником V» і кітайскай вакцынай Vero Cell. Як заявіў былы міністар здароўя Ўладзімер Каранік, Pfizer ды іншыя вытворцы вакцынаў мусяць самі зьвяртацца да беларускіх уладаў, каб тыя дазволілі ім прысутнічаць у Беларусі.
Разьбіраліся, чаму дагэтуль няма з чаго выбіраць.
«Белфармацыя» — манапаліст у закупцы проціковідных вакцын
25 сьнежня 2020 году, яшчэ перад пачаткам масавай вакцынацыі, Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з супрацоўнікамі Гарадзкой дзіцячай інфэкцыйнай лякарні Менску анансаваў закупку вакцынаў ад каранавірусу «5–6 розных вытворцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: беларусам дазволяць выкарыстаць ня толькі расейскую вакцыну ад каранавірусуЯкіх менавіта вытворцаў, ён не ўдакладніў, але сказаў, што галоўным прынцыпам вакцынацыі ад каранавірусу будзе «добраахвотнасьць».
Манапаліст у закупліваньні проціковідных вакцын у Беларусі — «Белфармацыя». Закупліваньнем вакцын супраць іншых інфэкцыйных хваробаў, акрамя дзяржаўнага РУП «Белфармацыя», займаюцца некаторыя камэрцыйныя кампаніі. Да прыкладу, сумеснае закрытае акцыянэрнае таварыства «Мэдвакс» пастаўляе ў Беларусь францускую вакцыну ад грыпу «Ваксігрып Тэтра». Аднак закупляць імпартныя вакцыны ад каранавірусу «Мэдваксу» не дазваляюць.
Афіцыйны Менск настойвае, што вакцынацыя супраць COVID-19 павінна быць добраахвотнай, даступнай і бясплатнай.
Вакцынацыя ў Беларусі пачалася на пачатку студзеня 2021 году. Першымі прышчаплялі мэдыкаў, потым сацыяльных работнікаў і настаўнікаў. Вакцынавалі спачатку расейскім «Cпутником V» поўнага цыклю (і вырабленай, і разьлітай у Расеі), а таксама кітайскай вакцынай.
26 лютага Беларусь на заводзе «Белмэдпрэпараты» выпусьціла пробную партыю вакцыны «Спутник V»: то бок вакцыну вырабілі ў Расеі, даставілі ў Беларусь, а тут яе толькі разьлівалі.
На пачатку красавіка пачалася масавая вакцынацыя — паводле папярэдняга запісу прышчапіцца можна было ў паліклиніках па месцы жыхарства прэпаратамі «Cпутник V» і кітайскай вакцынай Vero Cell.
Паступова колькасьць прышчэпачных пунктаў павялічылася: яны зьявіліся ў гандлёвых цэнтрах, РНПЦ, шпіталях і г. д.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, больш за 2 009 000 беларусаў атрымалі першую дозу вакцыны, 1 571 000 прайшлі поўны курс вакцынацыі.
Каранік: «Павінен быць зварот з просьбай зарэгістраваць прэпарат у Беларусі»
Аднак нават прышчэпленыя беларусы сутыкнуліся з праблемай выезду за мяжу, напрыклад у краіны Эўразьвязу, куды можна трапіць толькі з сэртыфікатам аб вакцынацыі ўхваленымі САЗ прэпаратамі альбо адбываць абавязковы карантын.
Сьпіс вакцын, ухваленых Сусьветнай арганізацыяй здароўя:
- AstraZeneca,
- Covishield,
- Johnson&Johnson,
- Moderna,
- Pfizer/BioNTech,
- Sinopharm,
- Sinovac.
Высокія чыноўнікі — і былы міністар здароўя Ўладзімер Каранік, і цяперашні Дзьмітры Піневіч, і першая намесьніца Алена Богдан пэрыядычна кажуць, што перамовы пра закупку імпартных вакцын, ухваленых Сусьветнай арганізацыяй здароўя, вядуцца.
Так, 18 верасьня прэс-служба Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Беларусі заявіла, што «Міністэрства аховы здароўя разглядае закупку 100 тысяч дозаў амэрыканскага прэпарату Pfizer, аднак ведамства хацела б быць упэўненым, што ў Беларусі будзе такая колькасьць ахвотнікаў прышчапіцца гэтай вакцынай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства аховы здароўя ня ўпэўненае, што ў Беларусі знойдзецца 100 тысяч ахвотных вакцынавацца Pfizerʼам
20 верасьня міністар здароўя Дзьмітры Піневіч казаў, што Беларусь вядзе перамовы аб пастаўках вакцыны Pfizer.
«Мы задаём пытаньне турапэратарам: колькі, паводле вашых разьлікаў, асобаў, якія хацелі б прышчапіцца Pfizer? Правядзіце апытаньне, і тады мы будзем ставіць пытаньне аб яе закупліваньні».
22 верасьня старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік патлумачыў, чаму ў Беларусь не завозяць вакцыну амэрыканскай вытворчасьці Pfizer, як і іншыя вакцыны, акрамя расейскай «Cпутник V» і кітайскай Vero Cell.
«Гэта тыя вакцыны, якія зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусі і даступныя, бо ў Беларусі наладжана вытворчасьць вакцыны „Cпутник V“. З Кітаем падтрымліваюцца сяброўскія адносіны і ёсьць магчымасьць пры вострым дэфіцыце вакцын у сьвеце купляць гэтую вакцыну», — адзначыў спадар Каранік.
«Што тычыцца вакцын ад іншых вытворцаў, то ад іх мусіць быць зварот з просьбай зарэгістраваць прэпарат у Беларусі. Той жа Pfizer і астатнія вытворцы, наколькі мне вядома, з такімі просьбамі не зьвярталіся», — заявіў Уладзімер Каранік.
Такім чынам, паводле былога міністра Караніка, Pfizer і астатнія вытворцы мусяць самі зьвярнуцца з запытам да беларускіх уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хірург, міністар, кіраўнік аблвыканкаму. Гісторыя кар’еры Ўладзімера КаранікаБеларусь не ўступіла ў COVAX і ня можа прэтэндаваць на дапамогу САЗ
Аднак, акрамя дзяржавы, у многіх краінах сьвету працуюць міжнародныя структуры, якія дапамагаюць у закупцы вакцын ці наагул пастаўляюць вакцыны бясплатна.
Быў шанец, каб вакцына Pfizer/BioNTech магла трапіць у Беларусь праз адмысловую праграму COVAX, якую каардынуе Сусьветная арганізацыя здароўя.
Пра гэта яшчэ ў лютым 2021 году расказваў каардынатар праграм па інфэкцыйных хваробах рэгіянальнага бюро САЗ у Беларусі Вячаслаў Грынькоў.
92 краіны зь нізкім альбо сярэднім узроўнем прыбыткаў падтрымалі праз праграму COVAX, якая ахоплівае 190 краін сьвету. Аднак Беларусь не далучылася да праграмы COVAX.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Pfizer, Moderna прагназуюць, што сьвет вернецца да звыклага «дапандэмічнага» жыцьця праз год5 ліпеня 2021 году першая намесьніца міністра здароўя Алена Богдан паведаміла ў інтэрвію газэце «Звязда», што САЗ прапанавала ўсім краінам уступіць у структуру COVAX, у тым ліку і Беларусі.
«Аднак умовай удзелу была перадплата будучых вакцын. Мы паглядзелі, пааналізавалі і вырашылі не сьпяшацца з уступленьнем у COVAX. Вялікая Брытанія ўнесла перадплату і ў гэтай праграме вакцыны не атрымала», — сказала намесьніца міністра.
Алена Богдан тады расказала, што «перамовы з вытворцамі вакцын AstraZeneca і Pfizer вяліся, яны не прыйшлі да нас, і перамовы больш не вядуцца».
Сьвятлана Ціханоўская таксама спрабавала дамовіцца з Эўразьвязам
20 студзеня 2021 году прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла, што Ціханоўская зьвярнулася зь лістом у Эўракамісію, дзе расказала пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі і зьвярнулася з просьбай дапамагчы з пастаўкай замежных вакцын, ухваленых САЗ.
Паводле прапановы Ціханоўскай, праграма дапамогі можа быць рэалізаваная праз трэці бок, напрыклад, Праграму разьвіцьця ААН.
Ціханоўская заклікала Эўразьвяз не даваць сродкі наўпрост рэжыму Лукашэнкі.
«Вельмі важна, каб такая праграма, калі яна будзе рэалізаваная, строга кіравалася трэцім бокам (да прыкладу, ПРААН) пад міжнародным кантролем», — адзначыла Ціханоўская.
27 красавіка 2021 году Сьвятлана Ціханоўская абмяркоўвала магчымасьць пастаўкі вакцыны ў Беларусі з эўракамісарам у пытаньнях добрасуседзтва і пашырэньня ЭЗ Олівэрам Вархеем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Эўразьвязу ў Беларусь перадалі экспрэс-тэсты і кіслародныя маскі. Але вакцынаў з ЭЗ ня будзе: Менск не вядзе перамовы
Як паведамлялася, бюджэт ЭЗ, выдзелены на дапамогу Беларусі, дазваляў арганізаваць гэтыя пастаўкі. Аднак патрабавалася згода беларускіх уладаў, і эўрапейскія чыноўнікі былі гатовыя весьці перамовы пра гэта.
У рамках праекту «Салідарнасьць у імя здароўя», які фінансуецца Эўразьвязам, краінавы офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі паставіў у Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня абсталяваньне на агульную суму 850 000 даляраў ЗША:
Да пастаўкі вакцын справа так і не дайшла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар здароўя: у Беларусі ўсе цяжкія выпадкі COVID-19 назіраюцца ў непрышчэпленых пацыентаўДзе вакцыны набывае Ўкраіна
Украіна пачала масавую вакцынацыю замежнымі прышчэпкамі ў лютым 2021-га. На сёньня дзьве дозы вакцыны атрымалі 5 458 838 украінцаў. Паводле ацэнкі колькасьці насельніцтва, якая праводзілася на пачатку 2020 году, ва Ўкраіне пражывае 37 мільёнаў 289 тысяч грамадзян.
Вакцыны паступаюць ва Ўкраіну па трох кірунках.
1. Ініцыятыва COVAX
Украіна далучылася да гэтай глябальнай ініцыятывы ад пачатку пандэміі. Донарамі фонду сталі Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці (USAID) і Сусьветны банк. Дзейнасьць гэтай ініцыятывы забясьпечвае Глябальны альянс вакцынаў і імунізацыі (GAVI), Сусьветная арганізацыя здароўя, Кааліцыя інавацый у падрыхтоўцы да эпідэмій (CEPI), а Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) узаемадзейнічае з вытворцамі і партнэрамі ў набыцьці прышчэпак ад COVID-19 і лягістыцы іхнай дастаўкі.
Дзякуючы гэтай ініцыятыве да канца 2021 году ва Ўкраіне бясплатна змогуць прышчапіцца 8 мільёнаў грамадзян. Сярод прышчэпак, пастаўленых у межах фонду COVAX, Pfizer-BioNTech (ЗША) і AstraZeneca-SKBio (Паўднёвая Карэя).
2. Непасрэдныя кантракты з вытворцамі
Урад Украіны вядзе перамовы з усімі вытворцамі вакцын, уключаных у пералік Сусьветнай арганізацыі здароўя, і купляе вакцыны за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Але грамадзян прышчапляюць бясплатна.
Ужо ў красавіку 2021 году было закантрактавана 32 мільёны дозаў вакцыны розных вытворцаў. Урад канцэнтруецца на закупцы чатырох вакцын: AstraZeneca, Pfizer, Sinovac ды Moderna.
У жніўні ўкраінскія ўлады разарвалі кантракт з індыйскім вытворцам прышчэпак CoviShield і Novavax, бо завод не выконваў сваіх абавязаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 59% беларусаў з насьцярогай ставяцца да вакцынацыі ад COVID-19 — апытаньне Baltic Internet Policy Initiative3. Набыцьцё прышчэпак за сродкі міжнароднай дапамогі
Украінскі ўрад набывае вакцыны за сродкі міжнародных донараў, а таксама адмысловых праграмаў Сусьветнага банку і Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.
Сёлета ў траўні Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны падпісала з Сусьветным банкам угоду аб рэалізацыі праекту «Экстранае рэагаваньне на COVID-19 і вакцынацыя ва Ўкраіне». У межах гэтага праекту Ўкраіна атрымае 90 мільёнаў даляраў на набыцьцё вакцыны, разгортваньне месцаў для вакцынаваньня і правядзеньне тэстаў.
Ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку Ўкраіна атрымае 50 мільёнаў эўра на вакцынацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфэкцыяніст Мікіта Салавей заклікае да вакцынацыі: З такой дынамікай можа не хапіць дактароў, стацыянараў, кіслароду і патрэбных лекаў