Кіеўская гарадзкая пракуратура атрымала вынікі асноўных судова-мэдычных экспэртызаў у справе пра сьмерць кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова і перадала іх на вывучэньне замежным экспэртам.
«Атрыманьне вынікаў асноўных экспэртызаў дазволіла выдаць цела для пахаваньня», — паведамілі ў прэсавай службе Кіеўскай гарадзкой пракуратуры, якая ажыцьцяўляе працэсуальнае кіраўніцтва расьсьледаваньнем гэтай справы.
Як вынікае з адказу пракуратуры, сьледчыя не перакваліфікавалі артыкулы, паводле якіх расьсьледуюць гэтую справу. Дагэтуль афіцыйныя вэрсіі — самагубства або забойства з імітацыяй самагубства.
«Атрыманыя вынікі экспэртызаў перакладзеныя і накіраваныя на вывучэньне замежным экспэртам. На гэты час дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальнай вытворчасьці працягваецца паводле той жа кваліфікацыі», — дадалі ў пракуратуры.
6 верасьня міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што сьледзтва ў справе аб сьмерці Віталя Шышова ўжо вызначылася з вэрсіяй трагедыі.
Пра гэта Дзяніс Манастырскі заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна», адказваючы на пытаньне, ці зразумела ўжо, што гэта было — самагубства ці забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сказаў пра справы Шарамета і Шышова новы міністар унутраных справаў Украіны«Для сьледзтва ўжо зразумела (што гэта было — самагубства ці забойства), але няхай усё ж скажа само сьледзтва», — сказаў міністар. Ён не адказаў на пытаньне, ці зьвярталіся па дапамогу ў гэтай справе да беларускіх сілавых структураў.
Раней сьледчыя паведамілі, што ў справе аб сьмерці Віталя Шышова пацярпелым бокам прызналі ягонага блізкага сваяка, якому дазволяць азнаёміцца з матэрыяламі расьсьледаваньня, а да правядзеньня экспэртызаў далучылі замежных спэцыялістаў зь Літвы.
Віталя Шышова пахавалі 26 верасьня на Паўночных могілках Кіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віталя Шышова пахавалі праз 55 дзён пасьля гібеліАдзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расьсьледуюць справу беларуса Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве