«Тут мне нават падабаецца, у параўнаньні зь Белгарадам». Што піша Вадзім Дубойскі, якога могуць перадаць беларускім уладам

Вдадзім Дубойскі абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках

У расейскай турме ў Курску чакае «зваротнага этапу» ў Белгарад беларус Вадзім Дубойскі. Яго затрымалі ў Расеі на патрабаваньне беларускіх уладаў. Вадзіму пагражае ў Беларусі да 8 гадоў калёніі за «масавыя беспарадкі».

Суд у Белгарадзе прыняў рашэньне выдаць Вадзіма беларускім уладам. Рашэньне не набыло моцы, бо адвакат яго абскарджвае ў апэляцыйнай інстанцыі. Але супрацоўнікі СІЗА ў Белгарадзе «не разабраліся» і пачалі працэс высылкі Дубойскага ў Беларусь. Так ён апынуўся ў Курску.

Цяпер экстрадыцыю беларуса прыпынілі — яго вернуць этапам назад у Белгарад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачалі экстрадыцыю беларуса Вадзіма Дубойскага, не чакаючы апэляцыйнага суду. Кажуць, памыліліся

У Расеі ліставаньне з арыштаванымі наладжана лепш, чым у Беларусі. Сваякі і сябры пішуць ліст на электронны адрас і нават у той самы дзень могуць атрымаць адказ ад вязьня.

«Я ў суботу ранкам напісала Вадзіму ліст і ўвечары ўжо атрымала ад яго адказ», — расказала сястра Вадзіма.

Ён піша, што чакае этап у Белгарад. Яго перавялі ў камэру, умовамі ўтрыманьня Вадзім задаволены. Беларуская дыяспара і неабыякавыя людзі перадалі яму цёплыя рэчы.

«Хлопцы нармальныя, пайка ў камэры ёсьць. Рэчы перадалі, усё цёплае і па памеры. Клас! Шнуркоў толькі не перадалі, шкада. Тут у Курску лісты прымаюць пастаянна — крута! Тут лазьня — гэта лазьня, а ня душ. Я яшчэ не хадзіў, але, спадзяюся, пасьпею. Водзяць у краму па заяве. Уяўляеш? Мне тут нават падабаецца, у параўнаньні з Белгарадам. Каўбасу можна, малочныя прадукты. Па сутнасьці, сам сабе робіш рацыён. Лекі пры мне, і ўсе рэчы. А там (у Белгарадзе. — РС) нельга было. Добрае стаўленьне супрацоўнікаў. Сяджу ў цёплых шкарпэтках, дзякуй жыхарам Курску! Калі шчыра, назад ня хочацца. Але, відаць, давядзецца — калі гэта дапаможа маёй справе», — напісаў Дубойскі з курскай турмы.

Ён даведаўся пра новыя акалічнасьці ў сьмерці Рамана Бандарэнкі і пра тое, што ў Беларусі ўжо караюць за стыкеры. «Хлопцы ў камэры ў шоку», — дадаў у лісьце Вадзім.

Яго чакае абскарджаньне ў апэляцыйным судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ двух беларусаў зьбіраюцца экстрадаваць з Расеі ў Беларусь

Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах.

Вядома толькі пра аднаго чалавека з затрыманых пасьля жніўня 2020 году, якога вызвалілі ў Расеі ў падобных абставінах. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён пераехаў у Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з Расеі выдаюць беларусаў, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду