14 верасьня папа Рымскі Францішак прызначыў новага мітрапаліта Каталіцкай царквы ў Беларусі. Ім стаў дапаможны біскуп Горадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Амаль год у Беларусі не было галавы каталікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікіСем фактаў пра архібіскупа Юзафа Станеўскага
1. Юзафу Станеўскаму 52 гады. Ён нарадзіўся ў вёсцы Занявічы Індурскага сельсавету пад Горадняй. Хадзіў у школу ў Луцкаўлянах, потым вучыўся ў вайскова-тэхнічнай школе. Адслужыў у войску.
2. Вучыўся ў духоўнай сэмінарыі ў Горадні, навуковую ступень атрымаў у польскім Любліне. Як парафіяльны сьвятар служыў каля году — у Ваўкавыску.
3. Шэсьць гадоў быў прэфэктам духоўнай сэмінарыі ў Горадні, то бок займаўся выхаваньнем клерыкаў, сачыў за дысцыплінай (1999–2005). Дзевяць гадоў быў рэктарам сэмінарыі (2005–2014). Пэўны час займаў пасаду судзьдзі ў касьцельным судзе.
4. На біскупа яго высьвяцілі ў 44 гады адначасна зь біскупамі Юрыем Касабуцкім (Менск) і Алегам Буткевічам (Віцебск), заўважнымі ў беларускім грамадзкім жыцьці.
5. Увесь час з 2013 году ён быў дапаможным біскупам у Горадні, асноўным — біскуп Аляксандар Кашкевіч.
6. 13 жніўня 2020 году ён выказаўся ў сваім блогу пра падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Біскуп Станеўскі заклікаў казаць адзін аднаму праўду, а таксама дараваць зло і «перамагаць зло дабром».
7. Падпісаў публічную заяву, калі летась архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь. У заяве гаварылася, што такі ўчынак недапушчальны, адначасна яго назвалі «прыкрым непаразуменьнем». Станеўскі на сваёй машыне забраў Кандрусевіча зь мяжы, калі таго нарэшце ўпусьцілі ў Беларусь пасьля чатырох месяцаў у выгнаньні.
«Ён умее сабраць вакол сябе людзей»
Прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы ксёндз Юры Санько сказаў, што Касьцёл «дзякуе Богу, бо ўрэшце мае мітрапаліта, якога чакалі амаль год». Сам ксёндз Юры вучыўся ў духоўнай сэмінарыі, калі Юзаф Станеўскі быў тае сэмінарыі прэфэктам.
«Гэта дастойны кандыдат, які зможа выпрацаваць напрамкі далейшага разьвіцьця Касьцёла. Гэта чалавек, які ўжо вельмі шмат сіл прыклаў для разьвіцьця беларускага Касьцёла», — сказаў ксёндз Юры Санько.
Ён нагадаў, што архібіскуп Юзаф — «сьвятар з нашай зямлі».
«Гэта вельмі важна. Касьцёл у Беларусі мае вялікую радасьць, бо маем сапраўды дастойнага, адукаванага кандыдата, ужо не кандыдата, а мітрапаліта», — кажа прадстаўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі.
На ягоную думку, ад новага кіраўніка найперш варта чакаць пераезду ў Менск.
«Па-першае, мітрапаліт павінен заняць сваю катэдру. Зразумела, што ён агулам ведае, як выглядае жыцьцё ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Але ён напэўна захоча пазнаёміцца з кожнай парафіяй», — мяркуе прэсавы сакратар касьцёла.
Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі выказалі думку, што новы кіраўнік, які паходзіць з Горадзенскай вобласьці, можа імкнуцца да палянізацыі Каталіцкай царквы. У адказ на такія закіды прэсавы сакратар Касьцёла параіў даведацца бліжэй, што ён за чалавек.
«Вельмі лёгка пісаць і навешваць ярлыкі на асобу, калі яе ня ведаеш. Калі мы паглядзім на дынамічнае разьвіцьцё Касьцёла ў Беларусі, мы бачым, што з кожным годам Касьцёл мацнее, бо для служэньня прыходзіць усё больш і больш сьвятароў, якія нарадзіліся на нашай зямлі і верай і праўдай служаць Богу і людзям на Бацькаўшчыне», — адказаў ксёндз Санько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю дзяржавы». Улады адрэагавалі на публікацыю ў «Мінскай праўдзе»Моцнымі бакамі новага ачольніка беларускіх каталікоў ён назваў ягоную добрую адукацыю, валоданьне сваёй асноўнай спэцыялізацыяй — кананічным правам.
Ксёндз Юры Санько падзяліўся таксама назіраньнямі за біскупскім служэньнем Юзафа Станеўскага.
«Гэта чалавек зь вялікім сэрцам. Калі мы паглядзім, як ён ставіцца да людзей, як ён умее сабраць вакол сябе людзей, ён умее быць адначасова і сур’ёзным, і простым. Напрыклад, апошняя навіна пра аднаўленьне арганаў у Фарным касьцёле ў Лідзе. Ён не пасаромеўся, падняўся на хоры, асьвяціў, сеў, пару акордаў зайграў. Нам патрэбны такі архібіскуп, такі чалавечны, які ня будзе закрывацца ад людзей, які зьяўляецца сапраўдным пастырам свайго Касьцёла, свайго народу. Я лічу, што гэта яго вельмі адметная рыса», — сказаў ксёндз Юры Санько.
«Гэта вельмі прымальны кандыдат для ўладаў»
Сьвецкі каталіцкі вернік, абазнаны ў жыцьці Каталіцкай царквы, які пажадаў застацца ананімным, патлумачыў, што працэс абраньня мітрапаліта цалкам закрыты ад грамадзкасьці.
«Мы ня ведаем, якія крытэры бралі пад увагу. Напэўна, нунцый Антэ Ёзіч (прадстаўнік папы Рымскага ў Беларусі. — РС) зьбіраў думкі сьвятароў, перадаваў іх касьцельным уладам. Думаю, глядзелі на супрацу з уладамі, адносіны ўнутры Каталіцкай царквы, стасункі кандыдата са сьвятарамі», — мяркуе вернік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Касабуцкі: Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолягаўЁн адзначае, што архібіскуп тэарэтычна мог бы адмовіцца ад пасады, але гэтага не зрабіў.
«З пункту гледжаньня супрацы з уладамі лёгіка бачная. Гэта вельмі прымальны кандыдат для ўладаў. Біскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандар Кашкевіч — адзіныя біскупы, якія не асудзілі сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў. Няма ліста, падпісанага прозьвішчам Юзафа Станеўскага, дзе ён публічна асуджае гвалт пасьля выбараў 2020 году», — кажа суразмоўца.
Аднак ён падкрэсьлівае, што намінацыя Юзафа Станеўскага на мітрапаліта нечаканая ня столькі праз фактар супрацы з уладамі, колькі празь ягоны статус унутры Каталіцкай царквы.
«Ён быў заўсёды ў цені. Ён ня славіцца як прапаведнік, у яго рэпутацыя па-за Горадзенскай дыяцэзіяй ніякая, ні станоўчая, ні адмоўная. Ён тыповы прадстаўнік Горадзенскай дыяцэзіі, які жыве ў сваім сьвеце. Яго на месцы паважалі, бо шмат гадоў ён быў прэфэктам і рэктарам сэмінарыі і далей падтрымліваў кантакты са сьвятарамі», — мяркуе суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч пра вяртаньне ў Беларусь: «Пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля!» ВІДЭАНа ягоную думку, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у свой час задаў высокі статус архібіскупа і мітрапалітальнай курыі.
«Тадэвуш Кандрусевіч вядомы ў сьвеце. Ён вельмі адукаваны, ведаў некалькі замежных моваў, працаваў у Маскве, пазьней працягваў падтрымліваць там кантакты. Архібіскуп Станеўскі размаўляе толькі на расейскай, польскай і беларускай мовах. Хто бываў на ягоных казанях, гэта іншы ўзровень публічнага выступу», — выказвае думку вернік.
Паводле ягоных назіраньняў, Кандрусевіч выбудоўвае структуру пропаведзі, у ёй можна прасачыць пытаньні маральнай тэалёгіі, як іх выкарыстоўваць у сучасным сьвеце, ён камэнтуе сучасную беларускую сытуацыю. Пропаведзі ж Станеўскага асабліва не адметныя, суразмоўцы цяжка было ўспомніць яскравыя прамовы новага мітрапаліта.
«Гэта традыцыйны ксёндз, які любіць куртуазію, у тым сэнсе, што ў яго традыцыйнае стаўленьне да біскупа, што яму трэба цалаваць пярсьцёнак. Ён любіць пералічваць тытулы, хоць многія ў Касьцёле ўжо не ўжываюць разгорнутых тытулаў, а прадстаўляюць па-простаму, прыкладам, ксёндз-пробашч з такой і такой парафіі», — працягвае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Вячаслаў Барок: перамены ў Беларусі адбудуцца хутка, бо іх хочуць і прыхільнікі ўлады, і народУ той жа час ён ня думае, што архібіскуп з Горадзеншчыны значна памяняе каталіцкае жыцьцё ў Менску.
«У Каталіцкай царкве ёсьць свая экасыстэма, лідэры думак. Нельга прыйсьці і перафарматаваць усё пад сябе, як было заведзена ў Горадзенскай дыяцэзіі, асабліва калі ён сутыкнецца з супрацівам. Думаю, ён шмат пакажа ў першыя гады, але гэта могуць быць і пазытыўныя, і нэгатыўныя зьмены», — кажа суразмоўца.
«Сам сябе архібіскуп называе палякам»
Каталіцкі сьвятар Горадзенскай дыяцэзіі, які пажадаў застацца ананімным, падзяліўся думкай, што архібіскуп Юзаф Станеўскі — самы памяркоўны з усіх кандыдатаў на гэты пост, самы прымальны для ўладаў.
«Я яго паважаю як сьвятара і біскупа. У чалавечым пляне таксама да яго добра стаўлюся», — кажа сьвятар.
Магчымасьць палянізаваць Беларускую каталіцкую царкву суразмоўца назваў «бздурамі».
«Ніхто сёньня ня будзе нікога палянізаваць: ня тыя часы, ня тыя людзі. Няма чаго перарабляць на палякаў беларусаў Магілёўшчыны. Касьцёл агулам сёньня нікога не палянізуе. Шмат дзе нават на Горадзеншчыне ёсьць імшы на беларускай мове. Сам сябе архібіскуп Юзаф называе палякам, захоўвае сваю нацыянальную адметнасьць. Я думаю, гэта добра», — кажа сьвятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікіНовага кіраўніка Каталіцкай царквы чакалі амаль год
Пасада каталіцкага мітрапаліта стала вакантнай у Беларусі пасьля адпраўкі на пэнсію архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
31 жніўня 2020 году беларускія памежнікі не прапусьцілі архібіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі і заклікаў яго спыніць. Яму дазволілі вярнуцца пасьля чатырох месяцаў у выгнаньні.
3 студзеня 2021 году, у дзень, калі мітрапаліту Менска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, папа Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў адміністратара архідыяцэзіі — біскупа Казіміра Вялікасельца. Нягледзячы на дасягненьне герархам гранічнага ўзросту для служэньня (75 гадоў), папа Францішак дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі прынамсі яшчэ 2 гады. Казімір Вялікаселец застаецца дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.