За яго прыняцьце выказаліся 279 дэпутатаў пры неабходных 226. У падтрымку законапраекту галасавалі амаль усе прадстаўнікі прэзыдэнцкай партыі «Слуга народу», якая мае ў парлямэнце большасьць. Апазыцыя галасавала супраць, прычым як прыхільнікі былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, гэтак і «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», якая лічыцца прарасейскай.
Закон дае вызначэньне «алігарха» — гэта чалавек, які мае значную эканамічную і палітычную вагу ў грамадзкім жыцьці. Алігархам будуць называць асобу, якая адпавядае прынамсі тром прапісаным у законе крытэрам:
- удзельнічае ў палітычным жыцьці;
- мае значны ўплыў на СМІ;
- зьяўляецца канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам прадпрыемства, які займае манапольнае становішча на рынку і на працягу году падтрымлівае або ўзмацняе такое становішча;
- пацьверджаны кошт яго актываў павінен перавышаць 2 мільярды 270 мільёнаў грыўняў (каля 80 мільёнаў даляраў).
Рашэньне аб тым, каго лічыць алігархам, будзе прымаць Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. Яна будзе таксама весьці рэестар алігархаў. Людзям з гэтага рэестру будзе забаронена рабіць унёскі ў падтрымку палітычных партый, яны павінны будуць даваць справаздачу аб сваіх сустрэчах зь дзяржаўнымі службоўцамі і выконваць яшчэ шэраг патрабаваньняў.
Апазыцыя асьцерагаецца, што закон будзе ўжывацца супраць палітычных апанэнтаў дзейнай улады — у прыватнасьці, у адпаведнасьці зь ім алігархам можа быць прызнаны былы прэзыдэнт, лідэр партыі «Эўрапейская салідарнасьць», буйны бізнэсовец Пятро Парашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адказ будзе моцным». Зяленскі пракамэнтаваў замах на свайго першага дарадцуКіраўнік Вярхоўнай рады Дзьмітры Разумкоў, які лічыў законапраект не гатовым да разгляду, цяпер на самаізаляцыі праз COVID-19, пасяджэньня Рады ён ня вёў. Разумкова публічна крытыкавалі прадстаўнікі «Слугі народу», у прэсе зьявіліся паведамленьні, што магчымая яго адстаўка.
Алігархамі ў Расеі, Украіне і іншых краінах традыцыйна называюць людзей, якія маюць значныя актывы і аказваюць уплыў на палітыку. Пры гэтым украінскія алігархі — да ліку якіх у розны час адносілі Рыната Ахметава, Ігара Каламойскага, Віктара Медзьведчука, Дзьмітрыя Фірташа, Віктара Пінчука, Пятра Парашэнку і іншых — як правіла, падтрымліваюць розныя палітычныя сілы.