Глядзець размову на відэа цалкам
Сьцісла
- «Радыё Гаага» — гэта верхавіна айсбэргу, гэта інструмэнт вайны. Нейкія функцыі я магу агучыць, некаторыя пакіну ў таямніцы.
- У першым бараку мы падтрымліваем баявы дух, у другім бараку не даём захварэць на стакгольмскі сындром, а ў трэцім бараку вярбуем здаровыя сілы.
- Паўстаньне — легітымная форма, прапісаная ў ААН.
- Я жыву па менскім часе. Не адчуваю пад сабой ані Варшавы, ані Вільні.
- Ніколі ў гісторыі беларускага супраціву такія карты ў рукі не прыходзілі. І гэтыя карты — у Вільні. З такімі рэсурсамі можна контранаступаць і падрыхтаваць пасіянарнае паўстаньне.
Некаторыя фрагмэнты размовы з Вадзімам Пракоп’евым
Пра ідэю «Радыё Гаага»
— Ня хочацца згадваць заснавальніка чырвонага тэрору Ўладзіміра Ўльянава, але паколькі ён шмат чаго нагаварыў, а яшчэ больш напісаў, то часам цаляў у дзясятку. Ягоны выраз — «Найважнейшым з мастацтваў для нас зьяўляецца кіно». Наш першы чырвоны тэрарыст ацаніў патэнцыял кінэматографу ў агітацыйнай, ідэалягічнай апрацоўцы масаў. Адсюль карані гэтага пачынаньня. Акрамя гэтага, адно з маіх захапленьняў — кінэматограф. Не прэтэндую на ролю крытыка, напэўна, мяне можна назваць прасунутым карыстальнікам. Я сапраўды ведаю гісторыю клясычнага кіно і шмат пераглядзеў таго, чаго ня бачыў звычайны чалавек. І я разумею, якая ў гэтым закладзеная сіла, асабліва ў перанасычаным інфармацыйным полі.
А радыё — гэта мая другая любоў. Мой сьветапогляд, перакананьні сфармаваліся на захадзе позьняга СССР. Калі я быў камандзірам узводу, у мяне было заганнае хобі — пасьля адбою ў казарме я круціў ручку караткахвалевага прыймача. Радыё Свабода, як і ВВС зь Севам Наўгародцавым, як і «Голас Амэрыкі», моцна паўплывалі на мяне тады. Перавага нашага часу заключаецца ў тым, што не абавязкова цягаць кіляграмовы транзыстарны прымач з сабой, а дастаткова тонкага смартфону. Радыёфармат мне вельмі блізкі.
Пра дасягненьні
— Дасягненьняў у мяне няшмат у нашым працэсе зрынаньня дыктатуры, але ёсьць некалькі, якімі я сапраўды ганаруся. У адзін дзень мне пазванілі зь Менску і расказалі, што ў двары сярод шчыльнай шматпавярховай забудовы нехта ў вакно накіраваў узмоцнены гук найбольш папулярнага майго відэазвароту. Ніхто ня бачыў карцінкі, але гэта адгукалася рэхам ва ўсім двары. Другі чалавек мне паведаміў, што ў тралейбусе нехта ўключыў гук на поўную моц, і ўсе пасажыры слухалі маё паведамленьне. Я спадзяюся, што гэта было вельмі своечасова.
Што тычыцца блогерства, то ніколі не было ў мяне мэты быць яшчэ адной гаварушчай галавой. Спадзяюся, што я расчарую ўсіх тых, хто думае, што адзінае, чым я займаюся, гэта гаварушчая галава.
Пра мэты «Радыё Гаага»
— Мы на вайне, у мяне не было іншага ўспрыняцьця гэтай сытуацыі. «Радыё Гаага» — гэта верхавіна айсбэргу, гэта інструмэнт вайны. Нейкія функцыі я магу агучыць, некаторыя пакіну ў таямніцы.
Мы разумеем, што Лукашэнка — дастаткова моцны гіпнатызэр, ён сапраўды валодае пэўным энэргетычным полем. На мяне гэтае поле ня дзейнічае. Я бачыў яго зблізку падчас адкрыцьця гіпэрмаркету, куды ён прыйшоў перарэзаць стужачку. У мяне была кавярня ў гэтым гіпэрмаркеце. Ён на мяне ніяк ня ўзьдзейнічаў, але я бачыў людзей вакол, як яны былі падаўленыя ягонай аўрай. Гэта прыкра, але з гэтым можна лёгка справіцца ў выпадку, калі вы ведаеце супрацьдзеяньне. Супрацьдзейнічаць ягонаму гіпнозу цяпер вельмі важна. Асабліва ў другім бараку, як я яго называю.
Пра тэорыю трох баракаў
— Першы барак — гэта перакананая пратэставая публіка. Гэта наш актыў. Іх перакананьні зьмяніць абсалютна немагчыма. Другі барак — нэўтралы. Людзі, якія прагаласавалі за Сьвятлану Ціханоўскую і якія ўсім сэрцам хочуць, каб ён сышоў, але пры гэтым яны паводзяць сябе дастаткова інэртна і пасіўна. Ім падаецца, што яны выканалі свой абавязак. У Лукашэнкі ёсьць прамежкавая мэта — запалохаць другі барак, нашаптаць яму ў вушка, каб у палітыку ня лезьлі.
Задача падтрыманьня другога бараку ў актыўным стане важная ня толькі для мяне, і «Радыё Гаага», спадзяюся, будзе яе ў меру сілаў выконваць.
Трэці барак — гэта сілавікі і «ябацькі», усе, хто не ўваходзіць у найвышэйшую адміністрацыю нашага канцлягера. Задача Лукашэнкі, па вялікім рахунку, — ня даць гэтым баракам згаварыцца, каб не адбылося бунту ў канцлягеры.
Пра слухачоў «Радыё Гаага»
— Я праводзіў палявыя дасьледаваньні і абсалютна перакананы, што, акрамя першага і другога бараку (традыцыйная аўдыторыя пратэставых мэдыя), мяне дакладна слухаюць у трэцім бараку. Людзі ў пагонах дакладна зьвяртаюць увагу на тое, што я гавару, як я гавару, куды я вяду. І гэта вялікая адказнасьць для мяне. Я цудоўна разумею, што ў тым, што яны слухаюць, і ёсьць элемэнт нашай перамогі.
У першым бараку мы проста падтрымліваем баявы дух, у другім бараку мы не даём захварэць на стакгольмскі сындром пры дапамозе мастацкай формы і сэнсаў, якія агучваем на радыё. А ў трэцім бараку мы робім вельмі важную рэч — вярбуем здаровыя сілы.
Пра права народу на паўстаньне
— Акрамя гэтага, у «Радыё Гаага» ёсьць вельмі важная і галоўная мэта — вельмі цярпліва, вельмі асьцярожна трэба падвесьці беларускае грамадзтва да таго, што ўладу можна ўзяць толькі пры дапамозе паўстаньня. На маю думку, трэба сказаць усім беларусам, што паўстаньне — гэта вельмі легітымная форма. Беларусы аказаліся «законьнікамі», на чырвонае сьвятло ходзяць рэдка, нават у выпадках, калі трэба. І трэба цярпліва, але настойліва патлумачыць, што ў нас няма ніякага спосабу пакончыць з гэтым пеклам, акрамя паўстаньня. Паўстаньне — легітымная форма, прапісаная ў ААН.
(З Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека: «Неабходна, каб правы чалавека ахоўваліся ўладай закону з мэтай забесьпячэньня таго, каб чалавек ня быў вымушаны ўжываць, у якасьці апошняга сродку, паўстаньня супроць тыраніі і прыгнечаньня». — РС).
У дадзеных абставінах у нас няма іншага выбару, нам давядзецца зьдзейсьніць подзьвіг. Я спадзяюся, што Радыё Гаага падрыхтуе беларусаў да гэтага.
Пра сваю ролю
— Карыстаючыся важным правілам «Заклікаеш — рабі», я хацеў бы ўзначаліць такое паўстаньне. Дзеля гэтага, як вы разумееце, давядзецца перайсьці мяжу як у пераносным, так і ў фізычным сэнсе. Калі ў Саакашвілі атрымалася, значыць, атрымаецца неяк і ў нас. Сапраўды, выбару ў нас ніякага няма. Мы да гэтага ўсе прыйдзем. У мяне няма ніякага жаданьня пасварыць «неверагодных» з радыкаламі, у мяне ёсьць жаданьне ўсіх абʼяднаць, бо ў гэтым будзе вялікая сіла.
У мяне не было трансфармацыі поглядаў за апошнія паўтара года. Я цудоўна разумеў, што тады нам не хапіла тэмпэрамэнту. У нас няма іншага шляху, акрамя паўстаньня і актыўнага супраціву... У гэтым сэнсе мае пляны ніяк не зьмяніліся. Іншая справа, што каб гэта ажыцьцявіць на масавым узроўні, трэба прыкласьці вялізарныя намаганьні. Размаўляючы зь сілавікамі, разумеючы, што ў іх у галаве, можна наблізіцца да гэтай мэты. У мяне заняло шмат месяцаў, каб залезьці да іх у галаву і зразумець, як яны думаюць.
Пра плян перамогі
— У мяне быў уласны плян, як перамагчы гэтую «фашысцкую гідру». Першым пунктам пляну было абʼяднаньне ўсіх апазыцыйных сілаў у адзіны моцны кулак, у вэртыкальна пабудаваны штаб з разуменьнем, што мы на вайне, што павінны быць рэсурсы і розныя аддзелы — ад выведкі, контравыведкі да міністэрства фінансаў. Гэта павінна быць адзіная вельмі крутая структура. Сыстэма павінна ваяваць з сыстэмай. Я з жалем канстатую, што на гэтым першым кроку мы ўжо спатыкнуліся і, нягледзячы на ўсе намаганьні, маем імітацыю адзінства, а не адзіны вэртыкальны кулак. Мы ня маем сыстэмы, якая можа эфэктыўна змагацца.
Пра ролю замежжа
— Я вельмі паважаю Арцёма Шрайбмана. Ён лічыць, што замежжа зрабіць многага ня можа, што яно можа быць прадстаўніком пратэсту, МЗС пратэсту. Дазволю сабе з гэтым не пагадзіцца. Я лічу, што за мяжой можна выбудаваць вельмі моцную архітэктуру і сыстэму, якая ў стане контратакаваць і рыхтавацца да наступу.
Пра жыцьцё па менскім часе
— Я жыву па менскім часе. Я знаходжуся ў коле сяброў, гэта і вайскоўцы, і цывільныя асобы. Не адчуваю пад сабой ані Варшавы, ані Вільні. У бытавым пляне жыцьцё сапраўды зьмянілася. Раней я, як і ўсе, вынаходзіў свае спосабы ратавацца ад гэтага душнага паветра. Напэўна, жанчыны і віно былі адным са спосабаў справіцца з гэтай задухай. Цяпер я жыву зусім іншым жыцьцём і зрэдку дазваляю сабе келіх віна. Увесь свабодны і несвабодны час я падпарадкаваў толькі аднаму. У мяне сапраўды ёсьць комплекс «пацан сказаў, пацан зрабіў». Сказаў я шмат. Ніколі не хацеў быць пустазвонам. І я ўсё зраблю, каб гэта ажыцьцявіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў выклікаў Лукашэнку на баксэрскі бой. ВІДЭАПра каманду
— Гэта сыстэмная праца. У аднаго гэта не атрымаецца. У мяне ёсьць каманда аднадумцаў. Я не магу сказаць, што мне ўдалося пераканаць віленскі штаб. Сьвятлана на нашай сустрэчы на эканамічным форуме паабяцала мне 15 хвілін. Спадзяюся зноў зь ёй пагаварыць тэт-а-тэт. У мяне было ўжо некалькі такіх сустрэчаў. Я разумею, што мы разыходзімся ў прынцыпах і падыходах. Але хто ведае, магчыма, цяпер, азіраючыся на тое, што зроблена, я змагу данесьці і атрымаць зваротную рэакцыю адтуль. Гэта вельмі важна. Ніколі ў гісторыі беларускага супраціву нам такія карты ў рукі не прыходзілі. Гэтыя карты дакладна знаходзяцца ў Вільні. Яны даюць магчымасьць рэсурсаў, і гэта вельмі важна, бо з такімі рэсурсамі можна контранаступаць, атакаваць, можна сапраўды падрыхтаваць пасіянарнае паўстаньне.
Пра тое, чаму ня варта азірацца на Пуціна
— Адна з мэтаў радыёстанцыі «Радыё Гаага» палягае ў тым, што беларусаў трэба пераканаць, каб яны не азіраліся на Пуціна і не баяліся гэтай пагрозы. У нас сапраўды няма выбару, нам давядзецца праз паўстаньне забраць уладу, і калі мы робім гэта ў такім ключы, то адначасна абараняемся ад пуцінскай агрэсіі. Войскі ён не ўвядзе. Ня трэба глядзець, на што яны там дамовіліся ў Маскве, ня трэба глядзець, як ён прадае рэшткі нашага сувэрэнітэту. Гэта ня той фокус. Важна сканцэнтравацца на тым, як мы скончым з гэтым рэжымам. На мой погляд, агрэсія будзе гібрыдная, гэта будзе гібрыдная вайна, інфармацыйная і эканамічная, і нейкія мускулы на мяжы. Ні ў якім разе не зьвяртаць увагі, вучыцца ў украінцаў супраціву і нацыянальнаму духу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала і Пракоп’еў стварылі фонд для сябраў выбарчых камісій, якія раскажуць пра фальсыфікацыіПра актыўнасьць у сеціве
— Я кожны дзень трымаю сябе настроеным на падзеі ў Менску і спадзяюся, што не ператваруся ў адарваную ад рэалій істоту. Гэта павінен рабіць любы чалавек, які мае шанец выбудаваць з-за мяжы нейкую пераможную стратэгію. «Радыё Гаага» — ня толькі радыёстанцыя, але і ваенны інструмэнт. Не хачу я быць тэлекамэнтатарам, бо і так дастаткова гаварыльні, але бяз слоўнай і вэрбальнай камунікацыі таксама нельга выбудаваць пераможную стратэгію. Я не хацеў вяртацца ў мэдыя, але разумею, што цябе нават прыхільнікі перастаюць слухаць, калі ты не прысутнічаеш у мэдыя. Жахлівая прыкмета XXI стагодзьдзя. У чым сіла, брат? Сіла ў лайках. Спадзяюся, што мне не наканавана ператварыцца ў эмігранта-відэаблогера. Камусьці трэба быць сяржантам марской пяхоты і рыхтаваць салдат да таго, што перамога магчымая, незалежна ад стратаў. На гэта трэба працаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Веру ў больш аптымістычны сцэнар», — Латушка расказаў, калі гэта ўсё можа скончыццаПра тое, калі і як гэта скончыцца
— Мне вельмі прыкра гэта казаць, але ў нас будуць страты, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Мы павіны зрабіць усё магчымае, і тут замежжа адыгрывае вельмі вялікую ролю, каб гэтыя страты былі мінімальныя. Страляць ён будзе... Калі гэта скончыцца? Тады, калі мы будзем гатовыя. Ці магчымы такі пасіянарны выбух, які канчаецца паўстаньнем і ўцёкамі праціўніка? Магчымы. Як зразумець, што ён магчымы? Тады, калі мы адчуваем сапраўдны супраціў. Цяпер супраціў ідзе, але аналяг францускага рэзыстансу дасьць магчымасьць беларусам зразумець, што балянс сіл зьмяніўся і што ў гэтага паўстаньня магчымы посьпех.
Калі беларусы прадэманструюць волю да перамогі нават у гэтых жахлівых рэакцыйных умовах, у нас дакладна ёсьць вялікі шанец. Калі мы будзем чакаць, што вонкавыя сілы, Байдэн і Пуцін за сталом за нашай сьпінаю будуць дамаўляцца пра наш лёс, то мы не суб’ект, а абʼект, і мы заўсёды будзем лялькай у геапалітычных гульнях. Мы ня можам гэтага дапусьціць.