Прычым усё больш стала хварэць дзяцей і маладых людзей. Улады пакуль стрымана рэагуюць на рост захворваньня, істотных абмежавальных захадаў ня ўводзяць. Што адбываецца — у нашай публікацыі.
Масава хварэюць студэнты і рабочыя заводаў
Тэлеграм-канал «Белые халаты. News» са спасылкай на «Беларускае аб’яднаньне рабочых» паведамляе пра ўспышку каранавірусу на менскім электратэхнічным заводзе (МЭТЗ).
«У 16-м цэху хварэюць практычна ўсе, у 9-м цэху эпідэмія толькі пачынае распаўсюджвацца. Людзей не хапае, кіраўнікі выклікаюць людзей з адпачынкаў», — паведамляецца ў тэлеграм-канале. Адміністрацыя прадпрыемства не камэнтуе гэтую інфармацыю.
Чытачы Свабоды таксама пішуць, што паболела хворых на COVID-19 апошнім часам сярод студэнтаў, якія вярнуліся з вакацый.
Студэнт адной зь менскіх ВНУ, які жыве на найманай кватэры, паведаміў нам, што, не зважаючы на хваробу, адпрацоўкі прапушчаных заняткаў платныя, і студэнты вымушаныя хворымі хадзіць на заняткі.
«Сытуацыя з „каронай“ ва ўнівэрсытэце дрэнная. Аднагрупнікі хварэюць, але ходзяць на пары, бо адпрацоўкі платныя. Адна дзяўчына нават закрывала бальнічны, таму што ёй не перанесьлі б пераздачу і давялося б здаваць з камісіяй. Мне далі бальнічны на тыдзень. Калі я запытаўся, ці будзе кантрольны тэст, мне адказалі адмоўна. То бок я магу нават не далячыцца, і мне давядзецца ісьці на вучобу, бо мяне могуць пазбавіць стыпэндыі за пропускі і прымусяць платна адпрацоўваць прапушчаныя пары».
У рэгіёнах хворыя ляжаць у калідорах, балёны не запраўляюць кіслародам
Яшчэ адзін чытач Свабоды паведамляе, што ягонага бацьку паклалі на абсьледаваньне з прычыны іншай хваробы, а ў 10-м сталічным шпіталі заразілі каранавіруснай інфэкцыяй.
«Бацька памёр ад ковіду. Паклалі на абсьледаваньне ў аддзяленьне гастраэнтэралёгіі 10-га шпіталя, а там заразілі ковідам. Ня вельмі стараліся вылечыць. Сказалі, што „штам тыпу „мю“, мы ня ўмеем яго лячыць, проста глядзім“. У каго ёсьць старыя, не дапускайце іх да паліклінік і тым больш да бальніц. Уся 10-я бальніца да адказу забітая „ковіднымі“», — піша чытач Свабоды.
У Воршы складана зрабіць ПЦР-тэст. Да таго ж чакаць выніку трэба ня суткі, як раней, а па некалькі дзён, расказвае іншы чытач Свабоды.
«У мінулыя выходныя ў Воршы захварэла 120 чалавек (з тэстам на ковід), далей 80–100 чалавек кожны дзень. Калі раней тэст рабілі за суткі, то цяпер даводзіцца чакаць некалькі дзён. Чалавек, які ляжаў у шпіталі, расказваў, што цяжкія хворыя, для якіх выдзелены паверх, могуць ляжаць і ў калідоры. У горадзе цэлая лякарня аддадзеная пад ковід».
У інфэкцыйным аддзяленьні № 2 Маладачанскага шпіталя № 1 мэдпэрсанал часьцяком не правярае, ці запраўленыя балёны кіслародам, скардзіцца чытачка.
«Маці ў шпіталі, у інфэкцыйным аддзяленьні № 1. Прывезьлі яе туды таму, што доўга трымалася высокая тэмпэратура і дома станавілася горш. У аддзяленьні яе перавялі на кісларод, бо сатурацыя пачала зьніжацца. А мэдсёстры не кантралююць і не правяраюць узровень запраўленасьці балёнаў для падачы кіслароду. Маці мне тэлефанавала і раніцай, і ўвечары, і ўначы, каб я пазваніла на пост і папрасіла мэдыкаў заправіць балён, бо ён вельмі доўга быў парожні. Яна ляжала і чакала, а калі канкрэтна станавілася горш, уставала і шукала па аддзяленьні мэдпэрсанал... Хоць чалавеку проціпаказаная фізычная нагрузка. Дактары баяцца заходзіць у „брудную зону“. Раз на дзень зойдуць, а потым адказваюць, што, маўляў, з вашым сваяком усё добра, не перажывайце. А калі маці перавялі ў рэанімацыю, стала зразумела, што нядобра!» — кажа жанчына.
У Салігорску хварэюць цэлымі сем’ямі, піша яшчэ адна чытачка Свабоды.
«У шпіталі з ковідам маці, тата, пляменьнік, цётка. Сястра зь дзіцем таксама з ковідам, але дома. У маці стан цяжкі — 40% паражэньня лёгкіх. А днямі памёр дзядзька 1946 году нараджэньня, ніякіх спадарожных хваробаў ня меў, нічога сур’ёзнага ня выявілі. Дактары робяць усё магчымае, я так мяркую. Размаўляла з мэдсястрой з пульманалёгіі, яна сказала, што вельмі цяжкія зьмены, шмат сьмерцяў».
Афіцыйная статыстыка: набліжаемся да 2 тысяч у суткі. У некаторых рэгіёнах — анамалія
Паводле афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя, за апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1888 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. 12 верасьня — 1907 новых выпадкаў, 11 верасьня — 1887. Кожныя суткі паміраюць 11–12 чалавек.
Мяркуючы па рэгіянальнай прэсе, у некаторых раёнах сытуацыя трывожная і істотна адрозьніваецца ад агульнай сытуацыі, якую прадстаўляе Мінздароўя.
За жнівень колькасьць інфікаваных COVID-19 у Вушацкім раёне вырасла ў 5 разоў, піша мясцовая газэта «Патрыёт». На пачатку жніўня хворых на каранавірус было 10 чалавек, на пачатку верасьня — у 5 разоў больш, паведаміла галоўная лекарка ЦРБ Анжаліка Міранкова.
Прычым яшчэ ўвесну хворых на ковід з Вушачаў накіроўвалі ў профільныя ўстановы Полацку, Наваполацку, а цяпер яны лечацца на месцы. Трэцяга верасьня ў шпіталі інфэкцыйнае аддзяленьне цалкам перапрафілявалі пад каранавірус. Пры неабходнасьці будуць перапрафіляваць і іншыя аддзяленьні.
На мінулым тыдні загадчык раённай паліклінікі Андрэй Кацічаў прывёў у раёнцы «Свабоднае слова» такія лічбы: у Рагачове на ковід перахварэлі 9959 чалавек (пры насельніцтве 33 тысячы). У Рагачоўскім раённым шпіталі перапрафілявалі два аддзяленьні: інфэкцыйнае і тэрапэўтычнае. Гэта 85 ложка-месцаў. 94 чалавекі хварэюць, 65 — у стацыянары.
У Менскім гарадзкім інфэкцыйным шпіталі дагэтуль няма апарата для КТ
Першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан адзначыла, што апошнім часам назіраецца павелічэньне захворваньня на COVID-19.
«Гэта чакана: прыйшоў штам „дэльта“. За летні час сыстэма аховы здароўя падрыхтавалася да ўздыму захворваньня: нарасьцілі запасы лекавых сродкаў, сродкаў індывідуальнай засьцярогі, значна павялічылі колькасьць пунктаў падачы кіслароду. Мы далі адпачыць нашаму пэрсаналу: людзі максымальна змаглі пайсьці ў адпачынак падчас пэрыяду, калі адзначаўся нізкі ўзровень захворваньня... Інфэкцыя вельмі непрадказальная. Наша задача — забясьпечыць гатоўнасьць сыстэмы», —цытуе чыноўніцу афіцыйны тэлеграм-канал Мінздароўя.
Аднак дагэтуль у Менскім гарадзкім інфэкцыйным шпіталі, які амаль увесь перапрафіляваны пад лячэньне каранавірусу, няма абсталяваньня для кампутарнай тамаграфіі.
«Выпісаўся нядаўна з інфэкцыйнага шпіталя. Дзіўная сытуацыя: там няма апарата для КТ. Спачатку хворых лечаць, а потым вязуць куды-небудзь у іншую ўстанову на КТ. Мне пашанцавала: зрабілі яшчэ да шпіталізацыі па накіраваньні з паліклінікі КТ у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі. Суседа па палаце вазілі ў сухотны дыспансэр, другога яшчэ некуды», — піша чытач Свабоды.
Інфэкцыяніст Мікіта Салавей таксама заклапочаны, што цяжка хварэць пачалі дзеці і маладыя людзі. І настойвае на прышчэпках.
«Захворвальнасьць пайшла ўгару, стацыянары паступова перапрафілююцца. Цяжка хварэюць дзеці, і ўсё больш — маладыя людзі безь якіх-небудзь фактараў рызыкі. А ў кожным з рэгіёнаў краіны не вакцынаваныя і 20%. Многія нашы пацыенты з COVID-19 кажуць, што, вярнуўшыся ў мінулае, абавязкова б вакцынаваліся. На жаль, некаторыя зь іх альбо іх сваякоў ужо ніколі ня змогуць зрабіць ніводнай прышчэпкі... Прыміце адно з правільных рашэньняў на сёньняшні дзень — вакцынуйцеся!» — піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку доктар-інфэкцыяніст Мікіта Салавей.