Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расстраляныя ў Воршы». Выйшла кніга пра ахвяраў сталінізму, напісаная іх нашчадкамі


Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Аршанскія актывісты выдалі кнігу пра «расстрэльныя» мясьціны, адно зь якіх, урочышча Кабыляцкая гара, было афіцыйна прызнана месцам пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій яшчэ раней за менскія Курапаты. І пра лёс рэпрэсаваных, зьвесткі пра якіх сабралі нашчадкі.

Кніга была прэзэнтаваная падчас круглага стала, прысьвечанага мэмарыялізацыі месцаў масавых расстрэлаў, які прайшоў у Воршы. Гэта пакуль толькі брашура, якая мае «дарасьці» да вялікай сур’ёзнай кнігі. Але ўнікальная яна ўжо цяпер, бо ў ёй сабраныя факты, якія доўгі час утойваліся ад шырокай грамадзкасьці.

Удзельнікі круглага стала
Удзельнікі круглага стала

Выданьне мае адмысловую структуру, якая дазволіць напаўняць яго новым зьместам па меры таго, як будуць зьяўляцца новыя дасьледаваньні, лічыць журналістка і пісьменьніца Паліна Сьцепаненка.

«Кніга мае некалькі разьдзелаў. У ёй ёсьць і храналёгія, датычная ўсталяваньня ў Беларусі сьмяротнага пакараньня — а палітычныя рэпрэсіі непарыўна зьвязаныя менавіта з гэтай зьявай, бо гэта было сьвядомае зьнішчэньне насельніцтва. І зьвесткі пра „расстрэльныя лясы“ пад Воршай, якія дасьледаваў гісторык Юрый Копцік. І галоўнае — досьвед пошукаў зьвестак пра сваіх рэпрэсаваных сваякоў. Аршанцы ўсё часьцей цікавяцца сваім радаводам, шукаюць зьвестак, у тым ліку пра рэпрэсаваных сваякоў. Таму матэрыялаў для папаўненьня кнігі будзе багата», — кажа Паліна Сьцепаненка, якая дапамагала ў складаньні кнігі.

З новай кнігай
З новай кнігай

«Расстрэльныя месцы» чакаюць помнікаў і мэмарыялаў

«Расстраляныя ў Воршы» — так называецца і грамадзкая ініцыятыва, удзельнікі якой займаюцца мэмарыялізацыяй месцаў загубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, якое было афіцыйна прызнаным месцам расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій яшчэ на пачатку 1980-х, ёсьць самаробны мэмарыял. Тут на Дзяды зьбіраюцца людзі — і актывісты, і тыя, чые сваякі згінулі ў аршанскай турме НКУС.

Мэмарыял на Кабыляцкай гары, архіўнае фота
Мэмарыял на Кабыляцкай гары, архіўнае фота
«Расстрэльны» Харкаўскі лес, архіўнае фота
«Расстрэльны» Харкаўскі лес, архіўнае фота

Яшчэ адно «расстрэльнае месца» — так званы Харкаўскі лес пад Воршай — пакуль не адзначанае належным чынам і вымагае клопату неабыякавых мясцовых жыхароў. Менавіта гэтым варта заняцца ў найбліжэйшай пэрспэктыве, мяркуюць удзельнікі «круглага стала». Таксама варта дасьледаваць гісторыю гэтых мясьцін, ініцыяваць працу навукоўцаў-археолягаў і фіксаваць усё, што выявіцца падчас дасьледаваньняў аматараў і адмыслоўцаў, лічыць Ігар Казьмярчак, старшыня моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз».

«Менавіта «Зьвяз» яшчэ ў 2012 годзе выступіў з прапановай дзяліцца ўспамінамі пра рэпрэсаваных сваякоў. Але найбольш актыўна людзі пачалі зьвяртацца да нас апошнім часам, калі на сайце orsha.eu пабольшала матэрыялаў пра сталінскія рэпрэсіі, пасьля грамадзкай дыскусіі «Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне», — адзначыў Ігар Казьмярчак.

Прыватныя пошукі — альтэрнатыва замоўчваньню сталінскіх рэпрэсій

На думку Віктара Трацякова, рэжысэра дакумэнтальнага фільму «Чацьвёрты аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня — забойствы палітычных апанэнтаў, масавыя расстрэлы», менавіта сваякі расстраляных могуць зрабіць значны ўнёсак у асьвятленьне гэтай праблемы. Яны маюць маральнае права паставіць крыж на месцы згубы сваіх продкаў, пакуль мясцовыя ўлады ігнаруюць наяўнасьць такіх мясьцін. Сваякі могуць падаваць запыты ў КДБ і абнародаваць атрыманыя зьвесткі.

Любы досьвед прыватных пошукаў, што да лёсу расстраляных сваякоў, абавязкова мусіць распаўсюджвацца, лічыць дасьледчык Ігар Станкевіч, якому ўдалося вярнуць зь нябыту імёны ўласных родзічаў, рэпрэсаваных у 1930-я. Ён кажа, што пасьля апублікаваньня зьвестак пра ахвяраў рэпрэсій у суполцы «Кабыляцкая гара — месца масавых расстрэлаў» да яго пачалі зьвяртацца людзі, якія знайшлі сярод імёнаў расстраляных сваіх сваякоў. Таму падчас круглага стала было вырашана аб’яднаць неабыякавых нашчадкаў у суполку накшталт клюбу, каб людзі маглі дзяліцца ўласным досьведам пошукаў. І каб для іх можна было арганізаваць сэмінары або майстар-клясы па працы ў архівах або апытаньнях на мясцовасьці.

Новыя зьвесткі пра вернутыя імёны гатовы разьмясьціць мясцовы незалежны інтэрнэт-рэсурс orsha.eu. Там створаць адмысловы разьдзел, дзе будуць апублікаваныя краязнаўчыя матэрыялы Юрыя Копціка, даўняга дасьледчыка «расстрэльных» месцаў пад Воршай. І вынікі пошукавай працы нашчадкаў тых, чый лёс абарваўся ў тых мясьцінах. А з часам яны папоўняць новае выданьне кнігі «Расстраляныя ў Воршы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG