Le Figaro
Вучэньнямі «Захад» Масква хоча навесьці жах на NATO
З пачатку месяца Польшча абвясьціла 30-дзённае надзвычайнае становішча на мяжы зь Беларусьсю. Варшава занепакоеная і хоча даць пра гэта ведаць. Перш за ўсё, гаворка ідзе аб патэнцыйным міграцыйным крызісе. Польскія ўлады абвінавачваюць Менск у тым, што ён праводзіць стратэгію гібрыднай канфрантацыі, наўмысна дазваляючы патрапіць у Эўропу тысячам ірацкіх і афганскіх уцекачоў, якія праходзяць празь яго тэрыторыю. Польшча ня мае намеру адкрываць ім дзьверы прытулку. А тут яшчэ і вучэньні «Захад».
Акрамя польскага палітычнага парадку дня, гэтыя вучэньні зьяўляюцца каталізатарам розных фантазій. Зь пятніцы па 16 верасьня Расея і яе саюзьніца Беларусь правядуць ля мяжы вайсковае разгортваньне рэдкага маштабу, апрыёры больш буйное, чым у сэзоне 2017 году, якое, паводле зьвестак заходніх назіральнікаў, сабрала ад 60 да 70 тысячаў вайскоўцаў.
Назва «Захад» упісваецца ў вайсковы плян Крамля нароўні з вучэньнямі « Усход», « Цэнтар» ці «Каўказ». Перад выбарамі ў Дзярждуму, якія пройдуць з 17 па 19 верасьня, Уладзімір Пуцін ня мог адмовіць сабе ў задавальненьні навесьці жах на сваіх супернікаў.
З 2014 году ўзмацнілася напружанасьць паміж NATO і Расеяй. У 2017 годзе на вучэньнях «Захад» разыгрываўся сцэнар контртэрарыстычнай апэрацыі. Сёлета сцэнар раскажа гісторыю аб зьнешняй агрэсіі, якая праводзіцца заходнім альянсам.
Першая частка вучэньняў, якая праводзіцца на тэрыторыі Беларусі, будзе правяраць баяздольнасьць войскаў і гатоўнасьць да дзеяньняў у адказ. Другі этап, які будзе доўжыцца чатыры дні, будзе імітаваць контрнаступ і вяртаньне страчаных тэрыторыяў. Ён будзе разгортвацца ў Расеі.
У той час, калі ў заходніх генэральных штабах разглядаюцца баявыя дзеяньні «высокай інтэнсіўнасьці», Масква хоча паказаць сваім супернікам немагчымасьць для іх выйграць буйны канфлікт.
Libération
«Я па-ранейшаму аддаю перавагу, каб ва ўладзе быў вусаты, чым быць расейкай»
«Дарожная мапа», якая абмяркоўваецца паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, турбуе беларусаў. Нават на ўсходзе краіны мясцовыя жыхары асьцерагаюцца неабмежаванага ўплыву Расеі.
Аляксандр Лукашэнка, які апынуўся пад ціскам унутры краіны і за мяжой, як ніколі мае патрэбу ў падтрымцы Масквы. Але чым больш агрэсіўны Крэмль, тым менш беларусы ўхваляюць саюз дзьвюх дзяржаваў — апытаньні паказваюць зьніжэньне прарасейскіх настрояў з 2019 году, калі пачаліся перамовы наконт загадкавых «дарожных мапаў». Беларусы, асабліва моладзь, сталі больш паварочвацца ў бок Захаду.
Па цэнтры Віцебску шпацыруюць дзьве дзяўчынкі-падлеткі, «паколькі тут больш няма чаго рабіць» — кажуць яны. У свае 14 гадоў Таня ўжо бачыць, як горад пусьцее: «Ніхто ня хоча тут заставацца, гэта адзін з самых бедных рэгіёнаў краіны». У Расеі яе цікавіць толькі адзін напрамак — Санкт-Пецярбург, таму што яе старэйшы брат вучыцца там. 13-гадовая Саша кажа: «Я адчуваю ўплыў Расеі. Я згодная з тым, што ў нас адна мова, таму што мы вельмі блізкія, але я не хачу такога становішча, я не хачу, каб яна ўплывала на мяне. Дома мой бацька любіць гаварыць па-беларуску».
У Магілёве 22-гадовая Надзея вучыцца ў Беларуска-Расейскім унівэрсытэце, адзіным у краіне, чые дыплёмы прызнаюцца ў Расеі. «Мая мама лічыць, што мне трэба працаваць у Расеі, але я не хачу гэтага. Я хачу жыць у Беларусі, і жыць добра, таму вучуся на праграміста». Яе бабуля Галіна кажа, што яна ня супраць інтэграцыі з Расеяй, дзе яна нарадзілася больш за 70 гадоў таму, хоць лічыць сябе на 100% беларускай.
Яна падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і адчувае пэўную настальгію па Савецкім Саюзе: «Я ведаю, што ня ўсё было ідэальна, але мы адчувалі сябе прыналежнымі да нейкай супольнасьці». На думку кабеты старога веку, «сапраўдная Беларусь знаходзіцца на ўсходзе. Тут маладыя людзі працавітыя, а на захадзе краіны яны строяць зь сябе немаведама што, таму што яны блізкія да Эўропы!»
У Берасьці, удакладняе Надзея, якая правяла там дзяцінства, «усё звар'яцелі на карце паляка».
У Гомлі, недалёка ад межаў Расеі і Ўкраіны, ідэя інтэграцыі наводзіць жах на 23-гадовую Марыю, інтэрна па спэцыяльнасьці псыхіятрыя. «Я па-ранейшаму аддаю перавагу, каб ва ўладзе быў вусаты (яна не хоча прамаўляць імя Аляксандра Лукашэнкі, таму што заўважыла на тэрасе кавярні, дзе мы гутарым, камэру назіраньня), чым быць расейкай! Расейскія гарады брудныя, у іх вельмі высокі ўзровень карупцыі і злачыннасьці, ня так, як у Беларусі. Расея захрасла ў XX стагодзьдзі, а Эўразьвяз ужо ў XXI стагодзьдзі!».
«Розьніца з Захадам у тым, што сымпатычных вуліц тут значна менш, — тлумачыць Іван, 22-гадовы студэнт-мэдык, які нарадзіўся ў Берасьці. — Як толькі адысьці ад цэнтру, дык няма нічога, акрамя бэтонных „скрынак“ і хацінак, якія развальваюцца. Калі я прыехаў у Гомель, мяне ўзрушыла беднасьць, я яшчэ ніколі не бачыў такой колькасьці алькаголікаў. Чым бліжэй да Расеі, тым горш!»
Le Figaro
У Вільні IT- адмыслоўцы ў выгнаньні вядуць лічбавую вайну з Лукашэнкам
Некалькі беларускіх стартапаў перасунулі сваю дзейнасьць і супрацоўнікаў у Літву.
Аляксандар упершыню задумаўся пра тое, каб зьехаць з Беларусі, на наступны дзень пасьля сфальсыфікаванага перавыбраньня Лукашэнкі ў жніўні 2020 году. У наступныя месяцы ён ні разу ня быў арыштаваны праваахоўнымі органамі. Але ў паўсядзённым жыцьці сытуацыя была сумная.
У пачатку года Аляксандар са сваёй сям’ёй знайшоў прытулак у Вільні. Цяпер ён займае кіроўную пасаду ў адной з найбуйнейшых IT-кампаній Беларусі, якая толькі што адкрыла філіял у Вільні.
Геаграфічная блізкасьць, непахісная падтрымка ўладаў — з 11 жніўня 2020 году Літва прымае Святлану Ціханоўскую, галоўнага апанэнта Аляксандра Лукашэнкі — і высокі ўзровень тэхналягічнага разьвіцьця падштурхнулі многіх беларусаў, занятых у IT-сэктары, такіх як Аляксандар, да пошуку прытулку ў Літве. Дэпартамэнт міграцыі ў 2020 годзе выдаў беларусам больш за 13 тысяч відаў на жыхарства, а 43 IT-кампаніі пачалі рэлякацыю сваёй дзейнасьці ў Літву.
Прыватная кампанія WarGaming, распрацоўшчык адзначанай узнагародамі анлайн-гульні World of Tanks, адной зь першых адкрыла філію ў Вільні і абвясьціла аб гэтым. Іншыя кампаніі аддаюць перавагу таму, каб заставацца ў ценю. «Нават калі яны ўжо перавезьлі некаторых сваіх супрацоўнікаў у Літву, яны не могуць крычаць пра гэта на ўсё горла», — тлумачыць Явіта Нелюпшэне, намесьніца міністра эканомікі і інавацыяў.
«У Літве тэхналягічны сэктар забясьпечвае больш за 5% ВУП. Таму прыезд беларусаў вітаецца. Усе гэтыя кампаніі ствараюць эфэкт сьнежнага камяка. Яны ня проста ствараюць працоўныя месцы і плацяць падаходны падатак. Яны спрыяюць фармаваньню тэхналягічнай супольнасьці», —падкрэсьлівае намесьніца міністра.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаныя пераклады парталу Inopressa.