«Ад польскай радзільні ў мяне шок — у добрым сэнсе». Цяжарная жанчына ўцякла зь Беларусі і нарадзіла дзіця ў Варшаве

Паліна Ляшко з дачкой

Год таму, 13 верасьня, Паліна і Андрэй Ляшко выходным днём гулялі па родным Берасьці, назіралі за карагодам у цэнтры. Людзей разагнаў вадамёт. Як мінімум 80 жыхароў гораду трапілі за гэты карагод пад крымінальны перасьлед. Сярод іх Паліна з Андрэем.

У чэрвені 2021 году Андрэя пакаралі па «карагоднай справе» абмежаваньнем волі («хіміяй») на паўтара года. Паліна, маці дваіх малых дзяцей і цяжарная на той момант, атрымала паўтара года «хатняй хіміі».

У жніўні жанчына на восьмым месяцы цяжарнасьці стала ўцякачкай — яны з мужам апынуліся ва Ўкраіне. Далей быў пакручасты шлях да Польшчы. Іншага выйсьця сям’я ня мела — іначай дарослыя пайшлі б на «хімію», дзеці — у прытулак. Тым больш Андрэю яшчэ раней закрылі выезд за мяжу. А працаваў ён дальнабойшчыкам у Эўропе. Гэта значыць — сям’я засталася бяз сродкаў да існаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год карагоду ў Берасьці. Пакаралі 81 чалавека, суды працягваюцца

Пра ўцёкі за мяжу Паліна казала так: «Гэта была крайняя мера. Але мы выбралі свабоду і няўпэўненасьць за мяжой замест стабільнай турмы на радзіме».

Пакуль сям’я жыве ў няпэўнасьці — фінансавай, жыльлёвай і жыцьцёвай у Варшаве. Яны падаліся на міжнародную абарону.

«Нам даў прытулак фонд „Humanosh“, які дапамагае беларусам. Дзякуй ім, што падтрымалі. Але пакуль мы жывём усе ў адным пакоі. Дзеці — ім 3 і 6 гадоў — маюць двухпавярховы ложак, мы — канапу. Прыбралі тумбачку, каб паставіць дзіцячую каляску», — расказвае Паліна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны па «карагоднай справе» паэт і пчаляр Папека расказаў, што будзе зь ім і з пчоламі

18 верасьня яна нарадзіла дачку ў польскім шпіталі. «Дачка нарадзілася здаровай — 10 з 10 па шкале Апгар! Я проста ў шоку была ад стаўленьня да мяне акушэрак, мэдычных сёстраў, лекараў! І гэта — у звычайнай дзяржаўнай радзільні! Параўноўваючы з родамі ў Беларусі — ну, там было кшталту як у СІЗА стаўленьне. Я б хацела вялікую падзяку сказаць польскім мэдыкам за іх добрае стаўленьне і дапамогу», — кажа беларуска.

Паліна і Андрэй Ляшко з малым дзіцём у радзільні ў Варшаве.

Паліна і Андрэй пакуль ня вызначыліся, як назавуць дачку. Наперадзе ў іх шмат клопатаў. Першы — знайсьці жытло.

«Гэта нялёгка ў Варшаве для нас, таму што з трыма малымі дзецьмі ня хочуць здаваць кватэру», — заўважае маладая маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетныя маці, журналісткі, пэнсіянэркі: жанчыны ў няволі, зь якімі нібыта «не ваюе» Лукашэнка

Другі клопат — знайсьці працу для Андрэя. Трэці — садок і школу для дзяцей.

«У тым доме, дзе мы жывём, шмат людзей. Цяпер пачынаецца сэзон грыпу, прастуды, ня кажучы пра каранавірус. Было б добра, канечне, знайсьці асобную кватэру ў арэнду. Нам не прынцыпова, каб у Варшаве. Тут мы будзем глядзець, дзе будзе ў Андрэя праца», — кажа Паліна.