Хто такая Сьвятлана Зыль — даведалася Свабода.
Яна жыве ў Жлобіне, мае мужа і сына. Улетку на знак салідарнасьці з начальнікам, які страціў працу «праз палітыку», звольнілася зь Беларускага мэталюргічнага заводу.
Страціў працу і муж Міхаіл, прычыну звальненьня назвалі такую: «Праз вашу жонку». Мужчына мае анкалягічнае захворваньне. Цяпер праходзіць хіміятэрапію. У сям’і выхоўваецца 14-гадовы сын Канстанцін.
«Калі прыйшоў час выбараў-2020, Сьвятлана была ў першых шэрагах тых, хто хацеў перамен. Бо разумела: цяперашняя ўлада глухая да чалавечых праблем. У яе быў сумны досьвед, зьвязаны з мужам. Яго абвінавацілі па наркатычным артыкуле 328. З доказаў было толькі паказаньне ілжэсьведкі. Пазьней ён павесіўся, і ў апошняй цыдулцы напісаў, што вінаваціць у сваёй сьмерці начальніка наркакантролю. Пасьля тых падзей яна ўдзельнічала ў руху «Маці 328», — расказалі Свабодзе сваякі жанчыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядуць, і надоўга». Лукашэнка заявіў пра затрыманьне «шпіёнаў» на беларускіх прадпрыемствахБлізкія кажуць, што яна намагалася перамен, бо расьце сын, хацела для яго і іншых дзяцей «нармальную краіну».
Улетку 2020-га Сьвятлана зьбірала подпісы за Ціханоўскую, выходзіла на пікеты, мітынгі, пасьля выбараў удзельнічала таксама ў акцыях, ланцужках салідарнасьці. Яе затрымлівала міліцыя. Суд даваў штрафы, яе трымалі ў ІЧУ, дома неаднаразова ладзілі з надуманых прычын ператрусы.
«Сьвятлана ўсё роўна не здавалася. На БМЗ увосень 2020-га пачыналі ствараць незалежны прафсаюз, яна далучылася. Была надзея, што ўлада пойдзе на дыялёг. Але органы ўбачылі ў незалежным прафсаюзе арганізацыю, якая хоча захапіць уладу. Дыялёгу не адбылося. Пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да тых, хто ствараў прафсаюз. „Суткі“, арышты, затрыманьні. Сьвятлана дапамагала многім палітзьняволеным. У яе атачэньні было шмат людзей. Магчыма, нехта быў ня сябрам, а наадварот, але дакладна мы нічога ня ведаем», — не выключаюць сваякі.
Яны не разумеюць, у чым можна ўвогуле абвінаваціць Сьвятлану, тым больш — па артыкуле «здрада дзяржаве». «Мы „здраду дзяржаве“ разумеем так — „здрада гасудару“», — зазначаюць блізкія людзі Сьвятланы Зыль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні, Жлобіне, Менску затрымалі рабочых-страйкоўцаў. Што пра іх вядомаДа актывісткі прыйшлі зь ператрусам 21 верасьня супрацоўнікі гомельскага ўпраўленьня КДБ. У пастанове не было ніякай канкрэтыкі, толькі прозьвішча пракурора. І словы, што менскі КДБ пачаў справу на нейкі „экстрэмісцкі“ канал. А Сьвятлана Зыль нібыта сьведка.
«Тэхніку не забіралі, толькі паглядзелі яе тэлефон. Нічога не знайшлі, забралі на допыт. Пыталіся: дзе ўдзельнічае, у якіх чатах, чаму звольнілася з заводу, дзе цяпер працуе, дзе муж і сястра. Спыталіся пра працаўніка БМЗ, якога затрымалі 17 верасьня — ці знаёмыя. Пасьля адпусьцілі. А назаўтра зноў прыйшлі і забралі. Гэтым разам — са жлобінскага КДБ. Толькі праз суткі мы выбілі інфармацыю, што ў Сьвятланы артыкул — „здрада дзяржаве“. Але ніякіх папер, усё ў вуснай форме», — падсумоўваюць сваякі.