8 верасьня Віцебскі абласны суд задаволіў пазоў галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту да аршанскага моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз». Сваёй пастановай судзьдзя Марына Острыкава вырашыла ліквідаваць арганізацыю.
Кіраўнік «Зьвязу» — вядомы аршанскі палітычны і грамадзкі актывіст, праваабаронца, галоўны рэдактар сайту orsha.eu Ігар Казьмярчак. Ён не прыйшоў на суд, бо, па ўласным прызнаньні, чакаў рашэньня аб ліквідацыі.
У ліпені самога Казьмерчака затрымлівалі ў межах крымінальнай справы аб «псаваньні маёмасьці», якую потым закрылі, а яго выпусьцілі з ізалятару. Акрамя таго, Міністэрства надзвычайных сытуацый 18 ліпеня прымусова закрыла «Цудоўную краму», якая належала Казьмерчаку і гандлявала беларускай нацыянальнай сымболікай і адзеньнем, а таксама сувэнірамі, якія падкрэсьлівалі рэгіянальны калярыт Аршаншчыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Воршы спынілі крымінальную справу супраць праваабаронцы, якога двойчы затрымлівалі на працягу ліпеняАршанскае моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяз» стварылі 11 жніўня 1999 году, а 17 лютага 2000 году Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму зарэгістравала яго. Гэта было адзінае афіцыйна зарэгістраванае недзяржаўнае моладзевае аб’яднаньне Воршы. Аб’яднаньне мела тры кірункі дзейнасьці: моладзевы, гісторыка-культурніцкі і адукацыйны.
За сваю гісторыю «Зьвяз» арганізаваў дзясяткі мерапрыемстваў: інтэлектуальныя і спартовыя турніры, вандроўкі, экскурсіі, выпуск друкаваных выданьняў, экалягічныя і прававыя сэмінары. Арганізацыя таксама ажыцьцяўляла кансультацыйную дапамогу ў вырашэньні сацыяльных пытаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Воршы ўлады закрываюць краму нацыянальнай сымболікіАд сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Агулам па стане на 9 верасьня, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня-2021 ужо 135 зьліквідаваных недзяржаўных арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расстраляныя ў Воршы». Выйшла кніга пра ахвяраў сталінізму, напісаная іх нашчадкамі