Міністэрства аховы здароўя разглядае закупку 100 тысяч доз амэрыканскай вакцыны Pfizer. Аднак «хацела б быць упэўненым, што ў Беларусі будзе такая колькасьць ахвотных прышчапіцца гэтай вакцынай», паведаміў сайт Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый.
Гэтая заява прагучала на сустрэчы прадстаўнікоў Мінздароўя з прадстаўнікамі турбізнэсу.
На гэты момант у Беларусі даступныя вакцыны «Спутник V» расейскай і беларускай вытворчасьці, а таксама кітайская вакцына Sinopharm.
Сусьветная арганізацыя здароўя не сэртыфікавала «Спутник V», а днямі ўвогуле прыпыніла ейную сэртыфікацыю.
Нягледзячы на тое, што вакцына Sinopharm сэртыфікаваная САЗ, для ўезду ў Эўразьвяз яна не падыходзіць. Такім чынам, Pfizer адкрыў бы лягчэйшы доступ беларускім турыстам у ЭЗ.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за паўтара мільёна беларусаў. Колькасьць новых хворых на COVID-19 бʼе рэкорды ўжо другі дзень запар.