«Менск і Берасьце бліжэй ад нас, чым Лісабон»
Ніколь працуе сацыяльным псыхолягам, але ў вольны час яе галоўны прадмет зацікаўленьня — Беларусь. 20 гадоў таму яна ўпершыню прыехала ў гэтую краіну.
— 20 гадоў таму я працавала валянтэркай у Беларусі па абмене, гэта быў мой першы кантакт, пасьля чаго я вырашыла вывучаць славістыку. Так я засталася зьвязаная зь Беларусьсю ў розных праектах. Мяне заўсёды цікавіла Ўсходняя Эўропа. Здаецца, блізка ад нас, але ўсё роўна вельмі мала ведаем. Цяпер ужо людзі ў Швайцарыі пачынаюць разумець, што такое Беларусь, але раней гэта была зусім белая пляма. А Менск і Берасьце бліжэй ад нас, чым Лісабон. Калі першы раз прыехала, сустрэла ў Беларусі столькі цудоўных людзей, што не змагла з гэтым разьвітацца, таму прыяжджала зноў і зноў і нешта новае знаходзіла.
Ніколь ня хоча называць у інтэрвію імёны сваіх сяброў зь Беларусі, бо ня хоча ствараць ім небясьпеку, баіцца, каб яны ня трапілі пад рэпрэсіі на радзіме. Некаторыя зь іх мінулай восеньню траплялі на «суткі» на Акрэсьціна.
— Мае знаёмыя і сябры — пісьменьнікі, гісторыкі, экскурсаводы, самыя розныя людзі. Адна сяброўка працуе на фабрыцы ў Пінску, мы сябруем ужо 20 гадоў. Вельмі рэдка размаўляю цяпер са сваімі беларускімі сябрамі. Праз WhatsApp яны пазьбягаюць гаварыць пра тое, што адбываецца. Расказваюць пра лецішча, ураджай, побытавыя рэчы. Цяпер немагчыма адкрыта размаўляць...
На працягу 20 гадоў Ніколь арганізоўвала турыстычныя паездкі ў Беларусь для швайцарцаў.
— Я зьвязвала іх зь людзьмі зь Беларусі, хацела, каб яны глядзелі ня толькі славутасьці, а каб даведваліся пра штодзённае жыцьцё людзей. Рабіла тэматычныя падарожжы. Напрыклад, выбірала тэму «мяжа». Пад гэтым тэрмінам можна шмат паказаць: гэта і мастацтва, і сацыяльныя пытаньні, і гісторыя, і рэлігія. У выніку такіх падарожжаў многія швайцарцы вельмі блізка знаёміліся зь беларусамі, сувязі атрымаліся трывалыя дагэтуль. Гэта больш, чым турызм. Гэта сувязь зь людзьмі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гульня ў цемры». Як беларуская рэжысэрка зьняла фільм пра невідушчых футбалістаў
«Гэта трагічна, што адбываецца ў Беларусі»
Апошнім разам Ніколь была ў Беларусі на пачатку 2020 году. Пасьля выбараў-2020 і працяглых мірных акцый пратэсту думала зноў прыехаць у Беларусь, але яе беларуская сяброўка настойліва адраіла.
— Гэта трагічна, што адбываецца ў Беларусі. Год таму я думала, што ён ня зможа доўга трымацца. Цяпер здаецца, што цьвёрда стаіць, але гэта ня так цьвёрда, як нам бачыцца. Чытала розныя тэорыі пра тое...
Ніколь кантактуе зь беларускай дыяспарай, часам бярэ ўдзел у беларускіх акцыях у Швайцарыі. Сьпявае на іх беларускія песьні.
— Я была каля беларускай амбасады ў Бэрне 9 жніўня 2020 году. Запрасіла з сабой знаёмую швайцарку. Была вельмі прыгожая акцыя, хутчэй творчы вечар. Мы сьпявалі песьні. Для мяне беларускія песьні — гэта нешта роднае. Я часта сьпяваю песьні з «Народнага альбому», а таксама народныя песьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё невідушчых
«У Беларусі для беларускай мовы няма сынтэзатара мовы для невідушчых»
Ніколь да 6 гадоў крыху бачыла, а пасьля зусім перастала. Гэта ёй не перашкодзіла атрымаць адукацыю, самастойна падарожнічаць, працаваць, мець актыўнае сацыяльнае жыцьцё.
— У мяне цяпер ёсьць кампутар з сынтэзатарам мовы. Калі я вучыла расейскую мову, то яшчэ ня мела такой дапамогі, і першыя два гады проста ўсё запісвала для сябе, як чула. Потым я замовіла старыя кнігі для невідушчых, яшчэ з ГДР, якімі даўно не карыстаюцца. Гэта кнігі са шрыфтам Брайля, дзякуючы ім я магла чытаць. У 2004 годзе паехала ў Омск вучыцца на год, цяпер я магу пісаць і чытаць па-расейску. Для беларускай мовы няма сынтэзатара мовы для невідушчых у Беларусі. Гэтага проста не існуе.
Ніколь мае кантакты зь невідушчымі людзьмі ў Беларусі. Паводле яе, у іх крыху іншае выхаваньне, у выніку якога яны менш самастойныя.
— Яны павінны больш змагацца, каб станавіцца самастойнымі. Да мяне не было ніякіх прэтэнзій, калі я была ў Беларусі. Я заўсёды ўсё магла рабіць, не было абмежаваньняў. Я магла ехаць куды хацела, і ніхто не казаў, што нельга. Мы абмяркоўвалі гэта з маімі знаёмымі невідушчымі людзьмі ў Беларусі. Ня ведаю чаму, але ў многіх зь іх ёсьць боязь, што яны ня могуць ехаць кудысьці, што патрэбна суправаджэньне, яны думаюць, як у краму хадзіць. Я ў Беларусі ўсё рабіла гэтаксама, як і ў Швайцарыі, і ўсё было добра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У зьнешняй прасторы я беларускамоўны». Як жыве сямʼя невідушчых паэтаў
«У Беларусі розныя пахі, і я іх люблю»
Пытаюся ў Ніколь, як пахне Беларусь.
— Калі я выходзіла зь цягніка ў Берасьці, быў пах дыму. Мне тлумачылі, што гэта ад вугалю з чайнікаў, якія ў цягніках выкарыстоўваюць. Гэта пах смажанага, пах піражкоў, якія прадаюць на вакзале. Улетку пахне ягадамі, бо людзі часта прадаюць іх. У Менску ж спэцыфічны пах у мэтро. Гэта розныя пахі, і я іх люблю. Я ўспрымаю Беларусь і праз гукі — абвесткі на вакзале, мову, як дзьверы грукаюць.
Ніколь чытае навіны пра Беларусь на навінавых сайтах і ў Facebook праз дэкодэр.
— Часам слухала Радыё Свабода. Да выбараў слухала першы канал Беларускага радыё, каб мець сувязь зь Беларусьсю. Не дзеля навінаў, а каб быў кантакт зь Беларусьсю. У сакавіку ў Швайцарыі была асноўная тэма — каранавірус. І я тады слухала беларускае радыё, каб супакоіцца, бо там зусім не было гаворкі пра ковід...
Ніколь Матыс шмат чытае твораў беларускіх пісьменьнікаў, любіць кнігі Артура Клінава, Сашы Філіпенкі, Сьвятланы Алексіевіч, Валянціна Акудовіча, Альгерда Бахарэвіча, Вольгі Гапеевай і многіх іншых. Яшчэ адно яе хобі — харавая музыка.
— Я сьпяваю ў міжнародным хоры, у якім рэпэртуар — песьні з розных краінаў на розных мовах. Я прапанавала нашаму канцэртмайстру, каб ён узяў адну песьню зь Беларусі. Прапанавала тры варыянты («Купалінка», «Ой, рэчанька» і палескую песьню, якую сьпяваюць на Піншчыне). Ня ведаю, якую ён выбера, але дакладна беларуская песьня будзе ў нашым рэпэртуары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы Швайцарыі выйшлі на акцыю салідарнасьці і падпісалі паштоўкі палітвязьням