Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане ад карыстальнікаў патрабуюць клятвы на Каране аб адмове ад VPN


Каран, ілюстрацыйнае фота
Каран, ілюстрацыйнае фота

У Туркмэністане ўведзены новыя патрабаваньні да грамадзян, якія жадаюць правесьці сабе дадому інтэрнэт. Сярод іх прысяга на Каране. Пра гэта паведамляе Радыё Азатлык — Туркмэнская служба Радыё Свабода.

Туркмэністан — адна з самых закрытых краін сьвету, дзе доступ простых грамадзян да інтэрнэту сур’ёзна абмежаваны. Радыё Азатлык цытуе жыхарку краіны, якая ўжо паўтара года спрабуе правесьці сабе дадому інтэрнэт.

Па словах суразмоўцы выданьня, паўтара года заняло чаканьне ў чарзе на падлучэньне да інтэрнэту. Калі ж чарга падышла, ад жыхаркі Туркмэністану, апроч іншага, запатрабавалі паклясьціся на сьвятым для мусульман Каране, што яна ня будзе карыстацца паслугамі VPN. «А без VPN на інтэрнэце ніякія сайты не адкрываюцца. Ня ведаю нават, што рабіць», — кажа гераіня матэрыялу. Паведамляецца і пра іншыя выпадкі, калі чыноўнікі патрабавалі паклясьціся.

Як нагадвае Радыё Азатлык, туркмэнскія ўлады да гэтага зьвярталіся да розных мэтадаў абмежаваньня інтэрнэту, — у краіне заблякавалі старонкі сацыяльных сетак і сайты, якія прапануюць VPN-сэрвісы; арыштоўвалі майстроў, якія за плату ўсталёўвалі VPN-сэрвісы на тэлефоны; супрацоўнічалі з замежнымі тэхналягічнымі кампаніямі для сачэньня за грамадзянамі ў сетцы.

VPN (ангельская абрэвіятура расшыфроўваецца як «прыватная віртуальная сетка») — тэхналёгія, якая апроч іншага дазваляе абараняць прыватнасьць карыстальнікаў сеціва і абыходзіць блякаваньне, маскуючы IP-адрасы карыстальнікаў.

Практыка прысягі грамадзян у Туркмэністане распаўсюджаная, аднак раней, як правіла, іх прымушалі прысягаць на кнізе «Рухнама», аўтарам якой абвешчаны Туркмэнбашы — першы прэзыдэнт краіны Сапармурад Ніязаў.

Паводле справаздачы, апублікаванай у пачатку жніўня выданьнем Comparitech, якое спэцыялізуецца на пытаньнях інтэрнэт-тэхналёгій, Туркмэністан лічыцца адной з найгоршых краін што да цэнзуры ў інтэрнэце — разам зь Беларусьсю, Іранам, Кітаем, Паўночнай Карэяй і Сырыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG