За вучэньні беларусы могуць расплаціцца «Шэнгенам»

На фоне вучэньняў «Захад-2021» адбыліся стрэльбы Паўночнага флёту РФ у водах выключнай эканамічнай зоны Нарвэгіі.


Сьцісла:

  • Паводле «легенды» сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў, «Палярная рэспубліка» напала на «Цэнтральную фэдэрацыю», у выніку баявых дзеяньняў апошняя перамагла.
  • Польшча ці Літва пад азначэньне «палярная» не падпадаюць.
  • Аднак, як паведамілі пракрамлёўскія тэлеграм-каналы, караблі Паўночнага флёту РФ правялі стрэльбы ў тым ліку і ў зоне выключных эканамічных інтарэсаў Нарвэгіі.
  • У Беларусі няма ніякіх прэтэнзіяў на што-небудзь, зьвязанае з інтарэсамі Нарвэгіі. Але Расея ня раз праводзіла каля берагоў Нарвэгіі вайсковыя манэўры, якія былі прадметам занепакоенасьці як палітыкаў, гэтак і грамадзтва Нарвэгіі.
  • У сьвядомасьці нарвэскіх палітыкаў нядобразычлівы манэўр Паўночнага флёту РФ будзе зьвязвацца і з Рэспублікай Беларусь, бо вучэньні былі сумесныя.
  • Цяпер, калі б паўстала пытаньне скасаваньня візаў для беларусаў як жэсту падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, Нарвэгія з поўным правам можа ўсумніцца, ці не скарыстаюць улады Беларусі гэта для засылкі ў краіну супрацоўнікаў выведкі ці іншых непажаданых асобаў.
  • У найноўшай гісторыі Беларусі хапае прыкладаў, калі крокі, якія, здавалася, зусім не датычаць звычайных людзей, абыходзіліся ім нятанна. Прыклад — агульная мытная прастора з Расеяй, калі за ўвоз аўтамабіляў вось ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў даводзіцца плаціць падвышанае мыта. Па сутнасьці, гэта абарона расейскай аўтапрамысловасьці коштам жыхароў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За вучэньнямі «Захад-2021» назіраюць аташэ з 18 краін. Лукашэнка абураўся, што яны праігнаравалі запрашэньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што піша францускі друк пра Беларусь