Сайт за 57 тысяч даляраў і выстава за 34 тысячы. Колькі каштуе сьвята народнага адзінства?

Ілюстрацыйнае фота

17 верасьня беларускія ўлады будуць адзначаць «дзень народнага адзінства», які мае прайсьці з размахам. Глядзім, колькі і на што плянуюць патраціць.

Адмысловы сайт

Да дня адзінства ўлады распрацавалі адмысловы сайт — godedinstva.by. Пад распрацоўку сайта Мінінфарм яшчэ ўзімку разьмясьціў абвестку на сайце дзяржзакупак, кошт — 143 400 рублёў, або 57 тысяч даляраў па сёньняшнім курсе. Закупка прызнаная няспраўджанай, паступіла толькі адна прапанова — ад Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Тым ня менш, сайт зьявіўся і працуе.

Выстава за 34 тысячы даляраў

Нацыянальны гістарычны музэй плянуе адмысловую выставу да 17 верасьня, гэта вынікае з прапановы на сайце дзяржзакупак. Адмыслоўцам прапануюць зладзіць выставу за 85 тысяч рублёў, або 34 тысячы даляраў.

Канцэрт да дня адзінства за 14 тысяч даляраў

«Мінскканцэрт» падрыхтаваў «урачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў» 16 верасьня. Кошт — 35 тысяч рублёў, або 14,1 тысячы даляраў.

Фаервэркі і лазэрнае шоў у рэгіёнах

У Магілёве да дня адзінства рыхтуюць лазэрнае і сьветлавое шоў, што вынікае з заяўкі на сайце дзяржзакупак. Кошт шоў — 15 тысяч рублёў, або 6 тысяч даляраў.

У Барысаве 17 верасьня плянуюць «відовішчнае мерапрыемства», што вынікае з сайта дзяржзакупак, кошт — 12 тысяч рублёў, або 4,8 тысячы даляраў. У асноўным гэта кошт тэхнічнага абсталяваньня для канцэрту.

У Берасьці 17 верасьня плянуюць канцэрт у парку культуры і адпачынку. Кошт канцэрту — 24 500 рублёў, або 9,8 тысячы даляраў. У гэты ж дзень заплянаваны фаервэрк коштам 26 тысяч рублёў, або 10,4 тысячы даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы пра сьвята 17 верасьня: «Урад Беларусі ігнаруе злачынствы, учыненыя двума таталітарнымі рэжымамі»

Банэры

Банэры з надпісам «Год народнага адзінства» закупляюць адразу ў Іўі, Ашмянах і Лунінцы, а дакладней — у вёсцы Лаздуны. У Іўі хочуць банэр 1,5 на 3 мэтры за 85 рублёў, у Лаздунах рыхтуюць банэр 5,75 на 1,58 мэтра за 275 рублёў. А ў Ашмянах закупляюць аж 9 банэраў памерам ад 1,5 на 2 мэтры да 2 на 4 мэтры за 1470 рублёў.

У баранавіцкай школе № 1 хочуць замовіць стэнд «Год народнага адзінства». Гэта некалькі дэкаратыўных пано агульным коштам 7530 рублёў.

Такім чынам, на сьвята ў гонар Дня народнага адзінства плянуюць патраціць сама меней 350 тысяч рублёў, або 141 тысячу даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 вызваленых палітвязьняў — максымум гнуткасьці, на які цяпер здольны рэжым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвяткуючы 17 верасьня, перш за ўсё ўлада хоча паказаць дулю суседзям, палякам, — Пашкевіч

Што такое «Дзень народнага адзінства»

Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».

Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».

У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».