Нерэгулярныя мігранты ня змогуць падаць прашэньне аб прыстанішчы, перайшоўшы мяжу зь Літвой. Праект зьменаў у закон ужо «амаль узгоднены», заявіў BNS міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, перадае Delfi.lt.
Паводле новых правілаў, падчас экстрэмальнай сытуацыі, якая цяпер абвешчана ў краіне, падаць прашэньне можна будзе:
- у пунктах памежнага кантролю,
- у транзытных зонах,
- у пасольствах і консульствах Літвы,
- у Дэпартамэнце міграцыі, калі прыбыцьцё ў Літву было законным.
У Літву сёлета трапілі больш за 4100 мігрантаў, каля 2200 разьвярнулі на мяжы, яшчэ каля ста мігрантаў вярнулі ў краіны паходжаньня.
13 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 249 спробаў незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 12 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. Латвійскія памежнікі спынілі 19 спробаў. Літоўскія — каля дваццаці.