Місія МВФ постфактум разьбіраецца, ці вартая Беларусь мільярднага траншу на барацьбу з пандэміяй

Пікет супраць выдзяленьня Беларусі сродкаў МВФ у Вашынгтоне, архіўнае фота

13 верасьня віртуальная місія Міжнароднага валютнага фонду прыступае да вывучэньня стану беларускай эканомікі.

Паводле агенцтва Reuters, місія зьвязаная з «занепакоенасьцю» ў адрасным выкарыстаньні траншу памерам амаль 1 мільярд даляраў уладамі Беларусі. Сродкі МВФ агульнай сумай 650 мільярдаў даляраў выдзяляюцца краінам сьвету ў адмысловай прапорцыі на барацьбу з пандэміяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-супрацоўнік МВФ пра тое, ці можна заблякаваць $900 мільёнаў для ўладаў Беларусі

Паведамляецца, што місія МВФ мае намер сабраць больш інфармацыі аб эканамічных тэндэнцыях у Беларусі і рэакцыі кіраўніцтва краіны на распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі. У фондзе не выключаюць, што рэжым Лукашэнкі паспрабуе пераарыентаваць сродкі глябальных крэдытных выплатаў пад свае патрэбы.

Місія пачалася ў рамках адмысловага мандату дзеля назіраньня і маніторынгу і ставіць перад сабой мэту скласьці ясную карціну эканамічнай сытуацыі і рэакцыі на COVID-19, спасылаецца агенцтва на прэс-сакратара МВФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праблема становіцца меншай на мільярд». Ці дапамогуць беларускай эканоміцы 900 млн даляраў ад МВФ

Пакуль невядома, як доўга экспэрты зьбіраюцца маніторыць беларускія рэаліі.

Раней шэраг арганізацый і прыватных асобаў выступілі супраць выдзяленьня Беларусі 923 мільёнаў даляраў дзеля барацьбы з наступствамі пандэміі. Выказваўся сумнеў, што грошы пойдуць менавіта на гэтыя мэты, і што Лукашэнка атрымае дадатковы рэсурс, каб падсілкоўваць карную сыстэму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яна пікетавала МВФ. Хто такая Марыя Забара, якую называюць беларускім голасам Амэрыкі. Відэа

Міжнародны валютны фонд не дыктуе, на што можна выдаткоўваць атрыманыя сродкі, яны аўтаматычна трапляюць у золатавалютныя рэзэрвы. Акрамя таго, гэта не крэдыт, вяртаць грошы ня трэба.