Жанчыну асудзілі за слова «тварь», якое яна напісала ў «Аднаклясьніках» пад здымкам міліцыянта, які біў хлопца.
Рэчыцкай пэнсіянэрцы 65-гадовай Людміле Хлусевіч прысудзілі 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі» за некалькі абразьлівых слоў у «Аднакласніках» пад пастом пра ўчастковага Жарыкава з Вілейкі. Пракурорка прасіла для яе 2 гады «хатняй хіміі». Людміла мае намер абскарджваць прысуд у абласным судзе і ў міжнародных інстанцыях, паведамляе «Вясна».
- Суд пачаўся 25 чэрвеня, але быў перапынены для правядзеньня псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы.
- Слова «тварь» сьледзтва расцаніла як «абразу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу).
- Справу разглядае судзьдзя Марына Кацуба.
- Пацярпелы міліцыянт зь Вілейкі Міхаіл Жарыкаў на суд не зьявіўся.
На паседжаньні 13 верасьня судзьдзя абвясьціла заключэньне экспэрта-псыхіятра. Паводле яго, у пэрыяд часу, які адносіцца да інкрымінаваных жанчыне дзеяньняў, «на якое-небудзь псыхічнае захворваньне яна не хварэла і не хварэе ў цяперашні час, магла ўсьведамляць свае дзеяньні і кіраваць імі».
У заключэньні адзначаецца, што ў сваім псыхічным стане жанчына здольная самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе.
У той жа час выявіліся індывідуальныя псыхалягічныя асаблівасьці жанчыны, аднак яны не зрабілі істотнага ўплыву на яе сьвядомасьць і паводзіны.
«Яны такія буйныя! Ім бы спортам займацца, а не людзей біць!»
У судзе Хлусевіч заявіла, што кепска сябе адчувае, і папрасіла правесьці паседжаньне хутчэй. Пэнсіянэрка прызнала сваю віну і адзначыла, што разьмясьціла камэнтар «на эмоцыях». Пры гэтым свае словы яна адрасавала не канкрэтнаму міліцыянту, а «мела на ўвазе ўсіх». Адзначыла, што камэнтар пакінула пад фота асобнага міліцыянта, бо «ён быў самы буйны, і я думала: „Чаму яны такія буйныя? Ім бы спортам займацца, а не людзей біць“». Жанчына адказала судзьдзі, што ня мела намеру абразіць кагосьці і ня ведае, ці зьяўляецца слова «тварь», якое яна ўжыла, абразьлівым. Падкрэсьліла, што напісала камэнтар у эмоцыях ад таго, «што адбываліся такія страшныя зьбіваньні людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэртыза пацьвердзіла голас Юрыя Караева на стужцы з абразамі беларусаў і патрабаваньнем «убирать»«Катаваць мяне, бабулю... Дайце хоць дажыць ужо!»
Падчас судовых спрэчак дзяржаўная абвінаваўца заявіла, што лічыць віну Хлусевіч даказанай, і папрасіла прызначыць пакараньне ў выглядзе двух гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.
Абаронца адзначыла, што Хлусевіч ні разу не прыцягвалася ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасьці, зьяўляецца вэтэранам працы з 40-гадовым стажам. Пры гэтым атрымлівае невысокую пэнсію — каля 360 рублёў. Абаронца ня лічыць, што камэнтар Хлусевіч падпадае пад адказнасьць паводле артыкула 369, і папрасіла апраўдаць падабаронную.
«Катаваць мяне, бабулю... Дайце хоць дажыць ужо!», — выказалася ў судзе жыхарка Рэчыцы.