Туркмэнскія грамадзкія дзеячы зьвярнуліся ў САЗ з просьбай прымусіць улады краіны прызнаць эпідэмію COVID-19

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Туркмэністану зьвярнулася да Сусьветнай арганізацыі здароўя з просьбай прымусіць улады прызнаць эпідэмію COVID-19 у краіне

Аўтары ліста адзначаюць, што ўлады Туркмэністану «дагэтуль адмаўляюць наяўнасьць COVID-19 у краіне і ўтойваюць маштабы захворваньня і сьмяротнасьці насельніцтва». Паводле іх зьвестак, шпіталі ў краіне перапоўненыя, а ў большасьці людзей няма грошай на стацыянарнае лячэньне.

«Нам вядомыя прозьвішчы дзясяткаў чалавек, якія мелі ўсе сымптомы COVID-19 і, як мяркуецца, памерлі ад наступстваў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй. Мы ўпэўненыя, што памерлых ад COVID-19 нашмат больш, аднак прычыну сьмерці ад каранавірусу не ўдаецца пацьвердзіць, бо сваякі і мэдыкі баяцца дзяліцца інфармацыяй», — гаворыцца ў звароце да САЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я павінен пераадолець гэту паскуду і справіцца!». Лідэр прадпрымальнікаў апавядае пра свой каранавірус

Аўтары ліста перакананыя, што «адмаўленьне ўладамі Туркмэністану пандэміі COVID-19, забарона на свабоду распаўсюду і атрыманьня інфармацыі прадвызначылі недасьведчанасьць грамадзянаў наконт небясьпекі хваробы». У сувязі з гэтым яны просяць САЗ дамагчыся ад уладаў выкананьня абяцаньня аб экспэртызе біялягічных матэрыялаў хворых «як важнага кроку на шляху прызнаньня Туркмэністанам пандэміі COVID-19 на сваёй тэрыторыі».

Як паведамляюць карэспандэнты туркмэнскай службы Радыё Свабода, шпіталі Ашгабаду перапоўненыя, многім жыхарам з сымптомамі каранавірусу адмаўляюць у шпіталізацыі. На працягу апошняга месяца ў розных абласьцях краіны былі ізаляваныя цэлыя населеныя пункты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад патлумачыў зьніжэньне «каранавірусных» надбавак мэдыкам «прынцыпам справядлівасьці»

Туркмэнскія ўлады працягваюць настойваць на тым, што каранавірусу ў краіне няма. У сваю чаргу, незалежныя СМІ пішуць, што COVID-19 у краіне ёсьць даўно і ад яго памерла нямала людзей.

Пры гэтым у Туркмэністане дзейнічаюць строгія абмежаваньні, а людзей прымушаюць насіць маскі. Улады тлумачаць гэта пагрозай «шкоднага пылу» з Аральскага мора. Тэсты на каранавірус у Туркмэністане робяць, але даведкі са станоўчымі вынікамі на наяўнасьць COVID-19 на рукі не выдаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бацьку заразілі ў гастраэнтэралёгіі, ён памёр». Беларусь накрывае новая хваля COVID-19