Сьцісла
- Дзякуючы артыкулу Зянона Пазьняка ў беларускім грамадзтве пачалася зьмястоўная і карысная дыскусія наконт санкцыяў
- Зразумець заходнюю матывацыю санкцыяў дапамагае зьмястоўная аналёгія з крымінальным пакараньнем за злачынства ў межах нацыянальнага заканадаўства
- Выпраўленьне злачынцы — толькі другасная і пажаданая мэта крымінальнага пакараньня
- А першасныя — гэта адплата грамадзтва за парушэньне правілаў і ўрок для іншых, што парушэньне правілаў мае пэўную цану пакутаў
- Міжнародныя санкцыі, як і крымінальнае пакараньне за злачынства ў межах нацыянальнай праўнай сыстэмы, — гэта найперш сродак пакараньня, а не выпраўленьня
Дзякуючы артыкулу Зянона Пазьняка ў беларускім грамадзтве пачалася зьмястоўная і карысная дыскусія наконт санкцыяў, іх сэнсу, эфэктыўнасьці і магчымых наступстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянон Пазьняк заклікаў прыпыніць заходнія санкцыі і пачаць перамовы з рэжымам ЛукашэнкіУ асноўным спрэчкі факусуюцца вакол пытаньняў, ці спрыяюць санкцыі рэпрэсіям адносна беларускай грамадзянскай супольнасьці і ці падштурхоўваюць яны афіцыйны Менск да больш шчыльнага збліжэньня з Расеяй.
Але менш увагі аддаецца заходнім матывацыям, заходняй лёгіцы ўвядзеньня санкцыяў. Беларусы могуць выступаць за ці супраць санкцыяў, лабіяваць іх узмацненьне ці аслабленьне, але ня варта забываць, што ўводзіць ці касуе санкцыі Захад.
І яго матывы могуць не супадаць з матывамі беларусаў.
І зразумець гэтую заходнюю матывацыю дапамагае зьмястоўная аналёгія з крымінальным пакараньнем за злачынства ў межах нацыянальнага заканадаўства. Не з пакараньнем палітвязьняў у Беларусі, а наагул з інстытутам крымінальнага пакараньня ў любой краіне.
Ці зьяўляецца мэтай крымінальнага пакараньня выпраўленьне злачынцы, прадухіленьне паўтарэньня ім злачынных учынкаў?
У ідэале такая мэта прысутнічае. Але далёка не заўсёды яна дасягаецца. Зьняволеньне, пакараньне можа толькі азлобіць злачынцу, умацаваць яго ў злачынных намерах, ён можа набрацца вопыту ўчыненьня злачынстваў ад калегаў па зьняволеньні і зноў учыняць злачынствы пасьля вызваленьня.
Дык тады атрымліваецца, што мэта пакараньня не дасягаецца, бо яно прыводзіць да адваротных вынікаў?
Не, дасягаецца. Бо выпраўленьне злачынцы — толькі другасная мэта крымінальнага пакараньня. А першасныя функцыі гэтага пакараньня — гэта адплата грамадзтва за парушэньне правілаў і ўрок для іншых, што парушэньне правілаў мае пэўную цану пакутаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чым мае рацыю Пазьняк? Дыскусія Карбалевіча і ПанкаўцаНу дык вось у гэтым — пэўнае падабенства зь лёгікай ужываньня міжнародных санкцыяў.
Гэта аналёгія, а ня тоеснасьць, статус кіраўніцтва сувэрэннай краіны не такі ж, як у грамадзяніна дзяржавы, на якога распаўсюджваецца праўная сыстэма гэтай дзяржавы.
Але і міжнародныя санкцыі, як і крымінальнае пакараньне за злачынства ў межах нацыянальнай праўнай сыстэмы, — гэта найперш сродак пакараньня, а не выпраўленьня.
Стане іх вынікам выпраўленьне рэжыму, на які яны скіраваныя — выдатна. Ня стане — шкада. Але пакараньне шляхам санкцыяў у любым выпадку адбудзецца.
Злачынцу-рэцыдывіста не вызваляюць ад адказнасьці на той падставе, што папярэдняе пакараньне яго ня выправіла. Наадварот, яго караюць яшчэ стражэй.
Пры гэтым строгасьць санкцыйнага пакараньня прапарцыйная важнасьці парушаных правілаў для таго, хто іх уводзіць.
Для беларускага грамадзтва шкода ад затрыманьня Рамана Пратасевіча была і ёсьць меншая, чым ад масавых рэпрэсіяў, ад тысячаў зьбітых, пакараных, зьняволеных.
А для Захаду — наадварот, бо справа Пратасевіча — гэта пра міжнародную бясьпеку ў самым прамым сэнсе, а ня ўскосна і апасродкавана, як у выпадку ўнутраных масавых рэпрэсіяў. Таму і санкцыі за захоп самалёта Ryanair былі больш жорсткія, чым за ўнутраныя рэпрэсіі.
Яшчэ раз падкрэсьлю: параўнаньне санкцыяў з крымінальным перасьледам — гэта аналёгія, і яна няпоўная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ня здымуць бязмозглыя санкцыі». Лукашэнка назваў галоўную перадумову для дыялёгуУ 2016 годзе Эўразьвяз скасаваў санкцыі адносна Беларусі не таму, што палічыў, што Лукашэнка ўжо дастаткова пакараны. Мела месца і пэўнае выпраўленьне — прынамсі, палітвязьняў вызвалілі. У выніку санкцыяў ці не, тут можна спрачацца, але іх вызваленьне адбылося, і толькі пасьля санкцыі былі зьнятыя. Так што крытэры эфэктыўнасьці, выпраўленьня як мэты, у санкцыйнай палітыцы прысутнічаюць.
Але яны не адзіныя і нават не дамінуючыя, асабліва ў кароткатэрміновым пэрыядзе. Прынамсі ў кароткатэрміновым пэрыядзе мэта санкцыяў — пакараньне само па сабе, незалежна ад яго наступстваў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.