У цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў у літоўскім Пабрадэ ў нядзелю 19 верасьня, два мігранты спрабавалі ўцячы ўглыб краіны. Падчас інцыдэнту атрымаў траўмы памежнік, піша агенцтва BNS.
Іншаземцы, грамадзяне Кот д’Івуара, зрабілі спробу ўцёкаў каля 17:30, аднак іх затрымалі.
Афіцэр Дзяржаўнай памежнай службы 1978 году нараджэньня паранены, яго шпіталізавалі. Але, як высьветлілася, раненьне памежнік атрымаў не ад дзеяньняў мігрантаў, а ад таго, што пасьлізнуўся на траве. У яго праблемы з плячом.
Пазьней прадстаўнік памежнай службы Гедрыюс Мішуціс паведаміў, што пацярпелага афіцэра адпусьцілі зь лякарні для лячэньня дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі выцягнулі з балота 8 мігрантаўТаксама стала вядома, што пад чарговы цэнтар для мігрантаў прыстасуюць колішнюю папраўчую калёніі ў Кібартаі. Туды зьмесьцяць 700 чалавек мужчынскага полу. Яны будуць жыць у пакоях на 4-10 чалавек. Іх будуць перасяляць з часовага лягеру ў Руднінкаі, працэс плянуецца скончыць да 1 кастрычніка.
У 2021 годзе Літва перажывае найвялікшы міграцыйны крызіс — з краін Азіі і Афрыкі транзытам празь Беларусь, якая не перашкаджае патоку, у краіну незаконна прыбылі звыш 4 тысяч чалавек.
Урад Літвы абвінавачвае Лукашэнку і ягоных падначаленых у наўмыснай арганізацыі міграцыі і дастаўцы мігрантаў на мяжу. Такі самы погляд на сытуацыю маюць суседнія Латвія з Польшчай. Усе тры краіны супольна назвалі дзеяньні Лукашэнкі «гібрыднай агрэсіяй» і ўвялі рэжым надзвычайнага стану ў памежных зь Беларусьсю рэгіёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва перастане прымаць прашэньні аб прытулку на сваёй тэрыторыі, — праект закону ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго можа каштаваць Беларусі міграцыйны крызіс